З начным дазорам па Мухаўцы

З начным дазорам па Мухаўцы

Зборы былі нядоўгія: падрыхтоўка маторнай лодкі, яе экіпіроўка неабходным інвентаром, затым інструктаж аб тэхніцы бяспекі на вадзе галоўнага дзяржаўнага інспектара аховы навакольнага асяроддзя раёна Сяргея Штыка. На сыходзе дня ад гідравузла “Навасады” плывем уніз па цячэнні. Магутны рухавік падымае нос лодкі над ледзь прыкметнымі хвалямі Мухаўца, халодны вецер забіраецца ажно пад каўнер — не сагравае нават выратавальная камізэлька. Неўзабаве ўдалечыні заўважаем белыя кропкі. Кіроўца прыпыняе ход маторкі, і яна ціха падплывае. Грамадскі інспектар аховы прыроды Руслан Цісленка спрытна дастае разам з паплаўкамі забароненыя рыбалоўныя снасці, якія на дыялекце рыбакоў называюцца тэлевізарамі. “Толькі нядаўна пастаўлены, — тлумачыць ён, — рыба яшчэ не паспела трапіць. Здзіўляе тое, што некаторыя браканьеры займаюцца бруднай справай сярод белага дня”.
Руслан Цісленка не першы раз добраахвотна ўдзельнічае з Сяргеем Штыком у падобных рэйдах. Яны абодва добра ведаюць, дзе аматары лёгкай нажывы ставяць забароненыя прылады лоўлі рыбы. Накіроўваемся да берага і заўважаем гумовую дзіравую лодку, напоўненую пластыкавымі бутэлькамі. Гаспадара на месцы не аказалася, таму “тэлевізары” канфіскуюцца, на што складаецца адпаведны акт. Дзе-нідзе на берагах сядзяць рыбакі-аматары з вудамі. Заводзім з некаторымі гаворку наконт улову. Адказ адзіны: не клюе, рыбы вельмі мала. На шматлікія “чаму”  меркаванні самыя розныя. Хто вінаваціць хімізацыю сельскай гаспадаркі, хто пабудаваную гідраэлектрастанцыю на гідравузле “Залуззе”, а хто сёлетні высакосны год…
Час ад часу Сяргей Штык збаўляе хуткасць і рулюе то да аднаго, то да другога, супрацьлеглага, берага. Каля вёскі Пятровічы нешта трапляе пад вінт. Глушым матор. Паднімаем яго і бачым рыбалоўную сетку. Крыху пашкоджаную давялося здымаць, бо ўладальніка, як правіла, у гэты момант не знойдзеш. Зноў жа нядаўна пастаўлена, бо рыбы няма.
Неба на захадзе неўпрыкмет гасіць свае прыгожыя фарбы, вада цямнее, вільготнае паветра над ёю дзе-нідзе вісіць шэрым туманам. У бок Шчэглікаў рухаемся  пасля ананімнага званка: маўляў, там браканьеры ставяць сеткі. Па камандзе галоўнага інспектара Руслан перыядычна апускае ў ваду прыладу  барацьбы з браканьерствам — кошку, якая прыстасавана для выяўлення забароненых снасцяў. Праходзім старое рэчышча ракі  паўз Жабінку. Яно на гэты раз чыстае. “Аматары незаконнай рыбнай лоўлі, мусіць, зразумелі, што марна трацяць грошы і час, — гаворыць Сяргей. — Гэта радуе”.
Фактаў браканьерства каля вёскі Шчэглікі  таксама не выяўляем. “Добра, калі нераўнадушныя людзі звоняць у раённую інспекцыю і паведамляюць аб супрацьзаконных учынках браканьераў, — падсумоўвае вынікі рэйду наш рулявы. — Але званкі бываюць розныя. Адны гэта робяць ад шчырага сэрца, іншыя ў мэтах перастрахоўкі: называюць канкрэтную мясціну, а сеткі самі ставяць зусім у іншай. Звычайна ў такіх выпадках рэйдавая брыгада стараецца праплыць амаль усю раку на тэрыторыі раёна, на што траціць паліва і час”.
Начная “прагулка” – справа не з прыемных, асабліва халодным часам. Мяне ўсё ж цікавіць многае. Скажам, начныя краявіды. Уражваюць бабры, якія даюць перад самай лодкай. А вось дастаем  даўно не новую прыладу і бачым маленькага соміка. Асцярожна яшчэ не пашкоджаную рыбіну выслабаняем і адпускаем у родную стыхію.
Наш рэйд заканчваецца адпаведным дакументам на знішчэнне забароненых прыладаў. Мэта ж рэйдаў — не толькі барацьба з браканьерствам. Найперш у ходзе іх праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы праз гутаркі з рыбаловамі-аматарамі і тымі, хто ў  недазволеных месцах прыпаркоўвае аўтатранспарт або пакідае смецце. На гэты раз мы пачулі шмат пытанняў ад аматараў рыбнай лоўлі. Так , рыбак з Брэста цікавіўся, ці можна лавіць рыбу па ходзе маторнай лодкі. Сяргей Штык растлумачыў, што лоўля на так званую дарожку ў раёне забаронена.Каб ёю займацца ў іншых мясцінах, трэба абавязкова яшчэ мець пуцёўку.  Двум іншым рыбакам патлумачыў правілы выкарыстання кружкоў. Іх можна ставіць адной асобе не больш дзесяці, пры гэтым кружкі павінны  мець інфармацыю пра ўладальніка і месца яго жыхарства.
“Так, мы не ставім задачу злавіць чым больш браканьераў, — зрабіў выснову кіраўнік раённай структуры аховы прыроды. – Але пакуль яны ёсць, караем, як таго патрабуе закон. За выкарыстанне забароненых прыладаў накладваем штраф, акрамя таго,  у залежнасці ад нанесенага ўрону прыродзе, выстаўляюцца іскі”.
Аляксей ГАНЧУК.
На здымках: што лепш — злавіць адну-дзве рыбкі сеткай і “нарвацца” на штраф ці законна вудзіць, як гэты рыбалоў?..
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top