Нябесныя вышыні і зямны паклон

Нябесныя вышыні і зямны паклон

Яшчэ з часоў, калі настаўнічаў у Якаўчыцкай адзінаццацігодцы, ведаю Зінаіду Мікалаеўну Верамейка — чалавека вельмі дасціпнага, працавітага, жыццярадаснага. З нагоды сустрэліся з ёю, каб згадаць пра яе цікавы род.
На Ілью, у грымотную ноч з 2 на 3 жніўня 1958 года, у зусім не маленькай сям’і Мальчукоў нарадзіліся двайняты: Зіна і Паша. Дачка і зараз не адарвалася ад роднай якаўчыцкай зямлі, а сын, калі прыйшоў час, далёка “паляцеў” ад сямейнага гнязда. Паляцеў — слова не вобразнае, а вельмі натуральнае, бо Павел Мальчук “прырос” да неба, стаў бортінжынерам на ваенным транспарце. Аднак яшчэ глыбей за брата ўзіраецца ў неба наймалодшы з Мальчукоў, якому бацька Мікалай Георгіевіч даў сваё імя. Мікалай-старэйшы часам гаварыў з гонарам і ўсмешкай:
— Я ўсё жыццё кароў пас, а Колька зоркі “пасе”!
У словах калгаснага пастуха было паўпраўды, давялося “пападарожнічаць”… з аўтаматам у руцэ. Было тое ў сорак чацвёртым, сорак пятым… Дамоў вярнуўся, а на грудзях — медалі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”… Хоць урокі геаграфіі праводзь па тых адзнаках смеласці! Аднак ці мог тады селянін нават марыць, што Мікалай-малодшы стане супрацоўнікам Цэнтра ўпраўлення касмічнымі палётамі, зробіць кар’еру: ад жабінкаўскай зямлі, на якой спрадвеку працавалі Мальчукі, да славутага Зорнага Гарадка і Камчаткі.
Іншыя дзеці, акрамя Зінаіды Мікалаеўны, таксама “разляцеліся”. Найстарэйшы Дзмітрый уладкаваўся на завод імя акадэміка Вавілава, звязаны з сакрэтнымі абарончымі распрацоўкамі. Васіль абраў мірную прафесію шафёра, але таксама пакалясіў па свеце. Уладзіміра лёс занёс у расійскі горад Энгельс Саратаўскай вобласці, дзе ён узначаліў факультэт Паволжскага інстытута. Сястра Валянціна — значна бліжэй, у Брэсце, працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы.
— Раней — не цяпер: сем’і былі вялікія, у іх пераважала павага да бацькоў,  і сяброўства было непарушным паміж дзецьмі, — разважае Зінаіда Мікалаеўна. — Да прыкладу, у сям’і маёй маці Вольгі Гаўрылаўны было чацвёра, а ў бацькі — ажно тузін братоў і сясцёр. Нас яны таксама выхавалі ў любові адзін да другога. Хоць і раскідала жыццё па свеце, але дасюль падтрымліваем цёплыя адносіны. “Сустракаемся” апошнім часам, на жаль, часцей у інтэрнэце. А яшчэ — у роднай Якаўчыцкай школе, дзе на самых ганаровых месцах фотаздымкі бацькі і братоў.
Свой лёс Зінаіда Мікалаеўна ўжо чвэрць стагоддзя не парывае са школай, якая некалі дала ўсім Мальчукам пуцёўку ў жыццё. Апошнія дзесяць гадоў жанчына працуе поварам на школьнай кухні, радуюе хлопчыкаў і дзяўчынак смачнымі абедамі. Тут вучыліся і яе дзеці. Віктар цяпер працуе ў ЖКГ. Выхавала яго чулым, працавітым чалавекам — па “рэцэптах”, што некалі засвоіла ад бацькоў. Такою была і Вольга. Ёй Бог не даў здароўя, але падараваў прагу да жыцця, што дазваляла шмат гадоў змагацца з невылечнымі хваробамі.
— Кожны год пачынаецца ў мяне са шчымлівых успамінаў, — гаворыць жанчына. — Абедзве мае Волі пайшлі ў іншы свет у студзені: матуля ў першы дзень года, дачушка — нявестай на Раство. Ужо дзесяць гадоў мінула, а боль жывы. І цяпер хочацца да зямлі пакланіцца тым, хто мне дапамагаў у нялёгкіх жыццёвых выпрабаваннях.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: З.М.Верамейка паказвае партрэты братоў, што праславілі родную Якаўчыцкую школу.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top