Пачуць і дапамагчы

Пачуць і дапамагчы

Як вядома кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі №8 зарэгістраваны Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі, памочнік Прэзідэнта краіны, галоўны інспектар у Брэсцкай вобласці, і Людміла Сяргееўна Рамановіч, вядучы інжынер дзяржаўнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Маларыцкае ПМС”.
Цяпер паўсюдна ў краіне адбываюцца сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты са сваімі выбаршчыкамі. Першую такую сустрэчу ў гарадскім Доме культуры правёў у аўторак Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі. На яе прыйшлі ў асноўным педагогі Жабінкаўшчыны. Адкрыў яе старшыня райвыканкама М.В.Токар, які з’яўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты. Мікалай Васільевіч нагадаў выбаршчыкам асноўныя старонкі з працоўнай дзейнасці кандыдата ў дэпутаты. У прыватнасці ён сказаў, што Уладзімір Іванавіч нараджэнец з Міншчыны, закончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, узначальваў пэўны час сельгаскалектывы, быў старшынёй Чавускага райвыканкама, на кіруючых пасадах у дзяржаўным аб’яднанні “Галоўжыўпрам”. Са жніўня 2006 года — памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар у Брэсцкай вобласці. Ён кандыдат сельскагаспадарчых навук, аўтар многіх артыкулаў, у якіх даследаваў развіццё сельгасвытворчасці, быў у вытокаў узбуйнення калгасаў і саўгасаў на базе гаспадарак-інтэгратараў, ініцыятар завозу новых парод жывёлы, у тым ліку і птушкі, яе шырокага развядзення.
Затым слова ўзяў кандыдат у дэпутаты Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі, які найперш падзякаваў членам сваёй ініцыятыўнай групы, якая налічвае больш за 150 чалавек, працоўным калектывам ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, ААТ “Белавежскі” і СВК “Хаціслаўскі” за вылучэнне яго кандыдатам, а таксама тых выбаршчыкаў, што паставілі подпісы ў яго падтрымку: іх больш 6000.
“Сёмы год я жыву і працую на Брэстчыне, — гаварыў далей ён. — Бачу як развіваецца заходні рэгіён Беларусі, заадно і прыкмеціў нямала праблемаў, якія дапаможа вырашыць мой назапашаны вопыт у дзяржаўнай дзейнасці. Асноўнае, чым я займаюся цяпер, — гэта кантроль за выканаўчай уладай у ажыццяўленні ёю даручэнняў кіраўніка нашай краіны, усе гады згодна са сваімі магчымасцямі дапамагаў жабінкаўцам у вырашэнні сацыяльных, бытавых і асабістых праблем”. З вуснаў выступоўцы прагучалі такія факты: за паўгоддзе сёлета на прыём да Уладзіміра Іванавіча, як памочніка Прэзідэнта краіны, прыйшло 80 чалавек. Пытанні, з якімі звярталіся людзі, вырашаны акрамя чатырох, таму што там справы павінны разглядацца ў судзе. У ліпені-жніўні па дапамогу звярнулася 20 жыхароў нашага раёна. Пакуль толькі двум не давялося дапамагчы, так як праблемы патрабуюць больш глыбокага вывучэння і вырашэння.
Асноўная частка выступлення кандыдата ў дэпутаты была сканцэнтравана на тым, якія праблемы неабходна вырашаць у бліжэйшай будучыні на Жабінкаўшчыне. Асноўнае ў яго дзейнасці і ўсіх кіруючых органаў — далейшае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей: гэта не толькі высокая заработная плата, але і жыллё, даступная медыцынская дапамога, адукацыя, дастойная пенсія, гарантаваныя рабочыя месцы, забеспячэнне ўсяго комплексу сацыяльных стандартаў; падтрымка маладых сем’яў, стварэнне ўмоў для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі; паляпшэнне транспартных зносін сельскіх населеных пунктаў з райцэнтрам; далейшая газіфікацыя населеных пунктаў і іх добраўпарадкаванне, інш. Жабінка, як адзначалася Уладзімірам Іванавічам, адзіны горад у вобласці, дзе не выконваецца сацыяльны стандарт у асфальтаванні вуліц. У бліжэйшы час павінна завяршыцца пракладка асфальтавага пакрыцця на Лугавой і Калгаснай. Каб у асфальт у наступным годзе апрануліся вуліцы Германовіча, Скарыны (другая яе чарга), Набярэжная, Блакітная, Лесапаркавая, трэба ажыццявіць шмат іншых работ: закончыць будаўніцтва моста праз Мухавец, дзе неабходна — папярэдне пракласці каналізацыйную сістэму, каб не разбураць новае пакрыццё. Абнаўляцца вуліцы будуць у аграгарадках Ленінскі і Ракітніца, ад Сакалова да трасы Жабінка-Матыкалы, у першую чаргу, канечне, густазаселеных вёсак.
 Была звернута ўвага выбаршчыкаў Уладзімірам Іванавічам на тое, што з васьмі аграгарадкоў Жабінкаўшчыны прыродны газ прыйшоў толькі ў тры. Работы ў Хмелеве па падключэнні блакітнага паліва завершацца сёлета. У наступным годзе распачнуцца яны ў Якаўчыцах і Маціевічах, неўзабаве дойдзе чарга да Сцяпанак і Крыўлянаў, вызначыліся з крыніцамі фінансавання, аднак у план вырашэння пакуль не ўдалося ўключыць.
Напрыканцы свайго выступлення кандыдат у дэпутаты засяродзіў увагу выбаршчыкаў на праблеме, якая даўно не дае спакою кіраўніцтву раёна: будаўніцтва новага ясляў-сада ў горадзе. Дык вось, у 2013 годзе пачнецца ўзвядзенне яго на 240 месцаў, а сады, што працуюць, чакае капітальны рамонт.
А яшчэ ён заўважыў, што ў 2013 годзе завершыцца капітальны рамонт у райбальніцы, абновіцца тут шэраг фізкабінетаў, амбулаторыя агульнай практыкі і ФАП у Арэпічах, інш.
Завяршыў сваё выступленне У.І.Пузырэўскі такімі словамі: “Пачуць кожнага выбаршчыка і пры магчымасці дапамагчы”.
Потым былі пытанні з залы. Першай да мікрафона падышла старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан. Яна звярнула ўвагу на тое, чаму ў нас маладымі спецыялістамі лічацца толькі тыя, хто вучыўся ў навучальных установах на бюджэтнай аснове, толькі на іх распаўсюджваюцца льготы пры працаўладкаванні. Гэтую розніцу паміж бюджэтнікамі-студэнтамі і платнікамі пажадана ліквідаваць. Пытанне, вядома, трэба вырашаць заканадаўча.
Дырэктара СШ №2 г.Жабінка Ірыну Кашчэва хвалявала пытанне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння сучасным абсталяваннем школ, якія неўзабаве адсвяткуюць свой “залаты” юбілей.
Пасля зададзеных пытанняў былі яшчэ выступленні намесніка дырэктара ў выхаваўчай рабоце трэцяй гарадской школы Галіны Бурко і настаўніцы пачатковых класаў, старшыні прафсаюзнай арганізацыі СШ №1 г.Жабінка Ірыны Панфіла ў падтымку кандыдатуры У.І.Пузырэўскага.
***
Літаральна на наступны дзень кандыдат у дэпутаты Уладзімір Іванавіч Пузырэўскі правёў чарговую сустрэчу, на якую прыйшлі жабінкаўскія будаўнікі, вытворцы прамысловай прадукцыі, камунальнікі, дарожнікі, сувязісты, энергетыкі — усе, хто пажадаў пачуць яго, задаць пытанні, што хвалююць. Так начальнік філіяла КУП “Брэстаблдарбуд” ДРБУ №103 у Жабінцы Алег Марчанка папрасіў узнавіць у краіне дарожны фонд, што дзейнічаў да 2008 года, з якога б фінансавыя сродкі выдаткоўваліся цэнтралізавана на рамонт вуліц.
Адна з выбаршчыц папрасіла Уладзіміра Іванавіча ўнесці свой уклад у будаўніцтва храма святога Кірылы Тураўскага, што ён і зрабіў ахвотна.
Людміла КОСЦІНА.
На здымках: падчас сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты У.І.Пузырэўскім.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top