Юны фізік з 4 “Б”

Юны фізік з 4 “Б”

Фізіка — навука не толькі дакладная, але і захапляльная. Гэта выдатна ведае Яраслаў Лыбко з першай гарадской школы. Хоць юны фізік заканчвае толькі чацвёрты клас, аднак ужо стаў пераможцам абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”.
Гэтае вучнёўскае спаборніцтва ладзіцца на Брэстчыне далёка не першы год і ўжо паспела стаць традыцыйным.
Сёлета першы, школьны, этап конкурсу стартаваў у лютым. Яраслаў са сваёй даследчай работай, прысвечанай вывучэнню электрычнасці, заняў першае месца сярод равеснікаў. Гэта дазволіла хлопчыку ў красавіку паспаборнічаць на раённым узроўні. У выніку ён атрымаў права прадстаўляць Жабінкаўшчыну на заключным этапе, які праходзіў у маі.
Каб выступіць годна і зацікавіць патрабавальнае журы, у роднай школе з дапамогай педагога-арганізатара Яўгеніі Дземідзюк запісалі відэа з выступленнем Яраслава, быў падрыхтаваны таксама тэкст яго навукова-даследчай работы.
Па вядомых прычынах абласная канферэнцыя ладзілася ў завочным рэжыме. Абарона прайшла бліскуча, і цяпер заставалася толькі чакаць рашэння суддзяў. Нарэшце 21 мая стаў вядомы вынік, надзвычай прыемны не толькі для юнага даследчыка, але і ўсёй школы і нават раёна. Маланкай разляцелася вестка: работа Яраслава Лыбко атрымала найвышэйшую адзнаку — дыплом І ступені!
Шлях да поспеху быў няпросты. Дзеля перамогі хлопчык даведаўся, што такое электрычны ланцуг і на аснове атрыманых ведаў змог сканструяваць уласную сігналізацыю. Гэта вынаходніцтва юны фізік прымяніў і на практыцы, уладкаваўшы электрасігнал на шафе. Цяпер кожны, хто без ведама гаспадара пажадае яе адчыніць, пачуе характэрны гук-папярэджанне…
Увогуле, у свае дзесяць год Яраслаў мае шмат захапленняў. У гэтым яму спрыяюць бацькі Ірына Віктараўна і Андрэй Міхайлавіч. Хлопчык не раз удзельнічаў у спаборніцтвах па плаванні, танцуе ў “Каруначках”, у школе займаўся рабататэхнікай, а зараз анлайн — яшчэ і праграмаваннем. Пры гэтым, вядома, не забывае пра школьную праграму, таму і вучыцца выключна на выдатна. Дарэчы, сёлета Яраслаў ужо меў “сярэбраны” поспех на алімпіядзе па роднай мове.
І вось цяпер фізік з 4 “Б” узняўся на яшчэ больш высокую прыступку. За сваю перамогу ды вялікую дапамогу юны даследчык шчыра ўдзячны сваёй настаўніцы Наталіі Бабровай. Разам з ёю хлопчык правёў не адзін дзень, рыхтуючы работу, якая прызнана найлепшай і ў школе, і ў раёне, і ў вобласці. Каб навукова-даследчая праца набыла сучасныя рысы, стала рознабаковай, дасканалай, нямала пашчыравалі таксама завуч па пачатковых класах Інга Лазоўская і загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Завяржэнец, якая курыруе дзейнасць пачатковых класаў. Усё ж наколькі выдатна, што дарослыя заўважылі юны талент і паспрыялі таму, каб Яраслаў праявіў сябе, раскрыў свае магчымасці. А дзесяцігадовы канкурсант, са свайго боку, атрымаў не толькі ўзнагароду, але і карысны вопыт удзелу ў прадстаўнічым спаборніцтве.
Жадаем яму далейшай творчай ўдачы, каб сёлетнія поспехі паўтараліся з году ў год.
Анатоль РОСТАЎ
Фота аўтара
На здымку: пераможца конкурсу “З навукай у будучыню” сярод чацвёртакласнікаў Яраслаў ЛЫБКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top