17-летняя пленница фашизма

17-летняя пленница фашизма

У семнаццаць дзявочых гадоў
Семнаццацігадовую Надзею Канановіч з Пелішча (прозвішча ў замужжы Асіпук) немцы сілаю вывезлі ў Германію на прымусовыя работы, літаральна, за год да доўгачаканай перамогі.
— Працавала я чорнарабочай на фанернай фабрыцы ў Кёнігсбергу, — успамінае жанчына. — Думаю, што рабочыя тут клеілі дзверы для нямецкіх самалётаў. Жылі мы ў бараках, спалі на двух’ярусных “ложках”. Працавалі ў дзве змены. Асабліва цяжка было “выстаяць” начную, таму што нямела абяссіленае цела ад недаядання, а вочы заплюшчваліся ад стомы.
У народзе кажуць “Зямля круглая, а свет цесны”. Так яно і ёсць. Тут Надзея адшукала сваю сястру Ганну, якая была вывезена ў Германію яшчэ ў 1942 годзе. Было так: знаёмыя хлопцы сказалі дзяўчыне, што тут, у Кёнігсбергу на гэтай жа самай фабрыцы, працуе яе сястра. Надзея кінулася на пошукі і знайшла. Сёстры сталі разам працаваць і жыць падтрымлівалі адна адну, успаміналі пра жыццё ў сям’і. “Кармілі вязняў вельмі дрэнна, як сабак”, — расказвала Надзея Мацвееўна. — “На першае — параная бруква, на другое — поліўка кіслая і цягучая, як соплі, у роце зводзіла ад кіслаты”.
Тут, на фанернай фабрыцы яна працавала да 1945 года, да вызвалення. Вяртанне на радзіму зацягнулася, таму што захварэла тыфам. Два месяцы лячылася ў ваенным шпіталі. Крышачку падлячылася, тады санітар вывеў яе на дарогу, дзе стаялі рэгуліроўшчыкі. Дзяўчына расказала, куды ёй трэба, і рэгуліроўшчыкі спынілі грузавік, у якім ехалі ваенныя мужчына і жанчына. Афіцэр пашкадаваў дзяўчыну, пасадзіў і нават ахінуў плашчом. Даехалі да дарогі на Велаў, развіталіся. Далей дзе пешкі, а дзе і спадарожным ваенным транспартам яна неўзабаве дабралася да вайсковай часці, якая яе прытуліла. Дзяўчыну прыладкавалі да працы ў гаспадарцы: працавала ў полі, збірала збажыну, на кароўнік працаваць не адпраўлялі. Хвароба зноў пра сябе заявіла. Звярнулася ў медыцынскі пункт. Больш у часць яна не вярнулася. Яе адвезлі ў ваенны шпіталь.
Восенню 1945 года Надзея Асіпук была накіравана з групай такіх жа дзяўчат да пастаяннага месца жыхарства. Вярнуўшыся ў Пелішча, дзяўчына там знайшла ўсю сваю сям’ю: бацькоў, сясцёр і братоў. Гэтаму яна была вельмі рада. У рэшце рэшт, я дома!
Неўзабаве дзяўчына выйшла замуж, пэўны час пражыла ў Соснах у мужавай сям’і, а потым пераехалі ў Жабінку. Тут яна працуе ў гандлі. Так, да самай пенсіі і гадоў шэсць пасля атрымання яе прастаяла за прылаўка прадуктовага магазіна.
Я даўно ведаю гэтую сціплую працавітую жанчыну. Вучылася з яе старэйшым сынам Анатолем у адным класе. Ён стаў токарам “залатыя рукі” на цукровым заводзе, дзе працуе шмат гадоў. Яго вопыт вувучаецца ў механічнай майстэрні прадпрыемства, ён каштоўны набытак.
Пайшоў з жыцця муж Рыгор Іванавіч і малодшы сын Аляксандр. Цяпер Надзею Мацвееўну наведваюць унукі, клапоцяцца пра бабулю, дапамагаюць у гаспадарцы, не забываюць і старэйшыя Асіпукі сын Анатоль і нявесткі Вольга і Галіна. Са слязамі на вачах жанчына расказвае ім, так як і нам, пра нялёгкія выпрабаванні, якія выпалі на яе долю. “Маладыя павінны ведаць пра лёс сваіх блізкіх, — тлумачыць жанчына. — Трэба каб памяць жыла і перадавалася з пакалення ў пакаленне”.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт.кар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top