Шлях ад Полацка да Глыбокага

Шлях ад Полацка да Глыбокага

Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі:
1994, 2003 — Полацк,
1995, 2004 — Тураў,
1996 — Навагрудак,
1997 — Нясвіж,
1998 — Орша,
1999 — Пінск,
2000 — Заслаўе,
2001 — Мсціслаў,
2002 — Мір,
2005 — Камянец,
2006 — Паставы,
2007 — Шклоў,
2008 — Барысаў,
2009 — Смаргонь,
2010 — Хойнікі,
2011 — Ганцавічы.
З часу свайго афіцыйнага заснавання — з 1994 года — Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, знакавай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы пройцуюць паўсюдна: тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы. У аснову пакладзена ідэя прапаганды здабыткаў айчыннай пісьмовай культуры, пераемнасці духоўных традыцый Беларусі. Дзень пісьменства дае ўнікальную магчымасць сустрэцца з жывым словам, жывымі творцамі кніг, газет, часопісаў і г.д.
Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Традыцыйна свята праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць вядомых і славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Шлях нацыянальнага свята пісьменства пралёг ужо праз некалькі гарадоў Берасцейшчыны: Пінск, Камянец, Ганцавічы. Брэст абмінула — дык гэта, спадзяемся, ненадоўга: вунь які старажытны горад і з якімі літаратурнымі традыцыямі! Была б і Жабінка радая сустрэць гасцей, тым болей, што заслужыла сваёй гісторыяй, вытокі якой палягаюць, як не без падстаў сцвярджае гісторык і краязнавец Мікола Міцковіч, ажно ў 1678 годзе. Мо сапраўды варта сцвердзіць гэтую дату?..
Ну, а пакуль што Ганцавічы перадалі эстафету яшчэ больш старажытнаму Глыбокаму на Віцебшчыне (у 187 км ад абласнога цэнтра і ў 176 — ад Мінска). У пісьмовых крыніцах яно згадваецца як мястэчка з 1414 года (гэтак — у звестках з інтэрнэта, а ў некаторых даведніках — з 1514-га). У межах сённяшняга горада азёры Кагальнае і Высокае; з апошняга выцякае рэчка Бярозаўка. Не раз праз Глыбокае праходзілі войскі захопнікаў. Было ў складзе Рэчы Паспалітай, пасля яе другога падзелу (з 1772 г.) — у складзе Расійскай імперыі. У 1812 годзе было акупавана французскімі войскамі, шэсць дзён тут правёў Напалеон. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавору 1821 года зноў адышла да Польшчы, у складзе БССР — з 1939-га. Праз год атрымала статус горада і раённага цэнтра. Другая сусветная вайна прынесла шматлікія разбурэнні, забрала звыш 10 тысяч жыццяў.
У 16 — пач. 18 ст.ст. у Глыбокім існавалі замак і сядзіба Радзівілаў, адных з прыватных яго ўласнікаў. З захаваных помнікаў архітэктуры — касцёл і кляштар (манастыр) кармелітаў (1639), Троіцкі касцёл (1764), Ільінская царква (18 ст.) і інш. Ёсць чым палюбавацца і ў Глыбоцкім раёне: помнікамі гісторыі і культуры, дэндралагічным садам — помнікам прыроды рэспубліканскага значэння, садам “Залессе”, батанічным ды іншымі заказнікамі. На Глыбоччыне 106 азёраў, у т.л. самае глыбокае (як быццам у пацвярджэнне назвы горада) у Беларусі возера Доўгае, да дна якога 57 метраў.
Авеяны яны даўніной, легендамі і паданнямі азёрны Глыбоцкі край не мог не нарадзіць талентаў і ў прыгожым пісьменстве. Перш за ўсё варта назваць паэта Алеся Дубровіча (1910-1942). Ён удзельнік вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. На другім годзе вайны расстраляны фашыстамі як савецкі актывіст. Асобнага зборніка не меў, аднак яго вершы друкаваліся не ў адным зборніку калектыўным, у т.л. у “Сцягах і паходнях” (1965) і “Ростанях волі” (1990), складзеных самым руплівым даследчыкам заходнебеларускай паэзіі У.Калеснікам. Песні змагання ў Алеся Дубровіча чаргаваліся з лірычнымі:
Кіну свае думы жураўліным лётам —
Хай лятуць да сонца, у далёкі край…
З вёскі Чабаны Тамара Чабан (1952-1992), літаратурны крытык, навуковец. Хораша пісала пра фальклор, беларускі рамантызм, маладую паэзію. Была і сама паэтам; вершы яе зусім не “сухія”, як у навукоўцаў здараецца. Вось цалкам адзін з іх (па памяці, чуты з яе вуснаў):
Усе гаварылі пра сонца, пра далеч
І як нам святла не стае…
І раптам змерклася ў зале:
Ты выйшаў з яе.
Нарэшце мне знаёмая Ірына Жырнасек (нар. у 1953 г.). Бібліятэкарка з вышэйшай адукацыяй, журналістка, пісьменніца. Яе зборнік апавяданняў “Лісты да сына” раю пачытаць найперш жанчынам.
На жаль, не ведаю маладзейшых, а яны абавязкова будуць чытаць свае творы разам з вядомымі літаратарамі Віцебшчыны, Мінска ды іншых куткоў краіны ў Дзень пісьменства, які сёлета прысвячаецца Году кнігі.
Цікава зазірнуць у праграму свята. Яно пачынаецца ўжо сёння — выставамі, прысвечанымі юбілеям Я.Купалы, Я.Коласа, М.Танка, Міжнародным круглым сталом з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў, навукова-практычнай канферэнцыяй, конкурсамі, кірмашамі, канцэртамі. На нядзелю запланаваны адкрыццё Сквера славутых землякоў-глыбінчан, узнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу, фестываль кнігі і прэсы, дзіцячы пленэр імя Я.Драздовіча, канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча і многае іншае, адно паспявай усюды пабываць.
Сымон АКСЕНІН.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top