“Даруйце нам…”

“Даруйце нам…”

З такімі словамі звярнуўся старшыня Савецкага дзіцячага фонду А.А.Ліханаў да былых непаўналетніх вязняў фашызму на першай сустрэчы з імі 22 чэрвеня 1988 г. у Кіеве. Можна меркаваць, што пісьменнік Альберт Ліханаў прасіў даравання ў “безвинно принявших в свои юные годы неимоверные страдания горестной войны” не толькі за тое, што іх “по сей день не признали её участниками”, але і за віну Крамля ў развязванні гэтай вайны (“пакт Рыбентропа і Молатава”).
Менавіта гэтымі словамі адкрываецца кніга ўспамінаў вязняў-“падранкаў” з Берасцейшчыны “На абпаленых крылах” (Мінск, выд. “Кнігазбор”, 2012), якая стала працягам папярэдняй — “Асколкі болю”, выдадзенай у 1999 годзе. Складальнікі новай кнігі — былыя непаўналетнія пакутнікі канцлагераў пісьменнік Леанід Філатаў і старшыня абласной арганізацыі былых непаўналетніх вязняў фашызму Людміла Раманенка. Краязнаўца Ігар Бараноўскі ўзбагаціў кнігу важным даведачным матэрыялам пра канцлагеры і абвінавачвальнымі ілюстрацыямі.
На прэзентацыі зборніка 22 чэрвеня г.г. педагог і пісьменніца Святлана Варонік так патлумачыла яго назву: “Кожнага з нас пры нараджэнні апякуе анёл-ахоўнік. У людзей, якія прайшлі такое пекла, абпаленыя крылы і свае, і ў іх анёлаў”. Неардынарную, сутнасную характарыстыку зборніку даў Л.Філатаў: “Кніга “На абпаленых крылах” — наш пашпарт”. Так, гэта пашпарт жывых сведкаў болю, глумлення і здзекаў.
У кожным успаміне адчуваецца вастрыня непрымання несправядлівасці, уздрыг душы ў трагічным становішчы. “Гэтыя ўспаміны — часцінка крывавай гісторыі”, — піша Зоя Уладзіміраўна Міцэвіч. Яна былы вязень турмы гестапа ў Бярозе; жыла ў прытулку, дзе бралі кроў для нямецкіх салдат.
Пад гнётам неўтаймаванай улады зла юныя нявольнікі нейкім восьмым пачуццём адчувалі, што зло абавязкова пераломіцца, і спадзяваліся на дабро. Калі трацілі апошнія сілы, звярталіся да Бога, чакалі дапамогі ад яго: “Я да гэтага часу не ведаю, што дапамагло мне тады выжыць. Гэта быў мой лёс або нада мною злітаваўся Бог, каб я змагла расказаць людзям пра жахі той вайны і пра тыя страшныя пакуты” (Тамара Іосіфаўна Шыманка).
Пісьменнік, перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, кавалер ордэна “За асаблівыя заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германіі” Васіль Сёмуха цудам пазбегнуў вывазу ў Нямеччыну на прымусовыя работы (нарадзіўся на Пружаншчыне). Свае ўспаміны ён назваў “Філасофія дабра і даравання”: “Калі я быў малым хлопцам, у душы жыў дзікі страх, комплекс якога не прайшоў дагэтуль, але жыла і разумна падказваная дарослымі вера ў тое, што ўсё абернецца дабром, што лёс адшкадуецца і верне страчанае”.
Тэма барацьбы са злом чырвонай ніткаю, як неад’емным абавязкам чалавека, праходзіць праз усю кнігу. Трагічныя лёсы ў акупацыі, “вогненныя вёскі”, канцэнтрацыйныя лагеры (Азарычы — адзіны канцлагер у Еўропе, дзе прымянілі бактэрыялагічную зброю) і гета на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, расстрэл выхаванцаў Дамачаўскага дзіцячага дома, халакост у Пінску… Страшны, кашмарны час, які немагчыма забыць! Паводле ўспамінаў былога пакутніка турмы ў Магілёве і канцлагера ў Баранавіцкім раёне Мікалая Аляксандравіча Прасмыцкага, фашысты з мэтаю тэрміновага вызвалення для сябе жыццёвай прасторы, вываду са строю партызанскіх злучэнняў заражалі вязняў сыпным тыфам. Потым смяротна хворых людзей адпраўлялі ў вёскі, насельніцтва якіх карміла і сагравала народных помснікаў. Аднак і гэтага акупантам здавалася мала. Для распаўсюджвання эпідэміі тыфу нелюдзі выкарыстоўвалі птушак і жывёл, скідвалі мёртвых у лесе ў глыбокі яр: “Там глумленне над імі працягвалася. Вялікія зграі галодных воранаў, здзічэлых сабак, ваўкоў, лісіц і іншых драпежных стварэнняў давяршалі крывавы пір агрэсараў над даведзенымі да магілы нашымі суайчыннікамі”.
Успаміны розныя, але горыч, боль, пакуты, кашмары, трагедыі непаўналетніх вязняў фашызму агульныя. Ды ці заўсёды зло спараджае зло? “Мы ў свой час трапілі ў такія ўмовы і вынеслі такое, што гэта не падлягае дараванню! Але ж былі і ў Германіі людзі, якія спачувалі нам” (Т.І.Шыманка). Яшчэ адзін прыклад для ўсведамлення, што нельга з-за злачынстваў фашыстаў сулўіці нямецкі народ агулам. Таццяна Шыбуня, з бацькамі вывезеная на прымусовыя работы ў Нямеччыну, вязніца працоўнага лагера Аберторг з удзячнасцю ўспамінае тых немцаў, якія крадком скідвалі малалетнім нявольнікам з высокіх паверхаў хлеб; едучы паўз іх на веласіпедах, совалі кавалачкі хлеба, давалі старую вопратку. А нехта Дыкман, гаспадар фабрыкі, куды кожны дзень ганялі Таніных маму, бацьку і старэйшую сястру, нават іншы раз перадаваў крыху ячнай кашы. “Ох, і смачная была!..” — піша аўтарка ўспамінаў, якія так і назвала: “Розныя немцы”.
Калі вязняў канцлагера Бухенвальд вызвалілі, “некаторыя з нас цалавалі нашым салдатам боты” (Тамара Шыманка). Але доўгачаканая радасць дзяцей, на вялікі жаль, неўзабаве змянілася новымі прыніжэннямі, допытамі, нялёгкімі выпрабаваннямі ў фільтрацыйных (з бальшавіцкім выскалам) лагерах НКУС. Некаторыя з тых, хто трапіў у змрочныя спісы “ненадзейных” і “ворагаў народа”, назаўсёды зніклі ў чорных дзірках ГУЛАГу. Кніга “На абпаленых крылах” — гэта недараванне злу, катам таталітарных рэжымаў, а можа, і эпітафія забранаму, знявечанаму дзяцінству, зламаным і знішчаным лёсам.
У канцы зборніка змешчаны зварот Міжнароднага саюза непаўналетніх вязняў фашызму ў абарону дзяцей і дзяцінства ад 22 чэрвеня 2008 года. На фоне сённяшніх паведамленняў пра войны, якія ідуць у свеце, спаўна відавочная актуальнасць гэтай кнігі. “Абпаленыя крылы” не мінулае, а магчымая будучыня ў сучасным.
Мікола МІЦКОВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top