Мелодыі і смех — над сакалоўскімі стаўкамі

Мелодыі і смех — над сакалоўскімі стаўкамі

У вёскі Сакалова паважаны ўзрост: яна размяняла ўжо 380 гадоў, але па-ранейшаму выглядае молада. Спрадвеку тут жыве працавіты люд, што ўмее і на ніве шчыраваць, і добра адпачываць. У гэтым упэўніўся кожны, хто завітаў на свята вёскі Сакалова.
З жартамі, танцамі, песнямі пад гармонік Мікалая Зіноўева народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і дзеці з узорнага фальклорнага калектыву “Дараносіца” абходзілі падворкі, запрашаючы ўсіх у цэнтр вёскі.
Актыўна рыхтаваліся вяскоўцы, таму што гасцей чакалі з Жабінкі, Мінска, Брэста, Кобрына — адусюль, дзе жывуць нараджэнцы гэтага паселішча, якое глядзіцца спрадвеку ў люстэрка багатых рыбных ставоў.
На сядзібах — чысціня, ладзяцца выставы народных майстроў, паўсюль багацці лета: квецень, садавіна, агародніна. Прыпыніліся самадзейныя артысты ля хаты Дзмітрукоў, павіншавалі Наташу, якая сёлета са “Славянскага базару” прывезла грамату за ІІ месца ў міжнароднай выставе народнай творчасці.
Хутка пяць гадоў, як пераехала ў Сакалова з Пінска Ірына Міронаўна Кунай. Вакол хаты ўтульна, сама гаспадыня (колішняя швачка) выглядае надзвычай элегантна. А вось былы ваенны Віктар Уладзіміравіч Грышын з жонкай Надзеяй Германаўнай за некалькі гадоў ператварылі забалочаны ўчастак у астравок дабрабыту. Каб адпачыць у дзеда з бабуляй, у Сакалова наведваюцца ўнукі з Масквы і Санкт-Пецярбурга, Брэста і Волагды…
А на сядзібе Наталлі і Уладзіміра Абібокаў — музей даўніны. Трэба было бачыць, як слухалі дзеці з “Дараносіцы” расказ з паказам старых рэчаў ад Наталлі Іосіфаўны, што захоўваюцца ў жанчыны, улюбёнай у мінулае роднага краю.
Старэйшай жыхарцы Сакалова Ганне Севасцьянаўне Кавальчук — 88. Ёй у падарунак — сувенір і песня з часоў, калі была маладою. І наймалодшая — Вераніка Кашалюк не засталася без пачастункаў і песні. Яна — трэцяя дачка ў Людмілы Валер’еўны і Юрыя Міхайлавіча. Праз колькі дзён у хаце шматдзетнай сям’і — сямейнае свята: сем гадоў, як Люда і Юра крочаць па жыцці поруч, цяпер ўжо ў суправаджэнні дачок Волечкі, Сашуні і Веранічкі.
Далей самадзейных артыстаў вітае маладая сям’я Мікалая Фадзеевіча і Святланы Васільеўны Яскічаў. Сталы, упрыгожаныя вышыванкамі, а на іх шчодрыя пачастункі.
“Хмелеўскія валацугі” і “Дараносіца”, чый рэпертуар здаецца невычарпальным, праспявалі прывітальныя, станцавалі народныя танцы, “пазычаныя” з былых часоў, Галіне Платонаўне і Леаніду Сцяпанавічу Кобецам, Вользе Мацвееўне Кашалюк, Ірыне Нікіфараўне Калеснік.
Чмуневічы сустракалі гасцей трыма пакаленнямі. Побач з Міхаілам і Наталляй іх дзеці Ліза і Мікітка, а яшчэ — цудоўная бабуля Кацярына Кузьмінічна, якая і ў свае восемдзесят чатыры захоўвае добры розум і пачуццё гумару.
Кожны быў асаблівы. Узорны парадак, утульнасць на падворках і ў доме — у Раісы Уладзіміраўны і Уладзіміра Рыгоравіча Шахнюкоў, у Галіны Браніславаўны і Валерыя Іванавіча Лысюкоў, у Таісіі Паўлаўны і Вячаслава Уладзіміравіча Андрасюкоў, іншых.
Усе, хто прымаў свята на сваіх падворках, адзначаны прызамі. Дзень вёскі наведалі сваякі. Яны падзялілі з сакалоўцамі іх радасць і хвіліну смутку, што агарнула людзей пры згадцы аб прынесенай ваеннай ахвяры: 20 землякоў загінулі на вайне. Пра гістарычны лёс Сакалова нагадала старшыня Хмелеўскага сельвыканкама Ірына Міхайлаўна Андрайчук.
Песні, прысвечаныя роднай зямлі і яе працавітым людзям, гучалі з вуснаў хмелеўскіх артыстаў Наталлі Дырман, Валянціны Вайцюк, Людмілы Іванюк, Таццяны і Алены Грыцук, якім дапамагаў Аляксандр Казлоў. Парадавалі сакалоўцаў сваім майстэрствам Аляксандр Папко, Ірына Шалонік, Яна Гаўрыленка і Леанід Дудар — салісты эстраднай студыі “Золак” пад кіраўніцтвам Валерыя Няменшага. Доўга-доўга ў гэты дзень рэха разносіла над сакалоўскімі стаўкамі святочныя мелодыі і смех.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Деревня Соколова-родина моего дедушки Мицкевича Андрея Григорьевича , осенью 1905 г. в семье Мицкевича Григория Ивановича и Мицкевич Матрены Яковлевны (в девичестве Бурко) родился первенец. А в 1915 г. семья покинула деревню и переселилась в Украину.Дед-погиб на фронте 10 апреля 1945г.,защищая родину.Очень трогательно читать строки,посвященные деревне, и очень здорово,что администрация проводит такие важные мерроприятия для сельчан.

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top