ЁН БАЧЫЎ, ЯК ГАРЭЛА ДРАМЛЁВА

ЁН БАЧЫЎ, ЯК ГАРЭЛА ДРАМЛЁВА

Сведкаў жудасных падзей 11 верасня 1942 года засталося даволі шмат. Адным з іх воляй-няволяй стаў настаяцель Сцяпанкаўскай царквы Леанід Дружылоўскі. Быў дзень Усячэнне галавы Іаана Хрысціцеля, альбо па-народнаму — Галавасек. У час, калі гарэла Драмлёва, святар вёў службу ў сваім храме…
У Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці захоўваецца ягоная асабістая справа. Яна дазваляе высветліць многія незвычайныя моманты з жыцця свяшчэнніка.
Ён нарадзіўся 7 чэрвеня 1890 года ў мястэчку Малеч паблізу Бярозы, у сям’і настаяцеля мясцовай царквы протаіерэя Фёдара Дружылоўскага.
Пачатак біяграфіі — прадказальны. Як сын святара, Леанід абірае вучобу ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы, затым — у Літоўскай семінарыі і Юр’еўскім універсітэце.
А далей — нечаканы паварот. У 1912 годзе Леанід Фёдаравіч паступае ў Чугуеўскае ваеннае вучылішча. У верасні чатырнаццатага, адразу са студэнцкай лаўкі, падпаручнік Дружылоўскі быў залічаны ў 66-ы пяхотны Бутырскі полк, які выпраўляецца на фронт Першай сусветнай вайны.
Аднак паваяваць давялося нядоўга: у лістападзе, паранены пад Лоддзю, расійскі афіцэр трапляе ў нямецкі палон. У красавіку 1919 года аб’яднаныя франка-бельгійскія войскі займаюць горад Крэфельд, што паблізу Дзюсельдорфа, і падпаручнік разам з іншымі афіцэрамі былой царскай арміі праз Канстанцінопаль (сённяшні Стамбул) быў пераве-дзены ўрадам Францыі ў армію генерала Дзянікіна. Стрымліваючы ў Новарасійску наступленне бальшавікоў, Дружылоўскі, паўторна паранены, 15 сакавіка 1920 года трапляе ў рукі Кубанскай надзвычайнай камісіі.
Праз год адбываюцца дзве падзеі, якія моцна паўплывалі на лёс Леаніда Фёдаравіча. Першая тычылася яго асабіста: у Таганрозе ад тыфу памірае бацька. Другая падзея мела глабальны характар для роднага краю: пасля Рыжскага міру землі Заходняй Беларусі апынуліся ў складзе Польшчы.
10 жніўня 1922 года ў Маскву прыбыла польская дэлегацыя. Адным з пунктаў перамоў з урадам РСФСР стаў лёс нараджэнцаў так званых “усходных крэсаў”, якія ўвайшлі ў Польскую дзяржаву. Гэткім чынам былы дзянікінскі афіцэр быў вывезены на радзіму з Маскоўскага Нова-Спаскага канцэнтрацыйнага лагера.
12 лістапада 1924 года Леанід Дружылоўскі (на той час псаломшчык Белавежскай царквы) пашлюбіў маладзейшую за сябе на тузін гадоў Марыю Латоцкую, дачку настаяцеля Сухоўчыцкага храма айца Пракопія. Неўзабаве ў сям’і нарадзіліся сыны — Анатоль і Аляксандр.
Пасля таго, як Леанід Дружылоўскі змог завершыць сваю духоўную адукацыю, ён заняў кафедру ў родным Малечы, а затым у 1932–1944 гадах быў настаяцелем у Сцяпанках.
Яму давялося хрысціць і вянчаць большасць з тых, каго 11 верасня 1942 года праглынула полымя ў Драмлёве. Аднак пазначаць пра тое ў царкоўных кнігах было строга забаронена акупантамі. Больш за тое: выйшаў загад усе запісы актаў грамадзянскага стану цяпер весці выключна ў Жабінкаўскай управе. Усе святары раёна гэтаму падпарадкаваліся, акрамя Дружылоўскага, які патаемна працягваў запісваць дадзеныя ў метрыкі. Але нават ён не адважыўся пералічыць тых, каго забілі каты. Затое пакінуў выразную пазнаку нязвыкла вялікімі літарамі: “Сентябрь. ПОГРЕБЕНІЙ НЕ БЫЛО”. Быццам спрабаваў перадаць нашчадкам нейкі знак…
У жніўні 1944 года айцец Леанід быў пераведзены ў Кобрын, дзе стаў настаяцелем Петра-Паўлаўскай цар-квы.
Яго сын Анатоль Дружылоўскі вызна-чыўся як таленавіты інжынер, узначальваў Кобрынскае ўпраў-ленне магістральных газапра-водаў. Анатоль Леанідавіч кіраваў групай спецыялістаў, якія ўзводзілі газатранспартную сістэму ў Балгарыі і Польшчы. За тое меў савецкі ордэн Дружбы Народаў і Залаты медаль будаўніка Польшчы.
Яго жонка Людміла Паўлаўна, вядомая ў Кобрыне медык, сапраўды легендарны ўрач-тэрапеўт, выдатнік аховы здароўя, памерла ў 2019-м, перажыўшы мужа амаль на трыццаць гадоў.
Іх дачка (адпаведна — унучка айца Леаніда) Ангеліна Буйноўская таксама звязала жыццё з аховай здароўя. У 1986 годзе яна стала кандыдатам медыцынскіх навук, з’яўляецца ўрачом-арганізатарам аховы здароўя I кваліфікацыйнай катэгорыі, галоўным спецыялістам па медыцынскаму турызму цэнтра па санаторна-курортнай рабоце Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта краіны. Акрамя таго, Ангеліна Анатольеўна — урач-акуліст рэабілітацыйнага цэнтра “Дом Міласэрнасці” рэлігійнай абшчыны “Прыход у гонар Усіх Святых” Мінскай епархіі. Унучка колішняга сцяпанкаўскага святара за сваю працу ўзнагароджана ордэнам Рускай праваслаўнай царквы ў гонар прападобнага Серафіма Сароўскага. Яна нярэдка прымае ўдзел у міжнародных семінарах у галіне рэабілітацыі, геранталогіі і анкалогіі.

Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымках: айцец Леанід і матушка Марыя разам з сынамі Анатолем, Аляксандрам і нявесткай Людмілай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top