“…Ды няма назад дарогі”

“…Ды няма назад дарогі”

Зусім нядаўна азятчук Фёдар Сініцкі адсвяткаваў свае 84-я ўгодкі. Прыемнае свята ў заслужанага чалавека. Аднак красавік у ягоным жыцці вызначыўся, на жаль, яшчэ адным памятным днём: амаль трыццаць пяць гадоў назад Фёдар Пятровіч з жонкай Вольгай Іосіфаўнай і дзецьмі зведаў, што такое Чарнобыль, якую бяду ён можа прынесці.
Для таго, хто перажыў вайну, ужо, здаецца, і нельга прыдумаць іншага ліха, здольнага парушыць, абрабаваць, пакінуць без жытла. Родную вёску Жмурную ў Лельчыцкім раёне спалілі акупанты. Як распавядала маці Кацярына Астапаўна, жылі ў зямлянках, галаднавата, чакаючы з жахам штодня, ці наведаюцца зноў карнікі. Бацька Пётр Адамавіч не сядзеў склаўшы рукі — партызаніў у атрадзе Фёдарава. Праз гады, як падрос, ягоны сын нават у кніжцы чытаў пра тое і паміж іншымі народнымі мсціўцамі Фёдар з гонарам адшукаў згадку пра тату. У пасляваенны час не да навук было, таму пасля шасці класаў юнаку давялося шчыраваць на зямлі, дапамагаць дарослым да стомы, да поту, да крывавых мазалёў.
У 1963-м Фёдар узяў за сябе маладзейшую на дзевяць гадоў Вольгу. Яна была з вёскі Дуброва Нараўлянскага раёна. У бацькоў дзяўчыны Іосіфа Рыгоравіча і Фёклы Іванаўны было ажно адзінаццаць дзяцей, Вольга стала дзясятаю. (Да слова, старэйшая Ганна, якая памерла ў 95, апошнія дзесяць гадоў дажывала ў малодшай сястры ў Азятах).
Пасля вяселля ў сям’і Сініцкіх усё пайшло няспешнай сваёй чарадой. Маладыя аддана працавалі, сыноў-дачок нараджалі. Хутка стала іх пяцёра: Коля, Пеця і Валера, а яшчэ — Валянціна ды Таццяна. Усё было, як належна, пакуль не ўварваўся ў жыццё той чорны боль… Ён моцна іх крануў. Бо жылі, лічы, пад самым Чарнобылем. Ад станцыі да вёскі — усяго 17 кіламетраў. Большасць моладзі працавала або вучылася ў Прыпяці. Быў сярод іх і Пётр Сініцкі. (Да слова, хоць атамную станцыю і звалі Чарнобыльскай, горадам атамшчыкаў стала менавіта Прыпяць).
Вясной 1986-га сын на месяц паехаў у камандзіроўку ў Азербайджан. Вяртацца давялося ў памятны дзень — 26 красавіка. Наступным вечарам пайшоў на танцы ў клуб. Дзе моладзь — там радасць, а тут адчуваўся нейкі незразумелы неспакой. Пасля выхадных быў на станцыі. Вечарам вярнуўся засмучаны, пайшоў да маці.
— Мама, вы спіце? — прамовіў асцярожна, каб не спалохаць.
Ды Вольга Іосіфаўна мо сэрцам адчула, вачыма прачытала на сынавым твары: здарылася нешта вельмі сур’ёзнае, непапраўнае. Тады хварэла Пецева бабуля. Першая думка: з ёю бяда. Жанчына міжволі ўсклікнула:
— Што? Мабыць, з мамаю нешта здарылася?
— Чарнобыль узарваўся…
Што гэта? Як гэта? Ніхто не ведаў, і подых нябачнай пагрозы ледзь магчыма было адчуць. Вяскоўцы, як і ў мінулыя гады, выйшлі на палеткі. Сабраліся і Сініцкія бульбу садзіць. А Пеця сядзіць панура, быццам у нару забіўся.
— Чаму, сынку, не дапамагаеш?
— Вы гэтую бульбу, мама, есці не будзеце…
— Як жа, падзівіся, усе людзі садзяць.
Такое ўжо гэта пакаленне, да працы сквапнае, што памятае, як у галечу, пасляваенную нішчымніцу пяклі хлеб з жалудоў, пампушкі з ліпы… Як жа бульбу не садзіць? Сын уздыхнуў, узняўся, дапамагаць рушыў… А над галавой — верталёты віруюць, нейкі радыяцыйны фон вымяраюць. Сын ведае, што гэта. Старэйшым пакуль няўцям. Ды навука хутка прыйдзе і да іх, калі раптоўна сярод ночы ў вёсцы з’явяцца аўтобусы.
Настаўнікі прасілі:
— Збірайце хуценька дзяцей!
Ніхто не казаў: куды павязуць, навошта. У Сініцкіх было тады тры школьнікі: дочкі і сын Валерка. Як збіраліся, колькі слёз пралілося… Галасілі і старыя, і малыя. Неўзабаве даведаліся, што дзеці ў піянерскім лагеры ў Лідзе. Бацькі паехалі іх праведаць, а дзяўчынкі — Валя і Таня — назад не адпускаюць, плачуць, просяць:
— Забярыце нас адсюль!
Вярнуліся дзеці бліжэй да восені. Тады і выселілі дуброўцаў з “зоны”. Там, дзе раней спрадвеку вяскоўцы шчыравалі, зараз ліквідатары штодня працавалі. Замяралі радыяцыю, здымалі слой за слоем заражаную глебу, зноў вымяралі, а ўсё роўна — зашкальвае. Жах нейкі…
Ды чалавек — такая істота, што да апошняга спадзяецца на лепшае. Многія казалі, і Сініцкія за імі паўтаралі:
— Хутка ўсё скончыцца, абавязкова скончыцца, і мы вернемся назад.
Сям’я пераехала ў саўгас “Нараўлянскі”. Яшчэ і дамы для перасяленцаў не былі дабудаваныя. Некаторыя аднавяскоўцы падаліся ў Жлобінскі раён, іншыя — яшчэ далей. Сініцкія засталіся на Нараўляншчыне. Бо мелі спадзяванне хутка вярнуцца дамоў. На новым месцы неўзабаве выдзелілі добрую хату. І тут раптоўна адгукнуўся Чарнобыль: моцна захварэла дачка Таня. Сталічныя ўрачы, якія абследавалі дзяўчынку, паставілі несуцяшальны дыягназ і катэгарычна параілі:
— Калі хочаце ўратаваць дзіця — з’язджайце адсюль.
Якраз у той час з Азятаў прыехаў старшыня калгаса “Беларусь” Уладзімір Філіпюк. Ён прапаноўваў спецыялістам з Нароўлі перабірацца на Жабінкаўшчыну. Маўляў, зной-дзем для вас і жыллё, і працу. Вольга Іосіфаўна адважылася і падышла да Уладзіміра Канстанцінавіча з медыцынскімі паперамі. Той зірнуў, уважліва выслухаў і прамовіў:
— Канечне, дзяцей трэба ратаваць, прыязджайце.
Гэтак Сініцкія апынуліся ў Азятах. Тут прыжыліся, дзяцей вырасцілі. Старэйшы Мікалай ужо ваенны пенсіянер, браты Пётр і Валерый працуюць на камбікормавым заводзе, іх сястра Таццяна Ярмолік — на цукровым, а Валянціна Калячка стала медработнікам.
— Яны ўжо нам дзесяць унукаў падаравалі, а тыя яшчэ і чатырох праўнукаў, — гавораць з гонарам дзядуля і бабуля. — Усе прыязджаюць, любяць нас, і мы іх песцім. Цяпер у сувязі з гэтай злой хваробай нават забараняюць самастойна ў краму хадзіць — усё патрэбнае самі прывозяць. Жыццё пад старасць — толькі ў радасць, ды на жаль, ужо і жыць няма калі. Гады сышлі, што снег, у працы, клопатах.
Каб сэрцы не рваць на часткі, ніводнага разу за 35 год яны не вярталіся на малую радзіму. Паставіў Чарнобыль крыж на вёсцы, не гучаць там галасы, не каласяцца палі, не шумяць дубы вакол Дубровы… Міжволі ўздыхаюць старыя:
— Дамоў хочацца, ды няма назад дарогі.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
На здымку: Азяты сталі надзейным прытулкам для Вольгі Іосіфаўны і Фёдара Пятровіча СІНІЦКІХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top