“У вёсцы працаваць цікавей…”

“У вёсцы працаваць цікавей…”

Сёння мы рэдка лістуемся. Тэлеграмы, што ў савецкія часы былі самым хуткім сродкам у паведамленні чалавеку важнай навіны, амаль поўнасцю адышлі ў нябыт. Змяніўся час, новае аблічча набыла і паштовая сувязь. Сёння цяжка знайсці “фінансавую аперацыю”, якую б не маглі правесці спецыялісты “Белпошты”, а сельскія аддзяленні сувязі з’яўляюцца карысным сімбіёзам пошты з універсальнай крамай, банкам, інтэрнэт-кафэ, дзе кліентаў заўсёды чакаюць з ветлівай усмешкай і жаданнем дапамагчы.
Як адзначае Наталля Чмуневіч, начальнік Ракітніцкага аддзялення паштовай сувязі, працаваць у сельскай мясцовасці значна цікавей: кліентаў амаль усіх добра ведаем, зразумелыя іх праблемы. Пасля школы Наталля адправілася вучыцца ў каледж сувязі ў Брэсце. Працоўную дзейнасць пачынала ў абласным цэнтры. Праз некалькі месяцаў выйшла замуж і вярнулася на сваю малую радзіму. Працавала ў раённым аддзяленні сувязі, а потым пераводам адправілася ў аграгарадок Ракітніца.
Працоўны стаж у Наталлі хоць і не вялікі пакуль — 8 гадоў, 3 з іх яна ўзначальвае аддзяленне сувязі — аднак спецыяліст яна, на думку жыхароў, высокакваліфікаваны. Працу сваю выконвае хутка, заўсёды ветлівая з наведвальнікамі, дапаможа выбраць выданні, якія б адпавядалі інтарэсам пад час падпіскі. Дарэчы, заданне падпіскі на рэспубліканскія, абласныя і раённыя выданні паштовае аддзяленне пад кіраўніцтвам Наталлі Яўгенаўны кожны квартал перавыконвае. У раёнкі цяпер больш за 100 падпісчыкаў.
— Аказваць паштовыя паслугі мне — прыемна. Ведаю, што  праца прыносіць карысць: вось нехта атрымаў карэспандэнцыю, доўгачаканы ліст ад роднага, які знаходзіцца за тысячы кіламетраў, аплаціў камунальныя плацяжы, атрымаў пенсію. Пры гэтым, кожны з іх гаворыць табе шчыры ”дзякуй”, а значыць, дзень прайшоў не дарэмна, — разважае Наталля Чмуневіч. — Так што сумаваць на працы няма часу. Загадчыцу аддзялення Наталлю Чмуневіч мы засталі за працай. Яна ўмела абслугоўвала кліента, заадно вырашыла працоўныя пытанні з калектывам. А яшчэ пацікавілася справамі і здароўем сваіх вяскоўцаў.
Калектыў Ракітніцкага аддзялення паштовай сувязі невялікі, аднак працавіты і адказны. Тры паштальёны абслугоўваюць акрамя аграгарадка яшчэ і вёскі Булькова, Стрыганец, Задзерць, Стрыганецкія Бусні, а гэта больш за 1200 чалавек. Праблем, як кажа Наталля Яўгенаўна, з дастаўкай карэспандэнцыі, аказаннем іншых паслуг не бывае. У двух з іх стаж работы за 25 гадоў, а маладая дзяўчына, якая ўлілася ў калектыў сувязістаў 2 гады, таксама не падводзіць.
— Сёння вясковая пошта працуе на чалавека. Мы прапаноўваем шырокі комплекс паслуг, каб чалавек мог ажыццявіць у поўным аб’ёме свае плацяжы і набыць усё самае неабходнае ў адным месцы. У нас дзейнічае сістэма заказаў на цукар, мэблю, усю бытавую тэхніку, якую мы нават да хаты дастаўляем. Падключаем жыхароў да мабільнага аператара “МТС”. Есць у нашым аддзяленні і апарат, які дазваляе рабіць стаўкі ў спартыўнай латарэі “Кена”, з’явіліся нават пастаянныя вясковыя гульцы. Пакуль нам не давялося выйграць, але ж усё наперадзе, —- з усмешкай адзначае жанчына.
Кожны дзень у 17.30 Наталля спяшаецца дадому, дзе яе чакаюць любячы муж і маленькі сынулька — Максім, якому ўсяго 4 гады.
— Не стамляецеся на працы?  За дзень вы, мяркую, праводзіце не менш за тысячу “аперацый”, і вам патрэбна сумяшчаць у сабе як мінімум прафесіі касіра, бухгалтара, кіраўніка і прадаўца, да таго ж быць заўсёды ветлівай і чулай да чужых праблем?
— Працаваць зусім не цяжка, таму што адчуваю: выбар у прафесіі зроблены правільны.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top