Награды ветеранам к 65-летию Победы

Награды ветеранам к 65-летию Победы

Узнагароды за неўміручасць
Кожны год аддаляе нас ад апошніх залпаў Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш тых, хто са зброяй у руках змагаўся супраць фашысцкай навалы, бачыў баі і лютага ворага на свае вочы. Аднак павага да іх, салдат крывавых паходаў, народных мсціўцаў, падпольшчыкаў, работнікаў тылу з гадамі ўзмацняецца.
Гэтым красавіцкім днём адна з залаў гарадскога Дома культуры была аддадзена тым, каму пашчасціла выжыць у суровае ліхалецце. Гучаць франтавыя песні, якія, канечне, вяртаюць гасцей сустрэчы ў абпаленую маладосць і перад вачыма ўсплываюць эпізоды іх першага баявога хрышчэння, салдацкія прывалы, тут і там чуецца: “Даўно не бачыліся…”, “Не песціць нас з табой жыццё…”, “Ажно не верыцца, што 65 гадоў мінула, як распісваліся на рэйхстагу…”
Сабраліся яны з нагоды ўручэння юбілейных медалёў “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”.
Падзякаваць ветэранам за іх ратны подзвіг прыйшлі кіраўнікі раёна, ваенкамата, моладзь і самадзейныя артысты.
— Наша задача — захаваць і данесці да нашчадкаў памяць пра гераізм, мужнасць, воінскую доблесць, адвагу людзей, беззапаветную любоў да Айчыны тых, хто выстаяў, перамог у схватцы з ворагам-акупантам, — гаварыў на ўрачыстасці старшыня райвыканкама М.В.Токар. — 151 медаль будзе ўручаны барацьбітам за свабоду Жабінкаўшчыны напярэдадні юбілею. Прыемна, што вы радуеце нас сваёй прысутнасцю.
Узнагароды ўручаюць старшыня райвыканкама М.В.Токар і ваенны камісар раёна А.І.Юруць.
Ала Пятроўна Дарошка, Уладзімір Аляксандравіч Лах, Марыя Андрэеўна Хлыстова, Віктар Міхайлавіч Сялюк, Ганна Пракопаўна Давыдоўская, Надзея Сцяпанаўна Лашкевіч, Уладзімір Мікітавіч Даўгялюк, Уладзімір Харытонавіч Саўчук, многія іншыя ўзнагароджваюцца медалямі. Гэта яны ў тыя далёкія суровыя гады ніколі не хныкалі, а смела ішлі ў бой, суткамі стаялі ля станка на заводзе, дзе выпускалася зброя для фронту.
Уладзіміра Мікітавіча Даўгелюка, напрыклад, бацька выратаваў ад адпраўкі ў Нямеччыну на прымусовыя работы. У 1944 годзе ён быў мабілізаваны і трапіў у 16 запасны вучэбны артылерыйскі полк, які размяшчаўся пад Лугай. Навучыўся тут салдат шафёрскай справе, авалодаў навыкамі разведчыка. “Студабекерам” цягаў на перадавую гарматы, выконваў іншыя заданні, дастаўляў пакеты з сакрэтнымі дакументамі ў штаб дывізіі. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Толькі ў 1948 годзе дэмабілізаваўся.
А вось Уладзімір Харытонавіч Саўчук, якому летась споўнілася 85 гадоў, на фронце быў камандзірам аддзялення. За вайну быў двойчы кантужаны, адзін раз цяжка паранены. Мае медаль “За адвагу” за бой, у якім быў знішчаны фашысцкі дот. Ордэн Чырвонай Зоркі, да якога быў прадстаўлены за бой пад Торунем, на Вісле, не атрымаў, таму што быў паранены і трапіў у шпіталь. Дайшоў да Берліна і напісаў сваё прозвішча на рэйхстагу.
З такіх франтавых эпізодаў складваецца жыццё амаль кожнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Іх павінны ведаць нашчадкі салдат, якія адстаялі незалежнасць нашай зямлі ад карычневай чумы. У іх гонар складаюць вершы, спяваюць песні.
Падчас урачыстасці шаноўным гасцям шмат прыемных хвілін падараваў хор ветэранаў “Тонус”, якім кіруе Л.В.Дошчык.
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top