26 апреля — День Чернобыльской трагедии

26 апреля — День Чернобыльской трагедии

26 красавіка — Дзень чарнобыльскай трагедыі
І ў аварыі — не жаночае аблічча
У раённай ветэрынарнай станцыі я працаваў ужо два гады, калі здарылася бяда ў Чарнобылі і да нас прыйшла разнарадка з абласной ветстанцыі: узяць пад апеку Брагінскі раён на Гомельшчыне. Пра адмаўленне гаворка не ішла: адмаўляешся, дык тут жа пішы заяву аб звальненні з працы, і гэта ў нейкай ступені нагадвала ваенныя абставіны. Адно што ў нашым калектыве вырашылі цвёрда: ехаць толькі мужчынам, супрацоўніц у небяспечную зону не пасылаць. І рашэнне не мянялася. У аварыі, як і ў вайны, аблічча не жаночае.
Я, як і іншыя, пабываў у Брагінскім раёне двойчы — у чэрвені 1986-га і ў маі 1987-га, за што і атрымаў пасведчанне “Ліквідатар аварыі на ЧАЭС”. Дарэчы, атрымаць яго было не проста. Выдавалі некалькімі гадамі пазней, і трэба было даказваць, што ты ўдзельнічаў у ліквідацыі. Такая строгасць, мусіць, была неабходная: нямала знаходзілася тых, хто “прымазваўся” да ліквідатараў, каб разам з пасведчаннем мець і немалыя на той час ільготы. Аднак нам, жабінкаўскім ветурачам, асаблівых перашкодаў не чынілі, бо мы былі не толькі камандзіраваныя, а і прынятыя часова на працу. Я, напрыклад, у калгас імя Чапаева Брагінскага раёна.
Ужо ў першы наш прыезд на мяжы з 30-кіламятровай зонай вакол Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі стаяў калючы дрот, аднак нямала людзей яшчэ жыло і за ім (у 1987-м ужо не было, за малым выключэннем). З Віктарам Мінічам, якога, на вялікі жаль, ужо няма ў жывых, мы кватаравалі ў цёткі ў Савіцкім Двары, а на працу — патрэбную, але, што і казаць, няўдзячную — ездзілі за дрот, які быў зусім непадалёку, праз заасфальтаваную дарогу. Абследавалі жывёлу на ўтрыманне радыяцыі. Кароў, свіней з павышаным узроўнем не выводзілі за межы зоны, праз некаторы час усыплялі і хавалі ў спецямах. Больш-менш “чыстых” адпраўлялі чым далей у адкромачнікі або адразу на мясакамбінаты. Апрача таго, займаліся дэзактывацыяй тэрыторыі, жылых і гаспадарчых пабудоў. Ніякай ахоўнай спецвопраткі не мелі, медпрэпаратамі ад радыяцыі не карысталіся, іх проста не было (да іх не адношу спіртное, якога не цураліся нават шафёры КАМАЗаў). Праўда, елі не забруджаныя, пераважна кансерваваныя, харчы — куплялі ў краме, куды рэдка заходзілі тутэйшыя жыхары. Яны часам і казалі: маўляў, больш вам будзе, на здароўе, а мы прывыклі жыць на сваім. Калі па праўдзе, дык не толькі яны, але і мы, ліквідатары, напачатку вельмі цьмяна ўяўлялі, у якой небяспецы знаходзімся, балазе інфармацыі тады пра гэта не было. Звычайная работа, дый годзе. Праўда, маладыя жыхары ўжо і ў той час спяшаліся выехаць з родных мясцін.
Як я пачуваюся сёныя, амаль праз чвэрць веку пасля чарнобыльскай катастрофы? Гаварыць пра ўплыў радыяцыі на здароўе цяжкавата. Думаю між тым, што захворванню крываносных сасудаў яна паспрыяла. Мяне абмінула хвароба шчытападобнай залозы, але ведаю некаторых, хто ад яе пакутаваў, лячыўся. І ўсё ж было б значна горш, калі б на працягу многіх гадоў мы не мелі льготаў, якіх пазбавіліся. Гэта не толькі зменшаныя падаходныя падаткі, як зараз, а і бясплатныя лекі, дадатковы санаторны адпачынак і г.д. Ні ў Расіі, ні ва Украіне, між іншым, ільготы не адменены, наколькі ведаю. Нам жа застаецца спадзявацца на дзяржаўную падтрымку.
З 1980-х гадоў мне не давялося наведаць Брагіншчыну. Што там робіцца цяпер, які там радыяцыйны фон, сказаць не магу. Чуў пра створаны не так даўно радыяцыйна-біялагічны заказнік на Палессі, пра рэдкія віды звяроў у ім, пра зграі здзічэлых сабак у забруджанай зоне. Людзі выязджалі, а сабакі, каты, куры, як правіла, заставаліся…
Наша ветстанцыя пастаянна кантралюе радыяцыйны фон на ўсёй тэрыторыі Жабінкаўскага раёна. Магу паведаць, што за апошнія гады ён стабілізаваўся, у тым ліку вакол вёскі Арэпічы, дзе раней радыяцыя крыху перавышала дапушчаную (нават павялічаную ў свой час) норму. Тым не менш на жабінкаўскім рынку па-ранейшаму працуе наша мясакантрольная станцыя. Калі хто сумняваецца ў чысціні мяса, грыбоў, ягад, можа звярнуцца сюды, калі ён і не прадае іх, або непасрэдна ў лабараторыю райветстанцыі, тэлефон 2-19-04. Па кансультацыю звяртайцеся на кантактны тэлефон 2-23-77, каля яго спецыялісты дзяжураць штодзённа ў рабочы час і ў выхадныя дні з 8.00 да 14.00.
Радыёнуклідаў, дарэчы найбольш назапашваецца ў касцях жывёлы і рыбы — іх можа быць удвая больш, чым у тканках. Так што перш чым кіпяціць косці для булёна або студзеня, не лішне праверыць іх на ўтрыманне нуклідаў.
А.ЯЧНІК, вядучы ўрач-эпізаатолаг райветстанцыі, ліквідатар аварыі на ЧАЭС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top