“Уладар сяла” — не званне, а прызванне

“Уладар сяла” — не званне, а прызванне

Яны жывуць у вёсцы і ганарацца  гэтым, любяць зямлю і яна шчыра аддзячвае іх добрым ураджаем, яны лічаць, што сям’я — галоўнае шчасце ў жыцці і кожны дзень руплівай працай паляпшаюць яе дабрабыт… У мінулую суботу ля Дома культуры аграгарадка Ракітніца сабраліся маладыя сем’і, каб вызначыць самую моцную, спрытную, працавітую, якая стане сапраўдным “Уладаром сяла-2012”.
Сёлета ў традыцыйным раённым конкурсе за гэтае званне змагаліся 5 маладых сем’яў. Былі сярод іх і пары, для якіх толькі нядаўна прагучаў марш Мендэльсона і сем’і, якія ўжо шмат гадоў дораць адзін другому каханне і пяшчоту. Конкурсы ацэньвала кампетэнтнае журы ў складзе А.Ануфрыюк, намесніка старшыні райвыканкама па ідэалагічнай рабоце, В.Бортнік, начальніка адзела па справах моладзі райвыканкама, Н.Калыбскай, начальніка райкама прафсаюза работнікаў АПК, Г.Аксюцік, начальніка аддзела ЗАГС, С.Лісічык, дырэктара арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама,  М.Маісеенка, в.а. першага сакратара ГА “БРСМ” і А.Капчук, рэжысёра арганізацыйна-метадычнага цэнтра ГДК.
Конкурсная праграма пачалася з “Візітоўкі”, якая дазволіла ўдзельнікам пазнаёміць усіх са сваёй сям’ёй, праявіць таленты, зацікавіць гледачоў. З хваляваннем, хто ў вершаванай форме, хто праз песні: дзяліліся сямейнымі сакрэтамі, жыццёвымі справамі, захапленнямі. Як маглі, праяўлялі свае здольнасці і таленты, дапамагалі бацькам дзеці. Хлопчыкі Максім і Ягор з сям’і Шамайлаў з Ракітніцы расказалі ў вершах пра каханне бацькоў; зусім дарослыя Наталля і Дзмітрый Друшчыцы з Азятаў — як размяркоўваюцца ў іх сям’і абавязкі, а таксама пра сваю маленькую сястрычку Ксенію. У маладой хмелеўскай сям’і Хомікаў пакуль няма дзетак, але Алена са сцэны паабяцала, што кветак жыцця ў іх будзе сем, як таго жадае муж. Аб роднай вёсцы Новыя Дворы распавяла сям’я Васільчыкаў, як ладзіцца жыццё ў вёсцы Бусні — сям’я Мікуцаў, а дапамагала ім маленькая бацькоўская радасць — Уладзіслава.
“Сакрэты смачнай катлеты” — так называўся наступны конкурс, у час якога ўмелыя гаспадыні прапаноўвалі журы прыгатаваныя стравы. Шчыра сказаць, на кулінарныя шэдэўры, створаныя жаночымі рукамі, хацелася глядзець і глядзець, а не спрабаваць іх на смак, каб не парушыць прыгажосць. Усе атрымалі заслужаныя дзясяткі. Наперадзе гаспадынь чакала яшчэ адно выпрабаванне, якое праверыла іх клапатлівыя рукі на спрытнасць. Сучасным “папялушкам” трэба было найхутчэй перабраць змешаныя крупы. З гэтым заданнем лепш справілася сям’я Хомікаў з Хмелева.
Хто жыве ў вёсцы, добра ведае, як трэба калоць дровы. Вопыт дрывасека, назапашаны ў штодзённых буднях, наказвалі прадстаўнікі моцнага полу. У гэтым выпрабаванні перамагла Аляксандр Друшчыц, які мае ўжо 13 гадовы стаж сямейнага жыцця.
У конкурсе нарыхтовак на зіму садавіны і гародніны спрытнасць і ўменне праяўлялі мужу і жонка. Хуткімі рухамі мужчыны запаўнялі  слоікі свежымі агуркамі і памідорамі, да якіх не забывалі дадаць спецыі, а жанчыны-гаспадыні заставалася закатвалі нарыхтоўкі.
Нямала пазітыўных эмоцый падарыў усім конкурс, калі правяралася ўменне мужчын спавіваць дзіця. І журы, і гледачы пераканаліся, што ўсе “маладыя таты”, нават тыя, у каго пакуль няма сваіх дзетак, добра ведаюць асноўныя прынцыпы спавівання. у гэтым конкурсе вельмі важнай была якасць і перамога зноў дасталася сям’і Друшчыц.
Свята ахапіла ўвесь цэнтр аграгарадка, дзе размяшчаліся выставы народнай творчасці жыхароў розных вёсак. Кожны, хто хацеў, мог пачаставацца  беларускімі стравамі, наведаць гандлёвыя кропкі, паслухаць выступленні народных калектываў з Ракітніцы і Азятаў — словам, сумаваць нікому не даводзілася.
Самым прыемным момантам свята было, вядома ж, падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне. “Уладаром сяла-2012” прызнана сям’я Ірыны і Аляксандра Друшчыцаў з Азятаў, якая ўсіх захапіла сваёй згуртаванасцю, агеньчыкам ў вачах, бадзёрасцю і жыццёвай мудрасцю. Сем’і-ўдзельніцы атрымалі падарунак ад уласных мясцовых гаспадарак, а шматдзетныя сем’і Шамайлаў і Друшчыцаў яшчэ й ад райкама прафсаюза работнікаў АПК.
Спонсарскую дапамогу для правядзення мерапрыемства аказалі райвыканкам, грамадскія аб’яднанні “БРСМ” і “Белая Русь”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top