Да Дня работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы

Да Дня работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы

Лілія САКАЛОВА:
“Мы працуем для людзей”

 Сёлета тыя, хто звязаў свой лёс з землеўпарадкаваннем, картаграфіяй, геадэзіяй, у дваццаты раз святкуюць сваё прафесійнае свята. Хоць іх важныя справы спрадвеку былі ў пашане, бо дазвалялі адкрываць і ўпарадкоўваць новыя землі, разведваць багацці яе нетраў, рухацца наперад чалавечай цывілізацыі. З нагоды прыемнага свята сустрэліся з Ліліяй САКАЛОВАЙ, якая ўзначальвае аддзел землеўпарадкавання райвыканкама.
На сцяне яе кабінета, як сапраўдныя рэліквіі, вісяць два планы ўнутрыгаспадарчага земле-ўпарадкавання. Першы рарытэт выраблены ў 1949 годзе для арцелі імя Дзяржынскага, у якую аб’ядналіся падчас калектывізацыі сяляне вёскі Лясоты. Другі план — асаблівы гонар Ліліі Мікалаеўны — створаны ёю ўласнаручна, калі вучылася ў Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі.
Яна нарадзілася ў сям’і, дзе вельмі шануюць родную зямлю. Мама Марыя Мікалаеўна Марыневіч некалі ўзначальвала Хмелеўскі сельсавет, бацька Мікалай Пятровіч быў аграномам. Дапытлівая і старанная дзяўчына з самага маленства цягнулася да навук. Таму і родную школу ў Хмелеве скончыла з залатым медалём. Дарэчы, другую высокую ўзнагароду за выдатныя веды атрымала сяброўка-аднакласніца Ларыса.
— Вы цудоўна яе ведаеце, — усміхаецца наша гераіня. — Цяпер яна Ларыса Харс — старшыня Азяцкага сельвыканкама. Тады — страшна нават вымавіць колькі гадоў таму! — і падумаць не магла, што прыйдзе час і мы будзем з ёй шчыльна перасякацца на працы. Бо справы сельсавецкія і землеўпарадкавальныя заўсёды датыкальныя. А тады, пасля апошняга званка, яна вырашыла асвойваць замежныя мовы, а я падалася ў “землямеры”.

Адметныя даты

Пяць гадоў вучобы прабеглі хутка, і ў 1990 годзе малады дыпламаваны “акадэмік” трымала ў руках запаветны дыплом (і не просты, заўважым, а з адзнакаю). Па размеркаванні трапіла ў “Брэстгіпразем”. Аднак пашчыраваць ва ўсю моц на першым месцы працы не давялося. На тое былі ўважлівыя прычыны: у хуткім часе нарадзіўся сын Аляксей, а за ім і дачка Каця. Вядома ж, усё трэба рабіць своечасова: спачатку ўласнае жыццё ўладкуй, а затым ужо і зямлю ўпарадкоўваць бярыся.
У кожнага бываюць адметныя даты. Для Ліліі Сакаловай гэта 18 сакавіка. У гэты дзень у 1994 годзе яна ўладкавалася землеўпарадчыкам у Копыльскім гарсавеце. Адпрацавала дзевяць гадоў на Міншчыне, а затым жыццёвая дарога прывяла на малую радзіму, цяпер ужо назаўсёды. 18 сакавіка 2003-га Лілія Мікалаеўна стала начальнікам аддзела зямельных рэсурсаў і геадэзіі Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта.
— Калі менш чым праз год пачалася структурная рэформа, нашу службу вывелі са складу райвыканкама і сельвыканкамаў, замест гэтага была створана арганізацыя “Брэсцкая абласная землеўпарадкавальная і геадэзічная служба”, — тлумачыць суразмоўніца.
А калі праз пяцігодку службу зноў рэфармавалі і вярнулі “пад крыло” райвыканкама, Лілію Мікалаеўну прызначылі яе начальнікам менавіта 18 сакавіка 2009-га.
З году ў год функцыі аддзела пашыраюцца. Яго супрацоўнікі зай-маюцца літаральна ўсім, што звязана з рухам зямельных рэсурсаў і кантролем за выкарыстаннем зямель на Жабінкаўшчыне. Надзвычай пашырылася сфера ўзаемадзеяння з тымі, хто займаецца будаўніцтвам, стварае новыя прадпрыемствы, шчыруе ў сельгасарганізацыях, карыстаецца арэндай зямельных надзелаў. Вельмі прыкметна больш за пятнаццаць гадоў развіваецца супрацоўніцтва з тэрытарыяльнай арганізацыяй па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці і зямельным кадастры (колішняе БТІ).

Надзейны, добры калектыў

З асаблівай цеплынёй Лілія Мікалаеўна згадвае тых, хто побач — свой “надзейны, моцны, добры калектыў”, дзе агульныя інтарэсы, узаемападтрымка прысутнічалі і раней, і цяпер.
— Калі палічыць, паглядзець па часе, дык адзін аднаго на працы мы нярэдка бачым часцей, чым свае сем’і, — дзеліцца Лілія Сакалова. — Да мяне аддзел узначальваў Анатоль Краснянкоў, зараз ён працуе начальнікам Галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Брэсцкага аблвыканкама. Наша служба ў асноўным засталася ў тым складзе, які сфармі-раваўся ў перыяд зямельнай рэформы 90-х гадоў.
Вялікай пашанай карыстаюцца тыя, хто ўжо на заслужаным адпачынку: Ніна Мікалаеўна Андрайчук, Надзея Канстанцінаўна Бутрым і Сяргей Мікалаевіч Шыла. Ветэранаў заўсёды запрашаюць на прафесійнае свята, віншуюць з іншымі прыемнымі жыццёвымі датамі і падзеямі.
Зараз у аддзеле шэсць чалавек. Акрамя кіраўніка і яе намесніка Валянціны Мігель, працуюць галоўныя спецыялісты Аляксандр Несцяровіч, Ларыса Кашалка, літаральна тры месяцы таму калектыў папоўніў Аляксандр Цярэшчанкаў.

Душэўны прычал

І ўсё ж не толькі праца робіць чалавека шчаслівым. Павінен быць і той душэўны прычал, якім звычайна становіцца вялікая дружная сям’я.
— Я сапраўды шчаслівая, — са шчырай усмешкай прамаўляе Лілія Мікалаеўна. — У мяне і бацькі жывыя, і нават бабуля Марыя Савічна. У першы студзеньскі дзень ёй споўніўся ўжо 91 год. Дзеці выраслі, вывучыліся, знайшлі сябе ў прафесіях. Аляксей — інжынер-праграміст, ад Парка высокіх тэхналогій стажыруецца ў амерыканскім Сіэтле, а Кацярына працуе дома, вучыць дзяцей іграць на гітары ў дзіцячай школе мастацтваў. Аднак самае галоўнае — яны падарылі мне ўнучак Еву і Соф’ю, а ў красавіку чакаецца яшчэ папаўненне.
Напярэдадні прафесійнага свята Лілія Мікалаеўна выказала віншаванні ў адрас калег:
— Цудоўна, што яно існуе ў календары, яднае калектыў, які становіцца для кожнага з нас нібы другой сям’ёй. Перш-наперш зычу ўсім здароўя і цудоўнага настрою, каб ён суправаджаў вас на працягу ўсяго дня. Прыходзьце з усмешкай на працу і вяртайцеся з ёю дамоў. Як робіце нешта, не забывайцеся ні на хвіліну, што ўсе мы працуем выключна для людзей. Яны, а не паперы — галоўнае для нас.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара Фота Святланы КІСЛАЙ

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top