“Быў бы светлым белы свет”

“Быў бы светлым белы свет”

Яна не чакала такога падарунка да свайго 81-га дня нараджэння. Вера Максімаўна Кандрацюк прыкметна хвалявалася, слёзы зіхацелі на старэчых вачах. Гэта былі слёзы ўдзячнай, амаль дзіцячай радасці.
— Як жа мне апрануцца, каб быць прыгожай? Якія дарункі прыгатаваць дзеткам? — пыталася бабуля ў суседкі Святланы Пятроўны Карпавай і рукі ад хвалявання дрыжэлі.
Тая як магла, супакойвала, падбадзёрвала:
— Ды што вы, Вера Максімаўна, гэта яны да вас з падарункамі едуць! А вы і так, як кветка…
Праз гадзіну валанцёры Чырвонага Крыжа на чале са старшынёй раённага аддзялення Таццянай Мікалаеўнай Пархімовіч былі ў хаце. Дзеці назвалі свой атрад “Добрыя сэрцы”.
І сапраўды:
— Добрыя сэрцы ў нашых дзетак, — ветліва прамовіла жанчына і прыціснула ўдзячна далоні да грудзей.
Яны перадалі падарункі старой і ўважліва слухалі яе расказ пра лёс, што часам быў да яе няветлівым.
У вялікі свет Вера Максімаўна прыйшла сярод гаманкой Белавежскай пушчы. Сама ў маладосці была гаманкая і гарэзлівая, з заўсёднай усмешкай на вуснах. Хоць гады былі цяжкія. Яны, тыя пасляваенныя часы, калі сталела, прызвычаілі Веру да цяжкай працы. Многія з яе сям’і абралі гуманную прафесію ўрача. Брат Аляксандр некалі быў вядучым хірургам гарадской бальніцы ў Брэсце.
Суседка згадала:
— Вы б толькі бачылі, якія ў іх адносіны! Аляксандр Максімавіч так клапоціцца пра сятрычку, адчуваецца: ніколі паміж імі не было спрэчак і непаразуменняў.
Свае навыкі і захапленні ён перадаў сыну Генадзю, які працягвае дынастыю хірургаў. І пляменнікі звязалі лёс з медыцынай. Сама Вера Максімаўна, хоць і не пайшла гэтым жыццёвым шляхам (працавала на цукровым заводзе), але з характарам уласцівым многім людзям у белых халатах. Нягледзячы на ўзрост, цяжкія болі, чалавек яна зусім не капрызны, жыццярадасны. Богам было не дадзена мець ёй сваіх дзяцей. Хацела сірату з прытулку ўзяць, ды не атрымалася. Але, як кожная жанчына, надзелена мацярынскім пачуццём. Яго траціцьна пляменніц Алену і Надзею. І тыя не застаюцца ў даўгу: іншым дочкам трэба павучыцца ў пляменніц Веры Максімаўны, як трэба старасць шанаваць. Калі яны прыязджаюць праведаць, мо няма шчаслівейшага чалавека ў свеце! І едуць дамоў абавязкова з падарункамі ці пачастункамі. Гаспадыня ўсё жыццё была майстрыхаю: шыла, вязала, найчасцей — рэчы практычныя: шкарпэткі, рукавічкі, шалікі…
Сумуе жанчына па мужы, які памёр напрыканцы мінулага года. З Мікалаем Аляксеевічам яны пастаянна жылі ў згодзе. Працаваў электрыкам у раённым спажывецкім таварыстве і быў эрудытам, сабраў багатую хатнюю бібліятэку, а яшчэ ўмеў цудоўна гатаваць.
— Ён кухар лепшы за мяне, — гаворыць гаспадыня.
А потым дадае:
— Гэта маім Колем зварана, — і пье гарбату з варэннем.
— Часам заходжу па-суседску. Каб ціск памераць, таблетку даць. Вера Максімаўна заўсёды сустракае шчаслівай. Сама нямоглая, а іншых гатовая падтрымаць. Яна міласэрная і ўдзячная. Дасі зернейка — каравай верне, — расказвае Святлана Пятроўна. — Сёння Веру Максімаўну вера трымае. Бачыла, як яна рыхтуецца да споведзі — нібы да галоўнай падзеі ў жыцці. Аднак акрамя Божай дапамогі, жанчыне патрабуецца і людская ўвага. Цяжка захоўваць сілу духу ў чатырох сценах. Лічыць жыццё лепшым падарункам, і трымаецца за яго людзям на дзіва. Ведае і гаворыць пра тое: “Той хто дорыць — больш атрымае”. Паболей бы такіх людзей. Быў бы светлым белы свет.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: валанцёры Чырвонага Крыжа Даша Казулька і Насця Мельнікава ў гасцях у Веры Максімаўны Кандрацюк.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top