Осколок в сантиметрах от глаза

Осколок в сантиметрах от глаза

Асколак на цалю ад вока
Аднойчы пры сустрэчы старшыня раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку Р.С.Ліскова прапанавала:
— Звярніце ўвагу на Васіля Цаля. Чалавек ён сціплы і вельмі цікавы. Цудоўны суразмоўнік: гадзіну-другую будзеш слухаць і не надакучыць. У вайну яшчэ згубіў частку зроку, адзін асколак і сёння носіць ветэран…
І вось ў доме ў завулку Зялёны. Гадзіну-другую слухаю аповед Васіля Рыгоравіча…
Нарадзіўся ён у вёсцы Мышчыцы (зараз у межах горада), быў трэцім дзіцём у шматдзетнай сям’і. У вайну, каб не быць вывезеным у Германію, уладкаваўся на чыгунку. Пасля вызвалення раёна мог атрымаць браню (чыгуначнікаў звычайна не бралі), а ён рашыў ісці на фронт. Перад тым прыехаў афіцэр і арганізаваў маладых людзей на будаўніцтва моста цераз раку Буг, узарванага праціўнікамі пры адступленні. Восем дзён працавалі старанна, не лічыліся з часам, каб хутчэй узвесці мост. Калі на ім пераправіўся састаў на польскую тэрыторыю, будаўнікоў адпусцілі.
Таму ў ваенкамат Васіль Цаль з’явіўся толькі 12 жніўня 1944 года, калі асноўныя мабілізаваныя былі ўжо адпраўлены: хто — у вучэбную часць, а хто — на перадавую. Іх размяркоўвалі гэтак жа: на старэйшых і маладзейшых. Неўзабаве навабранец Цаль аказаўся ў Казельску Калужскай вобласці, у 373-м запасным вучэбным палку. Як вучылі быць салдатам, зараз Васіль Рыгоравіч успамінае з усмешкаю. Асноўнай “нагляднасцю” была вінтоўка-“лінейка” з дзіркай, каб не стрэліла. З ёю і трэніраваліся, адзін раз паказалі аўтамат, а болей вучылі словамі.
У лістападзе 1600 маладых байцоў адправілі на фронт. Васіль Цаль трапіў на трэці Беларускі, які вызваляў Прыбалтыку. У 252-ім палку адабралі групу для авалодвання кулямётам, у якой аказаўся і ён. За чатыры дні пад кіраўніцтвам старшыны Бялова асілілі “курс навук”. На пробных стрэльбах у Васіля было найбольш паказанняў, і ён стаў кулямётчыкам нумар адзін.
Зімой сорак пятага, ледзь стала на дзень брацца, як пачалася артпадрыхтоўка перад боем за горад Тыльзіт. Зямля дрыжала ад выбухаў, атакавалі танкісты, пяхота… Пехацінцы выбівалі ворага з дамоў, з блакіраваных падвалаў. 252-му палку пастаянна дапамагаў ручны кулямёт Дзегцярова, за якім ляжаў Васіль Цаль.
Вораг адступіў і пакаціўся да Кёнігсберга, пастаянна агрызаючыся. Такім чынам, баі межаваліся з працяглымі пераходамі. Стамляліся да паўсмерці. Аднойчы, як на “вілісе” абагнаў генерал арміі І.Д.Чарняхоўскі і заўважыў стомленасць байцоў, дазволіў камандзірам зрабіць невялічкі прывал. Добрае слова камандуючага і сёння з удзячнасцю ўспамінаецца ветэрану.
У адной з начных сутычак па трасіруючых кулях Цалеў кулямёт засёк нямецкі мінамётчык. Першая і другая міны леглі недалёка, а трэцяя трапіла ў цэль. Выручыў браніраваны кулямётны шчыток: ён прыняў на сябе асноўны ўдар. Аднак дасталося і Васілю: адзін асколак выбіў правае вока, шмат “жалеза” засела ў целе.
Васіль Рыгоравіч паказвае асколак ў цалі (старадаўняя мера даўжыні роўная 2,54 сантыметра) ад левага вока. У Інстэрбургу (сённяшні Чарняхоўск Калінінградскай вобласці) на аперацыі не змаглі яго выняць.
Затым накіравалі параненага ў шпіталь Каўнас. Пасля паўтара месяца лячэння Васіль Рыгоравіч трапіў на пункт перасылкі. Яго прызналі годным да нестраявой службы і накіравалі ў горад Бялёў Тульскай воласці ў 16-ы асобны запасны полк.
Вайна, аднак, патрабавала новых і новых салдат. Хаця Цаль застаўся з адным вокам, але ў Бялёве прайшоў паўторны ўрачэбны агляд, быў прызнаны годным для страявой службы і ў канцы красавіка 1945 года зноў накіраваны на перадавую. Да Перамогі заставаліся лічаныя дні. Але не паспелі кінуць новыя сілы ў агонь бітву, як дайшла вестка, што немцы ўсё ж здаліся.
Недалёка ад Берліна былі склады з боепрыпасамі і таварамі. Суправаджаць адзін з вагонаў, які з таварамі пайшоў у Савецкі Саюз, даверылі радавому Цалю. Вяртацца з Масквы ў Германію не мела сэнсу, бо за гэты час полк, у якім служыў Васіль Рыгоравіч, перабазіраваўся ў Днепрапятроўск.
Сюды дабраўся баец, тут служыў яшчэ 5 гадоў: ён быў дэмабілізаваны ў красавіку 1950-га. З цеплынёй згадваў Васіль Рыгоравіч аднапалчан. Асобная пашана і ўдзячнасць урачу, маёру медыцынскай службы Ганне Навумаўне Берман. Яна яшчэ раз, паклаўшы ў шпіталь, прааперыравала Цаля. Але ні ў Інстэрбургу, ні ў Днепрапятроўску, ні пазней не змаглі дастаць той асколак: так блізка ён ад вока.
І сёння, асабліва ў час пераменаў надвор’я, ён напінае аб сабе, каб не забываў ветэран пра ваеннае ліхалецце, якое выпала на долю яго пакалення.
Р.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Васіль Рыгоравіч Цаль з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top