У новы навучальны — з новымі надзеямі

У новы навучальны — з новымі надзеямі


Дзяліліся вопытам і вызначалі асноўныя накірункі дзейнасці настаўнікі раёна на традыцыйнай жнівеньскай нарадзе.
Пасля летніх канікулаў для вучняў і настаўнікаў пачынаецца “гарачы” час. Першым трэба сканцэнтравацца на атрыманні ведаў, другім — распрацаваць план сваёй дзейнасці на ўвесь вучэбны год. Для таго, каб адзначыць усё лепшае, што было ў мінулым і вызначыць, на што важна звярнуць увагу сучаснаму педагогу, каб вучэбны працэс быў для навучэнцаў цікавым і эфектыўным, вялікі педагагічны калектыў раёна сабраўся на традыцыйную жнівеньскую нараду.
Змяніўся час, а разам з ім і патрабаванні да настаўніка. Акрамя таго, што ён павінен быць адукаваным і ўсебакова “падкаваным”, яму неабходна валодаць навейшымі інфармацыйнымі тэхналогіямі, гаварыць з вучнямі на “адной мове”. Сёння “настаўніцкая сям’я” раёна — гэта 624 педагогі, дзве трэціх з якіх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. 95 працэнтаў настаўнікаў — былыя студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Больш за сто кіраўнікоў і педагогаў школ зараз маюць сертыфікат карыстальніка камп’ютарнымі тэхналогіямі, і гэтая статыстыка павялічваецца з кожным годам. Якасць ведаў, як адзначыла, выступаючы на нарадзе са справаздачным дакладам Святлана Мікалаеўна Янусік, начальнік аддзела адукацыіі райвыканкама, па-ранейшаму з’яўляецца прыярытэтным крытэрыем дзейнасці, да якога неабходна імкнуцца кожнаму настаўніку. Менавіта якасць, як падкрэслівалася ў выступленні, — першы крок да эфектыўнасці. І яна складаецца з многіх напрамкаў…
…Інавацыі ў веды — інвестыцыі ў будучыню
Вучань ХХІ-га стагоддзя не пакутуе ад інфармацыйнага голаду, бо пад рукой у яго ёсць інтэрнэт, сродкі масавай інфармацыі і шмат літаратуры. Таму навучальныя ўстановы імкнуцца разнастаіць вучэбную практыку інавацыйнымі і інтэрактыўнымі формамі работы: праводзяць майстар-класы, круглыя сталы, семінары-практыкумы, творчыя справаздачы і метадычныя відэатрэнінгі, будуюць заняткі з выкарыстаннем мультымедыйных прэзентацый. Аднак выбар методык правядзення заняткаў залежыць не толькі ад жадання педагога, але і тэхнічнай базы. Школы Жабінкаўшчыны абсталяваны 145 кам’ютарамі, 106 з іх знаходзяцца ў кабінетах інфарматыкі. Сёлета ўстаноўлена 2 дадатковыя камп’ютары ў Крыўлянскай школе, яшчэ адзін камп’ютарны клас з’явіўся ў СШ №1. Мультымедыйнымі ўстаноўкамі могуць пахваліцца 6 школ раёна і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Згодна з патрабаваннямі абсталяваны рэсурсны клас замежнай мовы ў СШ №1 г.Жабінка. Ёсць там і інтэрактыўная дошка, і мультымедыйнае абсталяванне, і камп’ютар з аўдыякалонкамі. Прагрэс дайшоў і да школьных бібліятэк. Праграма “Бібліёграф” устаноўлена ў сямі з іх, астатнія школы карыстаюцца гэтай праграмай у кабінеце інфарматыкі. Дарэчы, сёлета ў школьных бібліятэках пасёлка Ленінскі, Хмелева, Якаўчыц, Крыўлянаў і Маціевічаў з’явіліся камп’ютары. А доступ у глабальную сетку зараз мае 21 установа адукацыі.
Сродкі ў галіну адукацыі ўкладваюцца не маленькія. Як заўважыў ў сваім выступленні перад педагогамі раёна старшыня райвыканкама Мікалай Васільевіч Токар, кожны год амаль 40 працэнтаў бюджэту раёна ідзе на ўмацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы, набыццё новага абсталявання, рамонт школ.
…Першая прыступка — дзіцячы сад
Дашкольнае выхаванне з’яўляецца першым узроўнем агульнай адукацыі. Сёлета 92,6 працэнта дашкалят ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў былі забяспечаны месцамі ў навучальных установах. Маленькія жыхары раёна наведваюць яслі-сады, якіх у нас сем, і дзіцячыя сады, якіх чатыры. Акрамя таго, дзейнічаюць 3 групы ў вучэбна-педагагічных комплексах “дзіцячы сад — пачатковая школа”. Дашкольная адукацыя эксперыментуе з формамі выхавання: на базе ясляў-сада №5 адкрыта гульнёвая пляцоўка нагляду за дашкольнікамі ў вячэрні час, а на базе ясляў-сада №1 працуе адаптацыйная пляцоўка для дзяцей ад 1 да 2-х гадоў. Аднак, такія новыя формы дзейнічаюць, зразумела, на платнай аснове.
Разам з агульнымі групамі ў дашкольных установах працуюць 3 спецыяльныя групы для дзяцей з парушэннямі мовы, 5 санаторных для дзяцей, якія часта і працяглы час хварэюць, 1 інтэграваная і 12 рознаўзроставых. Павышэнню якасці дашкольнага навучання садзейнічае абсталяванне ўстаноў вучэбна-метадычнай літаратурай і дапаможнікамі. Гэты паказчык складае 74,8%. А вось забяспечанасць сродкамі навучання, цацкамі складае 60,7%. Па-ранейшаму, як заўважыла ў дакладзе С.М.Янусік, застаецца актуальным пытанне ўвядзення інавацый у дашкольнае навучанне і выхаванне ў сельскай мясцовасці, тым больш, што колькасць маленькіх жыхароў у вёсках штогод павялічваецца.
… Вучнёўскія “алімпійцы”
Лепшая ўзнагарода для настаўніка — поспехі яго вучняў. А таму ў дакладзе прагучала шмат прыемных фактаў. З “золатам” закончылі школу 6 выпускнікоў раёна, на ўзроўні агульнай базавай адукацыі 9 атрымалі пасведчанні з адзнакай “выдатна”. Большасць вучняў на выпускных іспытах пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, а званне “студэнта” вышэйшай навучальнай установы атрымалі 48 працэнтаў выпускнікоў. У параўнанні з папярэднім годам палепшыўся сярэдні бал па вучэбных прадметах, і склаў ён у мінулым навучальным у раёне 6,6, у пачатковай ступені — 6,8.
Асаблівая ўвага надавалася пытанням выхавання здольных дзяцей. У мінулым навучальным годзе ў раённых алімпіядах прынялі ўдзел 228 навучэнцаў, з іх 113 адзначаны дыпломамі, у тым ліку 28 — першай ступені. Штогод у каманду вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды ўваходзяць і школьнікі з жабінкаўшчыны. Па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах чатыры вучні раёна атрымалі ўзнагароды спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па праграме падтрымкі здольных вучняў і студэнтаў. Яны ўвайшлі ў рэспубліканскі банк таленавітай моладзі.
… Школьны адпачынак
Аднак, навучальны працэс, як адзначалася на нарадзе, не завяршаецца непасрэдна на занятках. Важна выхаваць у дзецях патрыятычны дух, даць ім магчымасць займацца ў тых секцыях і гуртках, якія будуць прыносіць не толькі задавальненне, але і карысць. Дарэчы, у мінулым годзе ў школьных гуртках займалася амаль 62 працэнты вучняў. Кожны год школьнікі папаўняюць шэрагі дзіцячых і моладзевых аб’яднанняў, прымаюць актыўны ўдзел у жыцці раёна. 2632 школьнікі сябры ГА “БРСМ” і раённай піянерскай арганізацыі. Акрамя таго, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі дзейнічаюць атрады «Міласэрнасць” і валанцёры, 130 дзяцей былі задзейнічаны ў атрадах ЮІД, больш за сто школьнікаў аб’ядноўвае клуб юных журналістаў. У раённым цэнтры творчасці для дзяцей і моладзі рэалізоўвалася праграма «Шосты дзень — не лішні дзень», мэта якой фармаванне адзінай выхаваўчай прасторы «Сям’я — школа — соцыум». Нават пад час летніх канікулаў дзеці не развітваліся са школай, у навучальных установах працавала 12 аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем для 509 дзяцей і 8 профільных лагераў з кругласутачным знаходжаннем для 390 дзяцей. Былі арганізаваны вучнёўскія вытворчыя брыгады, атрады добраўпарадкавання і азелянення, рамонту школьнай мэблі, «зялёныя” і “блакітныя” патрулі. Другаснай занятасцю было ахоплена 100 школьнікаў з 3 гарадскіх, Ленінскай і Якаўчыцкай сельскіх школ.
У здаровым целе — добры розум
Захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей — прыярытэтны накірунак палітыкі дзяржавы. Таму фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работы павінны быць на высокім узроўні. Штогод установы адукацыі папаўняюцца спартыўнымі прыладамі. На тэрыторыі раёна дзейнічае 77 спартыўных секцый і  15 гурткоў. Увогуле, спартыўна-масавым жыццём зацікавілі 92 працэнты ад агульнай колькасці навучэнцаў. У рамках XXIII спартакіяды школьнікаў былі праведзены спаборніцтвы ў лёгкай атлетыцы, валейболе, баскетболе, футболе. Палепшыліся вынікі ўдзелу школьнікаў у абласных спаборніцтвах. Лыжнікі раёна занялі чацвёртае месца. На такім жа ўзроўні выступілі плыўцы і баксёры. Аднак, у апошнія гады ў юных спартсменаў не атрымліваецца дасягнуць высокіх паказчыкаў у такіх відах спорту, як лёгкая атлетыка, валейбол і футбол, таму начальнік аддзела адукацыі адзначыла, што неабходна ствараць умовы для аздараўлення школьнікаў з дапамогай фізічнай культуры і спорту, прывіваць дзецям цікавасць, удасканальваць свае спартыўныя дасягненні.
***
На святочнай частцы мерапрыемства адбылося знаёмства педагагічнага калектыву раёна з 19 маладымі спецыялістамі, для якіх 1 верасня – пачатак іх працоўнай біяграфіі. Не менш прыемным момантам было і ўзнагароджванне педагогаў ганаровымі граматамі, якія яны заслужылі штодзённай карпатлівай працай.
Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў была павіншавана з пачаткам новага навучальнага года Кацярына Мікалаеўна Сіда, намеснік начальніка адзела адукацыі райвыканкама. Ганаровыя граматы абласнога ўпраўлення адукацыі атрымалі А.В. Давідзюк, дырэктар ДУА “Ленінская СШ”, Л.Б. Александровіч і Н.М. Рашоўская, настаўнікі пачатковых класаў першай гарадской адзінаццацігодкі, Н.А. Абрамава, намеснік дырэктара ДУА “Азяцкая СШ”, М.І. Забабуха, настаўнік інфарматыкі ДУА “Ленінская СШ”. Многія настаўнікі былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі райвыканкама і адзела адукацыі.
Якое ж свята без песняў, вершаў і пажаданняў? Маленькія зоркі Жабінкаўшчыны спявалі ў гэты дзень для сваіх старэйшых сяброў. На такой прыемнай ноце завяршылася жнівеньская настаўніцкая нарада-2012, каб праз год зноў сабраць лепшых з лепшых, тых, хто ўжо сёння ў школьных кабінетах дарыць веды і цеплыню свайго сэрца юнаму пакаленню.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top