Медыцынская дапамога становіцца больш даступнай

Медыцынская дапамога становіцца больш даступнай

Людзі ідуць да прадстаўнікоў “вертыкалі” з надзеяй, што іх пытанні і праблемы будуць разгледжаны і аператыўна вырашаны. Часам са сваімі просьбамі яны звяртаюцца не толькі да мясцовых уладаў, але і да старшыні абласнога выканаўчага камітэта К.А.Сумара.
Напрыклад, на сустрэчы з губернатарам жабінкаўцы ўзнімалі пытанні, што тычыліся працы ў раённай бальніцы так званых вузкіх спецыялістаў (неўролага, гінеколага, іншых) і магчымасці запісацца на прыём да ўрачоў па тэлефоне. На падставе звароту з’явілася даручэнне кіраўніка вобласці кіраўніцтву раёна. Як яно вырашылася?
У сувязі з гэтым — першае пытанне галоўнаму ўрачу Жабінкаўскай ЦРБ А.І.Лаўрукевічу:
— Анатоль Іванавіч, што робіцца ў раёне, каб тэма вузкіх спецыялістаў перастала быць “вузкім” месцам у сістэме аховы здароўя?
— З 1 жніўня да працы прыступіла малады спецыяліст — акушэр-гінеколаг Вольга Пятроўна Кустра, якая пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта размеркавалася да нас. Такім чынам, гэта ўжо чацвёрты спецыяліст акушэрска-гінекалагічнай службы ў Жабінцы. У перспектыве плануецца разгледзець пытанне стварэння ў аграгарадках участковай акушэрска-гінекалагічныя службы (па прыкладу тэрапеўтычнай, педыятрычнай і стаматалагічнай), таксама ўвесці яшчэ адну стаўку ўрача-гінеколага. Думаю, праблема даступнасці прыёму ў гінеколагаў будзе знятая.
Толькі што ў райбальніцу прыйшла новы неўролаг — Алена Іванаўна Пашкевіч. Яна жыхарка Жабінкаўшчыны, таму ёсць упэўненасць, што надоўга затрымаецца на роднай зямлі.
Пасля Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта працаўладкавалася ў Крыўлянскую ўрачэбную амбулаторыю ўчастковы тэрапеўт Кацярына Юр’еўна Бычкоўская, якая абслугоўвае насельніцтва Крыўлянскага і часткова Жабінкаўскага сельсаветаў.
Доўгі час, як вы кажаце, “вузкім” месцам у нас заставалася пратэзаванне зубоў. Сёлета пытанне знятае: за пазабюджэтныя сродкі адрамантаваны спецыялізаваны кабінет. Цяпер стаматолаг-пратэзіст Сяргей Міхайлавіч Кадлубовіч мае магчымасць рабіць жабінкаўцам зубы з металакерамікі.
Адным словам, кадравае пытанне, якое адчувалася востра яшчэ некалькі гадоў таму, паступова вырашаецца.
— У ранішнюю пару, калі адчыняецца рэгістратура ў паліклініцы, жыхары раёна, найперш вяскоўцы, звяртаюцца з просьбай па тэлефоне: “Калі ласка, пакіньце талончык да…” (і далей называюць спецыяліста, да якога хочуць трапіць).
— Так, практыка запісу па тэлефоне існуе даўно, нярэдка выклікаючы нараканні ад жабінкаўцаў. Аднак найчасцей гэта датычылася працы стаматолагаў. Цяпер, калі такія спецыялісты з’явіліся ў аграгарадках і шэсць стаматолагаў працуе ў райбальніцы, пытанне знятае. Дзеля таго, каб маладыя спецыялісты прыжыліся ў раёне, клапоцімся, каб яны мелі жыллё. Прыкладам, сям’я-стаматолагаў Новікаў, у якой нядаўна нарадзілася дзіцё, атрымала ўчастак і будуе ўласны дом.
Пры размеркаванні талонаў 30 працэнтаў застаецца для жыхароў з сельскіх населеных пунктаў. Дзеля зручнасці людзей у рэгістратуры працуе тэлефон 24-8-00 з трохканальнай тэлефоннай сувяззю. Акрамя таго перагледжаны графікі працы спецыялістаў з улікам прыёму ў зручны для грамадзян час.
Калі ўсё ж ўзнікаюць праблемы з прыёмам у спецыялістаў, жабінкаўцы могуць звяртацца да намесніка галоўнага ўрача Леаніда Пятровіча Карповіча (кабінет №8, тэлефон 22-5-88) ці ў кабінет №17 да галоўнай медсястры паліклінікі Тамары Пятроўны Рынчук, якія акажуць максімальную дапамогу.
Аднак хочацца выказаць пажаданне, каб вяскоўцы стараліся заказваць талоны праз фельчараў сваіх ФАПаў, якія на месцах здольныя вызначыць, да каго з урачоў райбальніцы, асабліва вузкіх спецыялістаў лепш звярнуцца пацыентам.
У перспектыве — з развіццём новых тэхналогій (на прыкладзе паліклінік горада над Бугам, дзе грамадзяне маюць магчымасць заказаць талоны праз інтэрнэт) разглядаецца такая перспектыва і ў нашым раёне.
Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top