Рагулі “паскардзіліся”?

Рагулі “паскардзіліся”?

Вёскі Курпічы ўжо няма – яна цяпер у гарадскіх межах. А вось малочнатаварная ферма з такой назвай дасюль існуе. На ёй і разварочваліся падзеі, пра якія хочацца расказаць.

Вядома, гаспадары на ферме – жывёлаводы і даяркі, ці, як цяпер прынята казаць, аператары машыннага даення. У іх абавязках даглядаць за каровамі ды цялятамі, каб добра даіліся ды прыбаўлялі ў вазе.

На жаль, Вольга С. і Аксана Б. да сваіх абавязкаў падыходзілі як Папандопала з Адэсы: “Гэта – мне, гэта – зноў мне. А гэта – табе. Я такі фасон не нашу!” Вось і атрымалася: “даілі” работніцы не столькі кароў, колькі роднае сельгаставарыства. Мабыць, лічылі, што рагулі размаўляць не могуць, прамаўчаць ці прамыкаюць. А тыя раптам узялі ды “паскардзіліся”, калі перасталі набіраць патрэбную вагу. Што ж адбылося?

Вольга на працягу года неаднаразова не дадавала маладняку камбікармы ды сухаабястлушчаныя сумесі “Стандарт”, патрэбныя для рацыёну цялятак. У выніку знікла 1315 кілаграмаў камбікармоў ды трыццаць кіло сумесі. Аднак закон фізікі (ды жыцця) даказвае: калі ў адным месцы знікне, у другім абавязкова з’явіцца. Дзе стала менш? На ферме. Куды “перакачавала”? На ўласны падворак. І ўся гэта шкода, прынесеная ААТ “Жабінкаўскі”, склала больш за 2000 рублёў.

Адразу скажам: гаспадыня аказалася гаспадарлівая. Гэта на працы яна даярка, а ў хаце – свінарка. Амаль кожную змену, вяртаючыся дамоў, везла па тры-чатыры кілаграмы родным парасяткам. Калі да Вольгі С. усё ж завіталі міліцыянеры, у яе хляве яны адшукалі амаль тону камбікармоў і сумесяў, расфасаваных не толькі ў мяхі, але нават у чыгунную ванну. Што сказаць: крала з запасам, на некалькі гадоў наперад. Сваю віну жанчына цалкам прызнала, пакаялася, паказала, дзе і як займалася крадзяжамі, і добраахвотна кампенсавала матэрыяльную шкоду. Суд палічыў, што гэтыя абставіны змякчаюць яе віну.

На адной вуліцы з Вольгай С. жыве і яе калега Аксана Б. Яна таксама на працягу мінулага года займалася крадзяжамі, калі карміла цялят. Так працягвалася, пакуль на ферме не з’явіліся людзі ў форме. Жанчыне давялося ім тлумачыць, як кожны працоўны дзень у абедзенны час яна перавозіла на веласіпедзе дамоў “лішкі” камбікармоў і сумесяў. Надта запаслівай за грамадскі кошт гаспадыні давялося таксама паказаць сарай, у якім хавала скрадзенае. Роднаму сельгаспрадпрыемству Аксана нанесла шкоду на 415 рублёў. Прыйшлося аддаць свае “запасы”, кампенсаваць страты.

У сёлетнім красавіку суд раёна разгледзеў абедзве справы. У выніку жанчыны былі прызнаны вінаватымі паводле часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Вольга С. пакарана грамадскімі работамі на 120 гадзін, Аксана Б. – на сто.

Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top