Стравы ад Таццяны Лойка

Стравы ад Таццяны Лойка

Толькі той становіцца лепшым у прафесіі, хто здольны — як повар кафэ “Моладзевае” Таццяна Пятроўна Лойка — гатаваць сапраўдныя вытанчаныя стравы, ад якіх — пальчыкі абліжаш.
Мара пра будучую прафесію ў Таццяны нарадзілася ў дзяцінстве: пакуль дзяўчынкаю бегала за рэчку — у вёску Зарэчка, дзе была сярэдняя школа. Ужо ў шостым класе яна спісала рэцэптамі поўнасцю кнігу для кулінарных запісаў, падораную маці Верай Сяльвестраўнай. Адкуль іх толькі не брала: з часопісаў, газет, а самыя каштоўныя — ад стрыечнай сястры Наталлі, школьнай паварыхі. Часам прыходзіла да яе, сядзела ў кутку, бы мыш пад венікам, і назірала за спрытнымі і ўмелымі рукамі, ды не-не мільгала ў галаве думка: “Мо і я стану некалі гэткай спрытнай і ўмелай?”
— І зараз, бывае, заглядваю ў тую першую сваю кнігу: не толькі, каб дзяцінства згадаць, але і каб нешта смачнае прыгатаваць, — прызнаецца повар. — Ужо тады ўзяла за правіла кожную суботу рабіць падарункі-пачастункі родным: матулі, тату Пятру Маркавічу, малодшым — брату Гену, сястрычцы Людачцы. І зусім-зусім не шкадавала, а наадварот — была шчасліваю, калі печыва ў імгненне вока знікала са святочнага стала…
Ніхто не здзівіўся, калі пасля школы Таня захацела ехаць вучыцца ў Кобрынскае вучылішча, дзе рыхтавалі павароў. Год вучобы пад кіраўніцтвам цудоўнага майстра Наталлі Сяргееўны Барташук праляцелі як у казцы. І вось экзамен, які праводзіўся ў кобрынскім рэстаране.
— З білетам пашчасціла, — прызналася Таццяна Пятроўна. — І цяпер больш за іншае люблю рабіць мясныя стравы. А на паперцы было “смачнае” заданне: згатаваць смажаніну “Белавежскую”…
Строгія экзаменатары — прызнаныя майстры ў сваёй справе пакаштавалі стравы ўсіх 23 маладых, Таніну смажаніну не прамінулі адзначыць. І тая адзнака была “выдатна”.
Гэтак яна стала поварам трэцяга разраду. За гады “дацягнулася” да пятага, наперадзе шосты разрад — апошняя прыступка перад галоўнай вяршыняй — майстрам-поварам. Марыць Таццяна паўдзельнічаць і ў прафесійных спаборніцтвах… Але — гэта наперадзе. А што засталося за спіною?
Дваццаць гадоў таму вярнулася з дыпломам у родную Зарэчкаўскую СШ. Шукала шчасця ў сям’і і знайшла яго побач з Іванам Лойкам. Вясельныя стравы гатавалі ўсёй вёскай, а кіравала справаю, вядома, маладая.
Пераехаць у наш горад сям’ю, дзе гадаваліся ўжо дочкі Віка і Яніна, падказала яшчэ адна Наталля, Іванава сястра, што жыла ў Жабінцы. Было гэта роўна чатыры гады таму. Іван амаль адразу ўладкаваўся на працу ў ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, хутка — у Дзень мужчын — і Таццяна стала поварам у рэстаране “Вясёлка”. А год таму атрымала запрашэнне папрацаваць у кафэ “Моладзевае”. Пра свае сённяшнія справы Таццяна Пятроўна гаворыць так:
— Калі ў рэстаране некалькі повараў, дык тут на кухні я адзіная гаспадыня. Спрэчкі няма: вялікая нагрузка штодня, але ж і задавальненне немалое, магчымасць рэалізаваць свае творчыя задумы… Чаму людзям маё гатаванне даспадобы? Бо ўзяла на ўзбраенне народную мудрасць: “Стравы рабі не толькі з перцам ці соллю, але й з душою. Іншым гатуй як сабе. Не бойся перасолу, а дрэннага слова. Не рабі стравы наспех — і будзе вялікі поспех!”
— А як у хаце? Кухарскія святы працягваюцца?
— А вось у хаце амаль не гатую. Там муж на кухні галоўны! Нешта ад мяне ўзяў, нешта сам прыдумляе, гатуючы з любоўю. А калі з любоўю — абавязкова атрымаецца!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: повар Таццяна Пятроўна Лойка.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top