Пасадзі сваё дрэва!

Рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу” пройдзе ў Беларусі з 3 па 10 красавіка. Яе арганізатарам традыцыйна выступіць Міністэрства лясной гаспадаркі. Сёлетняя кампанія (якая, дарэчы, адбудзецца ўжо ў 14-ы раз) прымеркавана да Года народнага адзінства.
Галоўная мэта “Тыдня лесу” — прыцягненне ўвагі грамадскасці да неабходнасці беражлівых адносін да ляснога фонду. Стаць удзельнікам акцыі можа кожны — патрэбна проста звярнуцца ў бліжэйшы лясгас ці лясніцтва і паведаміць пра сваё жаданне.
Лесагаспадарчыя ўстановы забяспечаць добраахвот-нікаў пасадачным матэрыялам, інвентаром, абазначаць аб’екты, на якіх можна будзе пасадзіць лес. Такім чынам, кожны можа ўнесці свой уклад у лясное багацце краіны.
За тыдзень у лясах Брэстчыны сёлета плануецца высадзіць больш за два мільёны дрэў. Работы будуць арганізаваны на 330 аб’ектах. Далучайцеся да акцыі, пасадзіце сваё дрэва!

Дом без насілля

Хатняе насілле адбываецца за зачыненымі дзвярыма, але яно, бясспрэчна, — праблема ўсяго грамадства. З 5 па 9 красавіка ў нашай краіне будзе праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя “Дом без насілля!”, галоўная мэта якой — прыцягнуць увагу насельніцтва да аказання дапамогі і садзейнічання дзяржаўным органам у вырашэнні праблем гвалту ў сям’і з прымяненнем да асоб асацыяльных паводзін мер індывідуальнай прафілактыкі правапарушэнняў.
У акцыі прымуць удзел спецыялісты міністэрстваў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, аховы здароўя, а таксама розных грамадскіх аб’яднанняў.

Праезд — і па электронных білетах

З 1 красавіка ў гарадскім грамадскім транспарце Брэста для аплаты праезду пачалі выкарыстоўвацца ў тым ліку і электронныя праязныя білеты. Пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале мэр горада над Бугам Аляксандр Рагачук.
Прадпрыемства “Брэсцкі грамадскі транспарт” першым у Беларусі ўкараняе шырокую лінейку электронных праязных білетаў. Усе гарадскія аўтобусы і тралейбусы тэхнічна падрыхтаваны і аснашчаны для прыёму неабходных плацяжоў.
На першым этапе будуць даступныя новыя віды праязных на пэўную колькасць паездак пры аплаце праз праграму “ТІХ”. Праз “Аплаці” пасажыры змогуць акрамя разавых набыць праязныя білеты на месяц. Пасля правядзення тэставых іспытаў і гатоўнасці аператараў лінейка квіткоў будзе дапоўнена ўсімі відамі праязных.

Аматары творчасці Пушкіна

У трэцяй гарадской школе сярод таленавітых юнакоў і дзяўчат, якія захапляюцца творчасцю вялікага рускага паэта, прайшоў раённы творчы конкурс “Пушкінскія чытанні “Сябры, чароўны наш саюз…”. Яго пераможцы прадставяць жабінкаўскі край на абласным этапе конкурсу ў БДУ імя А.С.Пушкіна. Пажадаем юнакам і дзяўчатам поспеху!

Ход каралевы

Падчас вясновых канікулаў на базе першай гарадской школы ладзілася спартыўна-масавае мерапрыемства “Шахматы ў школе”. Каманда вучняў другой адзінаццацігодкі ў складзе Дзмітрыя Кіслага, Мікіты Гіня, Валерыі Лаўрэнцікавай і Надзеі Гурынай заняла ганаровае першае месца.

Загінуў веласіпедыст

29 сакавіка ў 21.25 24-гадовы кіроўца Б. на легкавым аўтамабілі “Аўдзі” рухаўся па аўтадарозе Н-141 “Арэпічы-Сцяпанкі-Сакалова-Цукровы завод”. На 4-м км ён здзейсніў наезд на 29-гадовага веласіпедыста С., які знаходзіўся ў спадарожнай паласе руху. У выніку ад атрыманых траўмаў той памёр на месцы здарэння. Веласіпед не быў абсталяваны ліхтарамі, аднак прысутнічалі святлоадбівальныя элементы (катафоты). Па факце ДТЗ распачата крымінальная справа.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top