Афган апаліў сваім агнём

Афган апаліў сваім агнём

Сярод жабінкаўцаў, якія па волі лёсу апынуліся ў 80-я гады ўжо мінулага стагоддзя на афганскай зямлі, быў і жыхар Чыжэўшчыны Васіль КАРПІНЧЫК. З той неаб’яўленай вайны ён вярнуўся з баявымі ўзнагародамі ды няпростымі ўспамінамі, што не даюць спакою і праз многія гады-дзесяцігоддзі.
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ветэрана наведалі са шчырымі словамі падзякі прадстаўнікі раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і рэдакцыі. Кветкі і памятную паштоўку Васілю Мікалаевічу ўручыла загадчык аўтаклуба Марына Дулевіч.
А затым з цікавасцю слухалі яго расповед пра падзеі, у якіх давялося браць удзел.
Нарадзіўся Васіль у той частцы Чыжэўшчыны, якая некалі звалася Рыкавічамі. Вандроўка ў далёкі паўднёвы край была цалкам нечаканая.
— Як прыгадаеш — не дай Бог! — прамаўляе ён скрушна і міжволі згадвае былое.
У васямнаццаць, як многіх, паклікала павестка ў ваенкамат. Была чутка: чакае служба на Захадзе — у Германіі. Насамрэч апынуўся далёка на Усходзе — у Фергане, дзе прызыўнікі трапілі ў вучэбку перад адпраўкай у Афганістан. Давялося пазнаёміцца з аўтаматам, скакаць з парашутам.
У лістападзе 1987 года маладыя байцы ўжо прызямліліся ў Кабуле. Васіль Карпінчык быў залічаны ў 345-ы асобны паветрана-дэсантны полк, які стаяў у Баграме. Давялося пакалясіць па неспакойных афганскіх дарогах, вазіў камандзіра палка падпалкоўніка Вастроціна, быў і вадзіцелем бронетранспарцёра.
У пачатку восемдзесят восьмага Васілёў кіцель ужо ўпры-гожвала першая ўзнагарода — медаль “За баявыя заслугі”. Пазней да яго прыбавяцца іншыя, у тым ліку ад афганскага народа, якому савецкія войскі дапамагалі змагацца супраць маджахедаў.
Аднак найбольш шануе ветэран ордэн Чырвонай Зоркі. Атрымаў яго за выпадак, калі жыццё літаральна вісела на валаску. Даводзілася бачыць, як гінулі сябры па зброі. А тут самому ледзь не давялося развітацца з жыццём.
У той дзень надарылася вяртацца з Саланга. Раптам баец адчуў, як машына ўздрыганулася ад выбуху — на міне падарвалася левае кола. Толькі паспеў крыкнуць афіцэру, што сядзеў побач: “Лажыся!” — як адчуў: машына не слухаецца і нясецца да абрыву. Але ж наперадзе ішла БМП. Яе вадзіцель, рызыкуючы ўласным жыццём, падставіў сваю машыну ды спыніў Васілёву. Каб не гэты ўчынак, ляцеў бы Карпінчык з трох тысяч метраў — да апошняй сустрэчы з зямлёй… Шчыра дзякаваў сябру. На жаль, час бяжыць, многае забываецца. Нават прозвішча хлопца, які выратаваў ад смерці, ужо сцёрлася з памяці. Засталося толькі імя. Быў ён Ігар і паходзіў з Масквы.
Напрыканцы 1988 года Васіль Мікалаевіч атрымаў Грамату воіну-інтэрнацыяналісту, падпісаную тагачаным кіраўніком СССР Міхаілам Гарбачовым. Часць, у якой служыў, выходзіла з Афгана ў ліку апошніх. У маі восемдзесят дзявятага вярнуўся дамоў, каб далучыцца да мірнай працы. Але і праз 32 гады памяць міжволі вяртае ў Афган, які апаліў ветэрана сваім агнём.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top