Гэта іх Перамога!

Гэта іх Перамога!

Калі скончылася ліхалецце, больш за дзве тысячы жабінкаўцаў вярнуліся з фронту. Яшчэ памятаю, як яркае майскае сонца зіхацела на медалях соцень ветэранаў, што доўгімі радамі ішлі на чале святочных калон 9 мая. Яны, хоць і пасівелыя, ды яшчэ жвавыя, рухаліся па галоўнай гарадской вуліцы. На вуснах — радасныя ўсмешкі, а на тварах — нярэдка слёзы, якія з’яўляліся, калі ветэраны слухалі ваенныя песні, добрыя словы ў свой адрас. Гэтая непадробная ўрачыстасць сапраўды была са слязьмі на вачах. Аднак няўмольны час мінаў, і цяпер, праз 76 гадоў пасля Перамогі, у тым апошнім страі засталіся, на жаль, адзінкі. Ёсць вялікі сэнс прыгадаць кожнага пайменна.

На фронце і ў партызанах

Сёння засталося ўсяго шасцёра жабінкаўцаў — непасрэдных удзельнікаў баявых дзеянняў часоў Другой сусветнай вайны.
Найстарэйшы, Казімір ЦЕРПІЛОЎСКІ, жыве ў невялічкай вёсцы Лясоты. 20 красавіка Казімір Іосіфавіч адзначыў 98 гадоў. У вайну ён служыў у Войску Польскім, якое разам з Чырвонай Арміяй змагалася з нацызмам. Таму побач з савецкімі ўзнагародамі ветэран захоўвае і медалі Рэспублікі Польшча: “Грунвальд — Берлін. 1410–1945”, “За Варшаву”, “За Одру, Нісу, Балтыку”. Гэта адметкі яго баявога шляху.
Аднагодка Церпілоўскага Аляксей ГУМЯНКА ўвесь век пражыў у Азятах. Толькі падчас вайны Аляксей Філімонавіч апынуўся далёка ад родных мясцін, калі ў складзе 50-й гвардзейскай цяжкай гаўбічнай артылерыйскай брыгады дайшоў да самага Берліна.

У светлы памятны дзень

9 мая 1945 года сувязіст-гвардзеец атрымаў медаль “За баявыя заслугі”.
Юнаком апрануў салдацкую гімнасцёрку іншы жыхар Азятаў Ярас КАЗАЧЭНКА. 5 мая Ярас Пятровіч адсвяткаваў сваё 94-годдзе. А тады, у сорак пятым, пасля пераможных салютаў, што абвясцілі канец Вялікай Айчыннай, радавому Казачэнку давялося паўдзельнічаць у вайне на Далёкім Усходзе супраць мілітарысцкай Японіі.
У няпоўныя дваццаць гадоў пачала працаваць у 53-м дапаможным эвакапункце Вера ГАРОШКА. Зусім маладзенькай Веры Аляксандраўне на ўласныя вочы давялося пабачыць жахі ліхалецця, адчуць усю бязмежную глыбіню бяды і гора, якія прыносіць вайна. Яна дасюль жыве ў родных Свішчах з гэтым цяжкім успамінам. Са службай жанчына развіталася ў самым пачатку 1946 года.
Беражліва захоўваюць свае пасведчанні ўдзельнікаў партызанскага руху двое нашых ветэранаў — стараселец Іван АЛЕКСІЕВІЧ і жыхар Вялікіх Якаўчыцаў Арсеній ЖУК. Іван Аляксандравіч змагаўся супраць акупантаў у знакамітым атрадзе Чарнака, Арсеній Васільевіч — у шэрагах народных мсціўцаў, якія аб’ядналіся ў атрад імя Чапаева.

Тыл каваў Перамогу

Франты, якія рухаліся на Захад, вызваляючы ад акупантаў нашы землі, а затым — цэлыя краіны і народы, захопленыя ворагам, абапіраліся на тыл, які таксама набліжаў да перамогі. Мільёны людзей не даядалі, аддавалі апошняе арміі, працавалі на мяжы чалавечых магчымасцяў, каб толькі наступіў той светлы дзень. І лозунг: “Усё для фронту, усё для перамогі!” — не заставаўся пустым гукам.
Зараз у райцэнтры жывуць чацвёра жабінкаўцаў — удзельнікаў тылу. Найстарэйшыя з іх — Надзея Сцяпанаўна ЛАШКЕВІЧ і Ганна Пракопаўна Давыдоўская. І праз тры чвэрці веку ім ёсць што прыгадаць з тых дзён, калі тыл каваў Перамогу.
Свае сілы ў маладосці, абпаленай вайной, аддалі таксама Міхаіл Герасімавіч ГЕРАСІМАЎ і Павел Іванавіч ПАЛІШЧУК. Да слова, апошняму, калі пачалася Вялікая Айчынная, было ўсяго дзесяць гадоў, а сёлетняй вясной Павел Палішчук размяняў ужо дзясяты дзясятак.

У няволі

Паміж 23 чэрвеня 1941-га і 21 ліпеня 1944 года Жабінка з наваколлямі была акупавана нямецкімі войскамі. “Новы парадак”, уладкаваны на нашых землях, прадугледжваў, між іншым, вываз моладзі на прымусовыя работы ў Германію. Ладзіліся шматлікія аблавы, падчас якіх многія юнакі і дзяўчаты не па сваёй волі апынуліся далёка ад роднага парога.
Сёння ў раёне засталося адзінаццаць былых вязняў фашызму.
Найстарэйшай — Еўдакіі Пятроўне МЯДЗВЕДЗЬ з Вялікіх Сяхновічаў — 17 сакавіка споўнілася 98 год, крыху маладзейшая за яе жабінкаўчанка Соф’я Ціханаўна СМАЛЮК, якой ужо 95. 20 ліпеня сорак чацвёртага, калі Чырвоная Армія крушыла ворагаў у Жабінцы, свой сямнаццаты дзень нараджэння далёка ад радзімы адсвяткавала Ганна Рыгораўна ПАНАСЮК. Для яе вызваленне было яшчэ наперадзе…
Наймалодшы з колішніх вязняў фашызму — хадасовец Мікалай Аляксеевіч ПУКІТА, які нарадзіўся ў няволі, — равеснік Перамогі. Першыя гады свайго жыцця правялі ў Германіі таксама Зінаіда Маркаўна БАЯРЧУК з Малых Сяхновічаў, жыхаркі райцэнтра Ала Паўлаўна ДАРОШКА і Галіна Сцяпанаўна ПЯТРЭНКА.
У юнацкім узросце абпаліла вайна лёсы Нікана Іванавіча НАВУМОВІЧА з Федзькавічаў і Надзеі Барысаўны ШАСТАК з Жабінкі, крыўлянкі Марыі Юр’еўны ІЛЬКІЎ і жабінкаўчанкі Вольгі Васільеўны ШУТОВІЧ.
…Крыху больш за два дзясяткі ў апошнім страі. І абавязак кожнага выказаць падзяку колішнім удзельнікам Вялікай Айчыннай, усім тым, хто працаваў у тыле, набліжаючы Дзень Перамогі, зведаў прымусовыя работы ў няволі альбо апынуўся ў нацысцкіх лагерах.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ

На здымку: павіншаваць Яраса Пятровіча КАЗАЧЭНКУ прыйшлі праўнукі Ваня і Арцём.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top