Людзей ратуе толькі чалавечнасць

23 жніўня — 95 гадоў з дня нараджэння П.Панчанкі (1917-1995), народнага паэта Беларусі

Прыхільнікам і аматарам беларускай паэзіі добра вядома імя аднаго з таленавітых паэтаў ХХ ст., цудоўнага лірыка, народнага паэта Беларусі Пімена Емяльянавіча Панчанкі. Адметная, непаўторная і глыбока нацыянальная яго паэзія назаўсёды ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры. Нарадзіўся ён у Таліне, куды бацькі, беззямельныя сяляне, выехалі ў пошуках заробку. Пасля рэвалюцыі сям’я вярнулася на Беларусь. Будучы паэт скончыў сямігодку і працаваў рабочым дрэваапрацоўчага камбіната ў Бабруйску, адначасова вучыўся на аднагадовых педагагічных курсах. Пасля заканчэння іх настаўнічаў у розных школах рэспублікі. Завочна скончыў філалагічны факультэт Мінскага педінстытута. З 1939 года пачалася франтавая эпапея Панчанкі. Дарогамі Вялікай Айчыннай вайны прайшоў у якасці франтавога карэспандэнта і завяршыў сваю ваенную службу ў 1945-ым у Іране. Пасля працаваў у розных перыядычных выданнях: загадваў аддзелам часопіса “Вожык”, быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты “Літаратура і мастацтва”, галоўным рэдактарам альманаха “Советская Отчизна” (папярэднік “Нёмана”). З 1966г. па 1971г. з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Займаўся грамадскай дзейнасцю, у тым ліку быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. На грамадскіх пачатках узначальваў Рэспубліканскі Камітэт абароны міру. Пімен Панчанка — ганаровы акадэмік НАН Беларусі (1994). Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны ІІ ступені, Кастрычніцкай рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — “Знак Пашаны”, медалямі і граматамі. Пісаць Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы (“Ураджайнае” і “Моладзі”) у 1934г. у альманаху “Ударнікі”. Як паэт, ён пачаўся з лірыкі, аб чым сведчаць яго першыя зборнікі “Упэўненасць” (1938) і “Вераснёвыя сцягі” (1940). У іх знайшоў адлюстраванне рамантычна-ўзнёслы настрой мастака. Паэтычную сталасць прынеслі вершы, напісаныя ім у час вайны. На франтавых дарогах ён бачыў кроў, смерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываннем, спагадай да чужога гора. Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш “Сінія касачы”. Ваенныя ўражанні паэта ўвасобленыя ў зборніках “Дарога вайны” (1943), “Далёкія станцыі” (1945), “Гарачыя вятры” (1947). Адметнай з’явай у беларускай літаратуры стаў цыкл яго вершаў “Іранскі дзённік” (1944-1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго яго творчага лёсу. У пасляваеннай паэзіі Панчанкі часцей гучаць грамадзянскія матывы: барацьба за мір, услаўленне сацыялістычнага ладу, палёты ў космас, інтэрнацыянальныя сувязі. Адзін за другім выходзяць зборнікі паэта “За шчасце, за мір” (1950), “Шырокі свет” (1955), “Кніга вандраванняў і любові” (1959), “Нью-Ёркскія малюнкі” (1960), “Тысяча небасхілаў” (1962). Напісаная ў гэтыя гады лірыка-публіцыстычная паэма “Патрыятычная песня”, у якой паэт выказваў шчырае прызнанне ў любові да радзімы, да людзей, была ў 1959г. узнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Я.Купалы. Прыкметнай з’явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга яго вершаў “Пры святле маланак” (1966, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968). Пачынаючы з гэтай кнігі, светаразуменне паэта становіцца больш заглыбленым, па-філасофску засяроджаным, разважлівым. Паэтычныя зборнікі паэта “Снежань” (1972), “Крык сойкі” (1976), “Вячэрні цягнік” (1977) насычаны непакоем, роздумам над глабальнымі праблемамі сучаснасці, над будучыняй чалавецтва. У іх гучыць гарачая любоў да роднай зямлі, да чалавека працы. Глыбокім лірызмам прасякнуты зборнік яго “Дзе начуе жаўранак”. На рускай мове кніга была выдадзена ў Маскве і атрымала Дзяржаўную прэмію СССР. У канцы 1980 — пачатку 1990-х гг. у творчасці паэта ўзмацніліся публіцыстычнасць, палемічная вастрыня, сатырычны пафас. Пасля смерці паэта з друку выйшлі яго кнігі “Зямля ў мяне адна” (1966) і “Жытнёвы звон” (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў, яму належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі літаратурнага жыцця. Ён аўтар кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў “На паэтычным небасхіле” (1977). Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, Ф.Шылера і інш. Паэт і публіцыст, крытык і перакладчык Панчанка шмат зрабіў для беларускай літаратуры, але асноўнае ў яго творчай спадчыне — яго вершы, якія былі выразнікамі дум і спадзяванняў эпохі, вершы, у якіх заўсёды адлюстроўвалася багатая гама чалавечых пачуццяў.

Марына КАРПІШЧУК, бібліёграф ЦБС.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*