Ліхалецце пражыў без драпінкі

Ліхалецце пражыў без драпінкі

Хто можа расказаць нам аб подзвігах суайчыннікаў, падзяліцца ўспамінамі аб тых, хто коштам уласнага жыцця дабіваўся Перамогі? Канечне, героі-франтавікі, якія прайшлі вайну са зброяй у руках. Праўда, іх засталіся адзінкі.
Уладзімір Сцяпанавіч Юрчук нарадзіўся і пастаянна жыве ў Грыцэвічах. Калі па беларускай зямлі пакацілася ліхалецце вайны, Уладзіміру было ўсяго сямнаццаць гадоў. У памяці 88-гадовага ветэрана засталіся юнацкія ўспаміны.
— У першыя месяцы вайны, — расказваў ён, — наша вёска была захоплена фашыстамі. У той час у Грыцэвічах і блізкіх да яе вёсках было многа моладзі. Немцы выбіралі моцных і здаровых маладых людзей для высылкі ў рабства ў Германію.
Замест школьнай парты ім была наканавана прымусовая праца. Некаторыя хлопцы і дзяўчаты доўга хаваліся ў жыце, каб гітлераўцы не вывезлі ў Германію. Уладзімір запісаўся, што нарадзіўся не ў 1924 годзе, як было на самой справе, а ў 1926, каб не ехаць. Аднак усё роўна яго ўключылі ў спісы. Тады ён абмануў нямецкага пісара, сказаў, што хварэў на тыф,  хваробу, якой немцы вельмі баяліся. Таму ў Германію ён не трапіў. Але юнакоў, якіх не адправілі ў Нямеччыну, прымусілі працаваць у тыле. Уладзімір з аднавяскоўцам працаваў на фашыстаў у будаўнічай арганізацыі. На працу ў Брэст і Кобрын вазілі цягніком з Жабінкі. Ездзіць чыгункай, расказваў ён, было страшна, таму што рэйкі часта былі замініраваны партызанамі. Аднойчы на яго вачах узарваўся чыгуначны састаў. Уцалелыя фашысты кінуліся ў лес і залеглі там. Хлопцы, што ехалі на працу, не сталі хавацца ў лесе, таму што баяліся абвінавачанняў у падрыве. Работа была цяжкая, аплачвалася ўкраінскімі карбованцамі, за якія нічога нельга было купіць.
А яшчэ ў памяці Уладзіміра Сцяпанавіча такі факт. У вёсцы Грыцэвічы ўсіх жыхароў паводле чаргі прымушалі несці “вахту” на чыгуначным палатне Масква-Брэст. У кожнай з блізкіх вёсак быў свой участак дарогі. Цэлую ноч трэба было сачыць, каб ніхто не падлажыў пад рэйкі міну. Вяскоўцы вымушаны былі выконваць загад, таму што ў заложніках у “каравульнага” была ўся сям’я. Калі б здарылася так, што на гэтым участку падклалі міну, то ўсю сям’ю расстралялі б.
У 1944 годзе ў час наступлення Савецкай Арміі, немцы пачалі спешна збірацца дадому. Яны забіралі з сабой усё, што было цэннае. Мясцовыя жыхары хавалі коней і жывёлу ў лесе. Каштоўныя рэчы закопвалі.
— Так здарылася, — расказаў Уладзімір Сцяпанавіч, — што ў час набліжэння вызвалення я быў на валасок ад смерці. Ехаў з Жабінкі на веласіпедзе дадому. Спыніў мяне немец, які быў верхам на кані, і патрабаваў ад мяне яшчэ аднаго. Я адказаў, што ў нас няма больш коней, а дзе ёсць — не ведаю. Тады фашыст прыставіў да майго лоба пісталет. Ногі і рукі ў мяне сталі ватнымі, калі падумаў, што ў канцы вайны прыйшла смерць. Раптам недзе ў лесе пачулася ржанне каня. Немец усміхнуўся і махнуў на мяне рукою. Словам, пашчасціла.
Пасля вызвалення Уладзімір Сцяпанавіч Юрчук быў мабілізаваны. Яго і іншых навабранцаў накіравалі ў 16-ты артылерыйскі вучэбны полк у горад Луга пад Ленінградам. На вуліцы быў верасень 1944 года. Тут ён праходзіў ваенную падрыхтоўку.
— У вучэбцы я быў выдатнікам, — успамінае Уладзімір Сцяпанавіч, — вучыўся на наводчыка. Гармату да баявой гатоўнасці наводзіў за 18 секунд, камандзір ставіў мяне ў прыклад іншым і шуткаваў так: “У мяне наводчык з двумя класамі — самы найлепшы”.
Полк, у якім служыў Уладзімір Юрчук, рыхтаваўся на Берлін, спачатку было вельмі цяжка, але, як вядома, чалавек прызвычайваецца да ўсяго. Так і ён хутка прывык да ўзрываў і смярцей. Савецкая Армія наступала, гнала фашыстаў у іхняе логава. У сакавіку 1945 года брыгада, у якой служыў Уладзімір Сцяпанавіч, пайшла на перадавую, але яго з-за здароўя камісавалі і накіравалі вучыцца ў войскі сувязі, што знаходзіліся пры чыгунцы.Вучылі наладжваць сувязь, правяраць яе апараты.
Ваеннае ліхалецце сённяшні ветэран прайшоў без ніводнага ранення, пастаянна верыў у Перамогу і марыў хутчэй вярнуцца дадому. Перамогу сустрэў у Маскве. Ягоная ваенная часць ужо ўзнаўляла ў сталіцы СССР сувязь, радыё, электрычнасць.
Затым было вяртанне на радзіму, праца: сталяром, цесляром, печніком, пазней у Брэсцкім аддзяленні чыгункі ажно да пенсіі працаваў.
Лідзія ІВАНІХІНА, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top