Дом, у якім пяшчоты хапае кожнаму

Дом, у якім пяшчоты хапае кожнаму

Мама Алена і тата Віктар Янушы робяць усё, каб у Машы, Арцёма, Ксюшы, Юры, Аляксандры і самага маленькага Алёшы, што выхоўваюцца зараз у доме сямейнага тыпу ў Жабінцы, было шчаслівае дзяцінства. На лета ў гэтай вялікай і дружнай сям’і процьма планаў і цікавых ідэй — запланаваны святкаванне некалькіх дзён нараджэння на прыродзе, велапаход з начлегам у палатках, адпачынак у летніках і экскурсіі па гістарычных мясцінах Брэстчыны. Не абыдзецца без хваляванняў — старэйшыя Аляксандра і Ксенія — выпускніцы, будуць здаваць школьныя іспыты. 11-класніца Аляксандра збіраецца паступаць на лінгвістычны факультэт Брэсцкага ўніверсітэта. Прыемныя клопаты чакаюць прыёмных бацькоў у жніўні — у першы клас восенню збіраецца ісці агульны любімчык Лёшка, і ён з нецярпеннем чакае, калі надыдзе час выбіраць сшыткі-алоўкі, заплечнік і касцюм.
А пакуль усе дзеці радасна сустракаюць лета — увіхаюцца на кухні, пякуць разам з мамай Аленай водарны пірог з суніцамі і чакаюць гасцей з падарункамі. Неўзабаве ля ганку двухпавярховага дома спыняюцца машыны. Госці — прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама і “Беларусбанка” віншуюць хлопчыкаў і дзяўчынак з пачаткам лета. Начальнік аддзела па адукацыі жабінкаўскага райвыканкама Галіна Бурко пяшчотна прыціскае да грудзей дзяўчатак і ўзгадвае, як сама некалі 7 гадоў працавала у дзіцячым доме ў Пецярбурзе:
— Не кожны захоча рашыцца на такую працу — клапаціцца пра абдзеленых бацькоўскай ласкай дзяцей. Ды і не праца гэта, а стан душы, своеасаблівы подзвіг. Я і дагэтуль маю зносіны з тымі дзецьмі, што называюць мяне мамай. Радуюся іх поспехам і дасягненням. Яны ўжо дарослыя, самі стварылі сем’і. Толькі вось не забываюць нас, наведваюць дом, у якім выраслі. Думаецца, і ў вашым жыцці з такімі цудоўнымі мамай і татам усё складзецца на “выдатна”. А сёння мы прывезлі вам падарункі ад спонараў: веласіпед, самакат, набор кухоннага посуду, фрукты і сокі. Іх набыць дапамаглі “Беларусбанк”, ЗАТ “Консул”, ААТ “Будэкспарт”. Гэтыя карысныя рэчы вам абавязкова спатрэбяцца!
Затым гаспадары павялі гасцей за стол. У прыгожых кубачках ужо дыміўся чай, а на вялізнай талерцы красаваўся пірог. Ого, дзяўчаткі пастараліся! Ды не толькі дзеці кулінарыць умеюць — за вялізным сталом пахваліцца поспехамі і ўменнямі можа кожны юны жыхар дома. Маша, напрыклад, спявае, не аднойчы станавілася пераможцай нават міжнародных вакальных конкурсаў. Саша і Юра — валейбалісты, а Арцёму да спадобы футбол. Дарэчы, нядаўна хлопчыкі атрымалі сертыфікат на абучэнне ў камп’ютарнай акадэміі “Крок” з унушальнай зніжкай. Ксенія любіць забаўляць маленькіх дзетак, падумвае выбраць прафесію выхавацелькі ці настаўніцы пачатковых класаў. Аляксандра надзвычай прафесійна малюе і гатова гадзінамі маляваць прыгожыя мясціны Жабінкаўшчыны. Не дзіва — з такімі творчымі бацькамі ў гэтай сям’і дзеці раскрываюць таленты на ўсе 100!
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top