Да святой зямлі драмлёўскай

Да святой зямлі драмлёўскай

Семдзесят гадоў споўніцца 11 верасня гэтага года трагічным падзеям у вёсцы Драмлёва. Яна была спалена фашыстамі датла разам з жыхарамі. Цяпер гэтую святую мясціну акружаюць рослыя дрэвы, калісьці пасаджаныя вучнямі першай школы г.Жабінка. Каля падножжа кургана ўзвышаецца помнік — тры жаночыя постаці, што ўвасабляюць тры пакаленні: маці, дачка і ўнучка. Гэта сімвалы неўміручасці, бясконцасці жыцця. Некалькі макетаў падмуркаў на тэрыторыі мемарыялу — паказальнікі напрамку вясковай вуліцы і размяшчэння хатаў на ёй. Сцежкі з чырвонага шчэбеню (ён патрэсквае, калі ідзеш па ім) сімвалізуюць гарачае вуголле, у якое ператвараліся людзі… Мне ў дзяцінстве давялося ўбачыць дым над Драмлёвам, што гарэла, і я ўжо тады зразумела, што такое вайна, — гэта смерць, хаас, вар’яцтва, несціханы боль.
Нядаўна псіхолаг Жабінкаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, арганізатар праекта “Сувязная нітка пакаленняў” Вольга Аляксандраўна Каско арганізавала экскурсію да гэтага мемарыяла. Нехта з нас пабываў тут не першы раз, нехта ўпершыню, а хто і вырас побач. У кожнага свае думкі і перажыванні, але ўсіх аб’ядноўвае адно пачуццё: гэтую трагедыю, гэтую вайну забыць нельга!
Паэт Алесь Каско ўзнавіў гісторыю гібелі вёскі Драмлёва, нагадаў, што зямля ў урне, палітая людской крывёю на Жабінкаўшчыне, знаходзіцца таксама ў Хатыні, і гучыць там звон па нашых земляках; што наша Драмлёва — сярод тых вёсак, якія так і не абнавіліся, а іх 180. Усяго ж за гады акупацыі ў рэспубліцы было спалена 618 вёсак, вялікіх і малых.
У паэта-земляка Івана Арабейкі ёсць верш “Драмлёва”. У той дзень ён прагучаў з вуснаў Вольгі Аляксандраўны:
Цяпер ні свят, ні хат, ні мовы.
Цяпер тут памяць і трава.
Не ўстаць табе, сяло Драмлёва.
Не ўстаць — цяжкая галава.

А там за выжарам — калоссе.
А там за помнікам — палі.
Няма сяла, і вецер носіць
Маю трывогу па зямлі…
Былі прачытаны радкі і з “Балады памяці” Васіля Сахарчука, напісанай пасля таго ўжо, як адкрыўся мемарыял:
… На месцы тым стаіць курган,
і тры журботныя жанчыны
глядзяць праз вогненны туман
навек бяссоннымі вачыма.

Той, хто вырас побач з гэтай вогненнай вёскай, у Вярхах, — Аляксандр Фёдаравіч Крыўчэня. Ён усхвалявана паведаў, як ацалела яго родная вёска ад знішчэння. Фашысты рыхтаваліся да расправы: паставілі дзяцей і падлеткаў у два шэрагі, а дарослых трымалі асобна. Учынілі вобыск ва ўсіх сядзібах, але не знайшлі нічога крамольнага і адступіліся ад ліхога намеру. Падлетак Аляксандр Крыўчэня застаўся жывы, хаця ўжо стаяў пад прыцэлам.
Перажытае пры сваім першым наведванні мемарыялу Вера Пятроўна Мандрэнка выказала ў наступных словах: “Жудаснае пачуццё ад убачанага і пачутага!..” Алена Пятроўна Валетава дакранулася добрай душой і цёплымі рукамі да вянкоў і карзінак з кветкамі — паправіла іх, расставіла як належыць.
… Вецер гуляе, варушыць мінулае, не дае забыць сучасніку, што такое вайна.
Раіса МАРГЕВІЧ, наш няштатны карэспадэнт.
Фота Вольгі Каско.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top