Чаму высокі настрой у торфаздабытчыкаў?

Чаму высокі настрой у торфаздабытчыкаў?

Ужо даўнавата мы перасталі праўдамі і няпраўдамі рабіць “працоўныя падарункі” якому-небудзь святу — рэвалюцыйнаму, пралетарскаму, прафесійнаму. Нармальны вытворчы працэс, якасная работа — вось што цяпер галоўнае. І ўсё ж калі адно з другім натуральна, без лішніх высілкаў і прыўрочвання, супадае, дык настрой ад гэтага павышаецца ўдвая, што могуць сёлета пацвердзіць торфаздабытчыкі завода “Гатча-Осаўскі”. Свой гадавы (сезонны) план яны выканалі да Дня работнікаў паліўнай прамысловасці: нарыхтавалі 87 тысяч тон дабраякаснай сыравіны для вытворчасці брыкету. Летась, для параўнання, такі поспех прыйшоўся на канец верасня.
Сезон здабычы торфу не мае строгага тэрміну. Многае залежыць ад надвор’я вясной і на працягу лета, падрыхтаванасці палёў, тэхнічнай базы, працы ўсіх машыністаў, звязанай адным тэхналагічным ланцугом: фрэзераванне, варушэнне, валкаванне, уборка, фармоўка караванаў (буртоў у рассціл), вывазка і складванне торфу ў штабелі. Збояў у звёнах гэтага ланцуга не было, адсюль і вынік.
Пра арганізацыю працы і яе перадавікоў ахвотна гутарыць начальнік участка торфаздабычы Жанна Юр’еўна Зарэмба:
— Два фактары вырашальныя ў нашай рабоце: якое стаіць надвор’е і як працуе калектыў. Стварыць пагоду не ў нашых сілах, а вось працаваць навучыліся. Дажджы, хоць і не такія частыя, як летась, а таксама нястача плошчаў здабычы вымагалі сапраўды зладжанай і напружанай працы, часам звышурочнай. Добра падрыхтавалі тэхніку да сезона, набылі пару новых трактароў і агрэгатаў. Скажам, з сямі торфаўборачных машын зараз толькі адна на гусенічным ходзе. Спараныя колы на іх і трактарах павысілі хуткасць і надзейнасць. Адну машыну, дарэчы, пераабсталявалі ў сябе на заводзе. Ды самае важнае, хто на іх працуе. Усімі машыністамі я задаволеная — ад бульдазерыстаў і экскаватаршчыкаў да штабялёўшчыкаў. Мікалай Тарасюк, Міхаіл Дубіна, Андрэй Пратасюк, Данііл Мацюк і іншыя выканалі і перавыканалі свае сезонныя заданні. Які ўжо год у перадавіках Анатоль Дарашэнка. Яго партрэт і сёння на заводскай Дошцы гонару, а летась імя было занесена ў Галерэю працоўнай славы раёна.
— Але ж не толькі за маральную ўвагу да сябе працуюць машыністы?
— Зразумела, не. У іх добрыя заробкі — нярэдка атрымліваюць за месяц шэсць-семь мільёнаў рублёў. Плюс прэміі кожны месяц і пасля заканчэння сезона. Бытавыя ўмовы на базе ўчастка добрыя: ёсць лазня, душ, гарачыя абеды. Абед мы аплачваем толькі на трыццаць працэнтаў, астатняе — за кошт прадпрыемства.
Задаволеная Жанна Юр’еўна і кадрамі сярэдняга звяна, напрыклад, сваёй блізкай памочніцай Надзеяй Віктараўнай Страйчук — майстрам здабычы торфу, якая на заводзе ўжо больш чым 25 гадоў. Ну, а пра сябе начальнік участка, чый партрэт таксама на заводскай Дошцы гонару, шмат не гаворыць. Дый няма калі ёй — яна часцей, чым у кабінеце, знаходзіцца на тэхналагічных картах, хоць яны цяпер і не блізка ад вытворча-адміністрацыйнай базы. За дзесяць кіламетраў адсюль будуецца аб’ект “Пералум’е”, на такой жа адлегласці — “Мышчыцы”. Адначасова з будаўніцтвам вядзецца і здабыча торфу на іх. Пакуль што ён вывозіцца вялікагрузнымі “МАЗамі”, аднак вузкакалейная чыгуначная дарога туды ўжо пракладваецца.
З кіраўніком працавітага калектыву мы пабывалі на ўчастку “Пералум’е”. Здзівіў парадак на прасторных тарфяных палях, парадавала руплівасць людзей. Заўтра яны адсвяткуюць — і зноў за працу, няхай сабе сезоннае заданне ўжо выканана. Звыш плана тарфавікі здабудуць да дзесяці тысяч тон сыравіны для завода.
Кастусь АЛЕСІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top