Медык з душой мадэльера

Медык з душой мадэльера

Нагодай для знаёмства з гэтай прыгожай мілавіднай жанчынай, ад якой сыходзіць спакой і святло, стаў яе выдатна-круглы юбілей. Аднак убачыўшы Таццяну Шэвель, здзіўлена перапыталася, ці не выйшла нейкай памылкі з узростам: яна выглядае не больш чым на сорак. “Усё правільна, — сціпла ўсміхнулася Таццяна Эдуардаўна. — 20 лютага ў мяне сапраўды залатая дата”.
Акрамя таго, у юбіляркі яшчэ й залатыя рукі: яна прыгожа малюе, спявае, танцуе і шые. У юнацтве Таццяна марыла стаць мадэльерам-канструктарам, таму пасля заканчэння першай гарадской школы паступіла ў Брэст на закройшчыка жаночага адзення. Але час і жыццё ўнеслі свае карэктывы, і на мадэльера далей вывучыцца не атрымалася. Таццяна працавала ў атэлье ў Жабінцы, укладала душу ў любімую справу. Выйшла замуж, у сям’і нарадзіліся дзве дачушкі: Алена і Аляксандра.
Пераломным у жыцці маёй гераіні стаў 2000 год, калі давялося цалкам памяняць прафесію. Таццяна Шэвель уладкавалася дэзынфектарам у Жабінкаўскую цэнтральную раённую бальніцу, дзе й працуе па сённяшні дзень. Медык з творчай душой мадэльера — так можна ахарактарызаваць Таццяну Эдуардаўну. У рабочы час яна рыхтуе дэзынфікуючыя растворы для ўсёй бальніцы, апрацоўвае адзенне, пасцельную бялізну пасля выпіскі пацыентаў, працуе са стэрылізатарамі і аўтаклавамі, а ў вольныя хвіліны шые шыкоўныя вячэрнія ўборы. Напрыклад, сукенку малодшай дачцэ на вяселле стварыла сама. Таццяна шкадуе, што, як выходзіла замуж старэйшая, у яе не было часу і магчымасці зрабіць такі падарунак Алене.
“Шыццё — гэта маё любімае хобі, — дзеліцца Таццяна Шэвель. — За швейнай машынкай я адпачываю, набіраюся сіл і энергіі. Прыдумваю вобразы, і з’яўляюцца новыя і новыя сукенкі, якіх больш ні ў кога няма”.
Калі прыязджаюць у госці дочкі, яны ўсе разам лепяць пельмені, гатуюць розную смакату, выязджаюць на прыроду. Старэйшая падарыла матулі ўнука Алёшку, які вучыцца ў першым класе. І Алена, і Аляксандра працалюбівыя, добрыя гаспадыні, абедзве маюць вышэйшую адукацыю: эканамічную і юрыдычную адпаведна. Яны — матулін гонар і падтрымка. А яна вельмі патрэбна Таццяне Эдуардаўне, дый любому медыку ў няпросты эпідэміялагічны перыяд.
“Летам па 11 гадзін працавалі ў супрацьчумных касцюмах, — дзеліцца Таццяна Шэвель. — Стамляліся неверагодна ў такой экіпіроўцы пры высокай тэмпературы паветра. Але ўсе медработнікі: урачы, медсёстры, санітаркі — мужна выконвалі свой абавязак ”.
За добрасумленную працу Таццяна Эдуардаўна летась была ўзнагароджана Пісьмом падзякі Брэсцкага аблвыканкама, а Ганаровым граматам і граматам ад райбальніцы за два дзясяткі гадоў няма ліку.
“Я не баюся ніякай працы, мабыць, такія ўсе, хто вырас у шматдзетнай сям’і, — разважае Таццяна Шэвель. — Працатэрапія — найлепшыя лекі ад стомы, ад суму. Клапаціцца пра іншых, быць патрэбнай людзям, любіць і быць любімай — у гэтым для мяне шчасце”.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК
Фота з архіва Таццяны Шэвель
На здымку: юбілярка (у цэнтры) з матуляй Валянцінай Мамрук і дачкой Аляксандрай (маладая ў сукенцы, пашытай мамай).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top