Крымінальная хроніка

Крымінальная хроніка

Як кармы дамоў нясуць, дык рагулям менш даюць

У савецкія часы шырока ўжывалася слова “нясун”. У газетных фельетонах ды крымінальных заметках і ў хвост, і ў грыву чысцілі тых, хто пад дэвізам “ва ўласнай гаспадарцы ўсё згадзіцца” цягнуў на свой падворак тое, што “дрэнна” ляжыць. Цяпер гэта заганная з’ява менш распаўсюджана. І ўсё ж выпадкі крадзяжоў грамадскай маёмасці часам здараюцца.
Як высветлілася, працаўніцы адной з малочнатаварных фермаў ААТ “Жабінкаўскі” не грэбавалі крадзяжом камбікармоў і сухаабястлушчанага малака. Яны быццам змагаліся за званне лепшага “несуна”. Як гэта паўплывала на жывёлу? Куды жывёлаводаў давяла прага нажыцца на чужым? Пытанні рытарычныя. Бо хоць і “здабывалі” яны кармы неаднойчы, пасадзіўшы кароў на “дыету”, але і гэтай вяровачцы нельга было бясконца віцца. У выніку іх “бізнесам” зацікавіліся праваахоўнікі. Яны і падлічылі, хто больш вынес з фермы. “Перамогу” ў гэтым “спаборніцтве” бясспрэчна займела В., якая незаконна “набыла” ў роднай гаспадарцы амаль тону камбікармоў і не менш за 25 кілаграмаў сухога малака. Цяпер, калі прагучаў фінальны свісток у гэтай гісторыі, ужо суддзі вырашаць, каго і як пакараць.

Кожнаму на заметку: “павукі” ў інтэрнэце расстаўляюць “сеткі”

Ох, і шмат развялося зламыснікаў, якія спакушаюць людзей праз “сусветную павуціну” альбо проста нахабна цягнуцца да нашых кішэняў ды банкаўскіх рахункаў. Спраў, якія ажыццяўляюцца з дапамогай сучасных прыстасаванняў, у апошнія месяцы надта шмат. Найбольш пашыраны сродак, які абіраюць інтэрнэт-махляры, тычыцца крадзяжу грошай з пластыкавых картак. Рэч яна, вядома, зручная. Але, як высвятляецца, не толькі для законнага карыстальніка. Бо тыя “павукі”, што хаваюцца пад чужымі імёнамі ці мянушкамі-“нікамі” ў бязмежных прасторах інтэрнэту, так і шчыруюць, каб зацягнуць у свае “сеткі” даверлівых грамадзян.
Аднак бывае і такое: раптам патэлефануе вам невядомая асоба, важна прадставіцца супрацоўнікам банка, ласкава папросіць паведаміць рэквізіты карткі ды патрэбныя коды. А затым — не паспееш і вокам павесці — а ўжо знікла ў цябе рублёў дзвесце. А мо і ў тры разы болей, як адбылося ў “чорны” поўдзень аднаго з лютаўскіх дзён з грамадзянкай Б.
Яшчэ большы “ўлоў” займеў іншы “павук”, які з дапамогай няхітрых маніпуляцый сваіх рук, увёўшы лжывую інфармацыю, незаконна стаў уласнікам чужых 875 рублёў.
Сустрэліся ў дарозе аднагодкі…
Колькі разоў ужо паўтаралася: дарога — месца надзвычай небяспечнае, якое патрабуе падвойнай, а мо і патройнай увагі ад кіроўцаў, пешаходаў — усіх удзельнікаў руху. І ўсё ж, на жаль, на ёй здараюцца няшчасці, трагічныя выпадкі, часам абрываецца жыццё. Вечарам 26 лютага 45-гадовы вадзіцель С. за рулём аўтамабіля “Вольва” з прычэпам рухаўся ў бок аграгарадка Сцяпанкі. У цёмную пару сутак кіроўца наехаў на пешахода, які быў на праезнай частцы. Уратаваць пацярпелага, якому таксама было 45 гадоў, аказалася немагчыма: ад атрыманых траўмаў ён памёр на месцы здарэння… Супраць вадзіцеля ўзбуджана справа на падставе часткі 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
На шчасце, не такой трагічнай стала сустрэча на дарозе пешахода З. з іншамаркай, якою кіраваў Р. Грамадзянін пераходзіў ранкам аўтастраду Брэст — Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі ў аграгарадку Ленінскі. У выніку ДТЗ ён атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top