Да 100-годдзя Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі

Да 100-годдзя Беларускага прафсаюза адукацыі і навукі

Жывем інтарэсамі педагагічнай сябрыны

Інтэрв’ю са старшынёй раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Людмілай ВАЛЕТАВАЙ

— Людміла Яўгенаўна, сёлета ваш галіновы прафсаюз святкуе сапраўды прыгожую юбілейную дату: спаўняецца сто гадоў з дня яго ўтварэння. А які шлях прайшла раённая арганізацыя за гэты перыяд?
— Вядома, гісторыя прафсаюзнага руху на Жабінкаўшчыне крыху карацейшая. У тым далёкім ужо 1921 годзе, калі ў беларускай сталіцы выспела рашэнне аб стварэнні прафесійнага аб’яднання работнікаў асветы, наш край уваходзіў у склад Польшчы. Таму адстойванне правоў працоўных, прынамсі, занятых у педагагічнай сферы, пачалося толькі пасля ўз’яднання ў 1939 годзе заходняй часткі Беларусі з БССР. Аднак мы не забываемся, што жабінкаўцы і да гэтай даты былі актыўнымі ў прафсаюзных справах. Многім вядома прозвішча Захара Захаравіча Кавальчука з Крыўлянаў. Гэты неардынарны чалавек з юнацтва прысвяціў сябе змаганню за правы працоўных у Злучаных Штатах і Расіі, а ў 30-я гады мінулага стагоддзя ўзначальваў прафсаюзы Беларусі, фактычна стаў трэцяй па значнасці асобай у БССР.
Непасрэдна пачатак летапісу сваёй прафарганізацыі вядзем з саракавога, перадваеннага года, калі ўтварыўся Жабінкаўскі раён. Неўзабаве ліхалецце перапыніла будаўніцтва і паступовае развіццё арганізацыі, якая адрадзілася адразу пасля вызвалення. Найбольш актыўна справы педагагічнага прафесійнага саюза разгарнуліся з 60-х гадоў, пасля аднаўлення раёна. З таго часу і па сённяшні дзень арганізацыю ўзначальвалі многія кампетэнтныя, пісьменныя кіраўнікі, звязаныя з сістэмай адукацыі краю, якія карысталіся павагай сярод педагогаў. У іх ліку Васіль Раманавіч Дошчык і Яўген Георгіевіч Гук, Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва і Васіль Іосіфавіч Міхалькевіч, Святлана Іванаўна Майсейчык і Тамара Дзмітрыеўна Барысюк, Вера Анатольеўна Шэвелева і Наталля Мікалаеўна Урбан. Кожны з іх адстойваў інтарэсы працоўных, найперш іх сацыяльныя правы, умеў згуртаваць вакол сябе актыў, а вакол актыву і ўсю прафесійную арганізацыю. Летам 2019-га педагагічная сябрына даверыла мне адказную прафесійную работу. Стараюся на пасадзе старшыні падтрымліваць узровень, закладзены папярэднікамі.
— Што ўяўляе сабой арганізацыя сёння?
— Усялякі саюз — перш за ўсё гэта аб’яднанне неабыякавых аднадумцаў, звязаных агульнымі інтарэсамі і не толькі прафесійнымі. Нездарма кажуць: “Галоўная каштоўнасць — людзі” — і мы ганарымся сваёй масавасцю. Бо ў буйнейшую галіновую арганізацыю на Жабінкаўшчыне, якая складаецца з 28 пярвічак, уваходзяць 1142 чалавекі, у тым ліку 964 працуючыя. Разам з тым дзейнічае пагадненне паміж аддзелам па адукацыі райвыканкама і нашай арганізацыяй на 2021–2023 гады.
Асаблівую ўвагу звяртаем на лідарскія якасці старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый. Яны павінны фарміраваць аўтарытэт сваімі паводзінамі, умець згуртаваць людзей. Гэта прапісная ісціна: прафлідар стварае добразычлівасць і супрацоўніцтва ў працоўным калектыве, падтрымлівае сувязь паміж работнікамі і наймальнікамі, забяспечвае бяспечныя ўмовы працы, прадастаўляе неабходныя сацыяльныя гарантыі. Цешыць, што менавіта такімі якасцямі вызначаюцца старшыні нашых пярвічак. Задача раённага камітэта, са свайго боку, — у каардынацыі іх дзейнасці, падтрымцы творчых ідэй, у садзейнічанні іх рэалізацыі. Сочым, як складваюцца калектыўна-дагаварныя адносіны, вырашаюцца пытанні аплаты працы і сацыяльна-прававой работы. Не пакідаем па-за ўвагай і пытанні адпачынку. Прынамсі, у сферы нашай цікавасці экскурсійна-турыстычны напрамак, спартыўныя мерапрыемствы, розныя конкурсы, спаборніцтвы. У работнікаў устаноў адукацыі ёсць цудоўная магчымасць змяніць абстаноўку, адпачыць, аздаравіцца ў прафсаюзных санаторыях, у тым ліку ў “Бугу”. Працуем таксама з нашымі ветэранамі і маладымі педагогамі раёна. Адным словам, жывем інтарэсамі педагагічнай сябрыны, стараемся ўнікаць у клопаты і праблемы кожнага чалавека.
— Неаднаразова і на розных узроўнях згадвалася пра тое, што Жабінкаўшчына — край надзвычай адметны, так бы мовіць, са сваім непаўторным тварам. Людміла Яўгенаўна, а ці бачыце вы нейкія асаблівасці ў жыцці вашай раённай арганізацыі?
— Ужо гаварыла і не стамлюся паўтараць надалей: мы імкнемся захаваць традыцыі і бясцэнны вопыт працы з людзьмі, які дастаўся ў спадчыну ад папярэдніх пакаленняў. Кожны ведае: Жабінкаўскі раён — самы невялічкі ў краіне. А колькі талентаў было, ёсць і, думаю, будзе ў нас! Сярод многіх, хто праславіў сябе на настаўніцкай ніве, хочацца згадаць прозвішча Ганны Пракопаўны Давыдоўскай. Яна перажыла вайну, навучала шматлікія пакаленні жабінкаўцаў, была абвешчана Ганаровым ветэранам педагагічнай працы. І сёння Ганна Пракопаўна — бясспрэчны аўтарытэт для маладых настаўнікаў і выхавальнікаў раёна.
Сувязь паміж пакаленнямі неразрыўная. Штогод у нашыя шэрагі ўліваюцца маладыя спецыялісты. Жабінкаўскія педагогі шматкроць станавіліся прызёрамі і пераможцамі абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”, раённых спаборніцтваў “Малады чалавек года” і “Аўталэдзі”. Воляй-няволяй прыгадаеш мудрае выслоўе: “Малы залатнік, але дарагі”. Бо не памерамі раёна вымяраюцца таленты, а той творчай атмасферай, якая пануе ў педкалектывах.
— Якія прафсаюзныя пярвічкі зараз у ліку лідараў?
— Нельга не адзначыць, што ўсе нашы пярвічкі на добрым рахунку, найбольш паспяхова праводзяць сваю дзейнасць прафсаюзныя арганізацыі гарадской сярэдняй школы № 1, Жабінкаўскай спе-
цыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, ясляў-сада № 3 у райцэнтры. У гэтых арганізацыях належна ўдаска-нальваюцца сацыяльнае партнёрства, работа па забеспячэнні працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў чле-наў прафсаюза. Аднак і ў астатніх прафсаюзных ячэйках робіцца нямала, каб ва ўстановах адукацыі выхоўваліся сапраўдныя будучыя грамадзяне краіны, адукаваныя, развітыя ў культурным, духоўным і фізічным плане асобы. З такімі вынікамі мы сустракаем славуты юбілей.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота Святланы КІСЛАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top