Дзень пісьменства ў Глыбокім

Дзень пісьменства ў Глыбокім

У першую нядзелю верасня Беларусь у чарговы раз адзначыла Дзень беларускага пісьменства. Цэнтрам свята стала Глыбоччына — прыгожая частка віцебскага азёрнага краю, сапраўдная калыска славутасцяў (толькі ўявіце: гэтая зямля ўзгадавала аднаго Героя Савецкага Саюза і ажно дзевяць Герояў Сацыялістычнай Працы!). Найперш свята на Віцебшчыне параўноўвалася з леташнім, якое ладзілася ў нас, у Ганцавічах. І ўражанні розніліся.
З Глыбокім знітаваны слынныя дзеячы культуры і духоўнасці, палітыкі і вучоныя. Сярод іншых, многіх — стваральнікі беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі, дзяржаўнай мовы Ізраіля Бен-Ягуда, адметных баявых самалётаў Павел Сухі і мастацкіх палотнаў Язэп Драздовіч. Памятаюць у азёрным краі паэтычны дар Алеся Дубровіча, шчодрае мецэнацтва Юзафа Корсака, дзяржаўныя справы Вацлава Ластоўскага, вайсковы талент генерала Пятра Казлова. Іх бронзавыя бюсты цяпер занялі ганаровае месца ў Скверы славутых землякоў.
Масава ўшаноўваць у камяні і метале творчых асобаў роднага краю пад час Дня пісьменства пачалі з Ганцавічаў, дзе ў 2011 годзе ўпершыню ганарова адкрывалі Алею пісьменства. Гэтую традыцыю глыбачане падхапілі, а быхаўцы (ім праз год прымаць чарговае свята кніжнасці) абяцалі прадоўжыць.
Канечне, гарады ў чаканні вялікіх імпрэзаў змяняюць да лепшага свае абліччы. Сённяшняе свята было больш масавым і стракатым (гэтаму спрыялі і памеры Глыбокага, якое большае за нашы Ганцавічы). Аднак ганцавіцкай арганізаванасці глыбаччане маглі толькі пазайздросціць. (Дарэчы, пра тое згадвалі і пісьменнікі з Віцебскай абласной суполкі). Насамрэч, берасцейцы пашчыравалі, каб Дзень пісьменства быў найперш “падараваны” пісьменнікам і іх чытачам. Віцябчане перанасыцілі і раздрабнілі свята мерапрыемствамі. Гэта міжволі “адсунула” галоўную імпрэзу на другі план: так, хораша змагаліся рыцары, выступалі парашутысты і футбалісты, гудзелі, бы вулеі, нацыянальныя падворкі, спявалі, піравалі, малявалі, нават вялізны Гандлёвы цэнтр адчынялі… а беларускае слова пакінулі, здаецца, толькі для галоўнай сцэны…
Летась у час афіцыйных выступаў афіцыйныя ж асобы, святары не-не ды збіваліся на расійскую мову. Сёлета нават віншаванні ад духоўных асобаў прамаўляліся па-беларуску. Аднак і тут не абыходзілася без лыжкі дзёгцю: надта часта сталічныя вядучыя ўкручвалі такія слоўцы, якіх не знойдзеш ні ў якіх слоўніках.
Калі ў Ганцавічах найчасцей згадвалі Якуба Коласа, дык у Глыбокім ярчэй ззяла зорка Янкі Купалы, асабліва ў выкананні цудоўных артыстаў купалаўскага тэатра.
І яшчэ назіранне, што кідалася ў вочы. У Ганцавічах амаль незаўважнай заставалася ахова. На глыбоцкую плошчу ля райвыканкама, дзе разгортвалася галоўная дзея, можна было патрапіць толькі праз металічную брамку і пад пільным наглядам міліцыі.
Затое калі госці пераадольвалі гэты кардон, адразу траплялі ў шырокія абдымкі свята. Вялікі канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г.Цітовіча, выставы ўмельцаў і народных майстроў Віцебшчыны, прэзентацыі навінак сучаснай беларускай літаратуры, густоўна аформленыя выдавецкія павільёны клікалі да сябе наведвальнікаў.
На жаль, сёлета творцы з Брэстчыны не былі ўзнагароджаны статуэткамі Купідона. І яшчэ сярод уладальнікаў галоўнай узнагароды так і не з’явілася новых імёнаў. Лаўрэатам Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор стаў Васіль Жушма з Іванава, уганараваны ў намінацыі “дзіцячая літаратура”. Берасцейцы шчыра віншавалі земляка з гэтым поспехам.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: берасцейскія літаратары на Дні беларускага пісьменства (крайні справа — лаўрэат конкурсу В.Жушма); у Глыбокім, на плошчы 17 Верасня быў святочна адкрыты Сквер славутых землякоў; кнігі ў той дзень можна было не толькі пагартаць.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top