Цудоўным падарункам да Дня закаханых стаў канцэрт узорнага калектыву народнага танца “Каруначкі” пад кіраўніцтвам Ірыны Румко.
Ва ўтульнай зале гарадскога Дома культуры сабраліся не толькі закаханыя і сямейныя пары, але і ўлюбёныя ў мастацтва жабінкаўцы. Атрымаць асалоду ад народных танцаў і падтрымаць юных танцораў прыйшлі таты і матулі, бабулі і дзядулі, брацікі і сястрычкі. Прысутнічалі ў зале і былыя выпускнікі Ірыны Феафанаўны, іх бацькі.
Канцэрт “Каруначкаў”, як заўжды, атрымаўся яркім, цікавым, зачаравальным, эмацыянальным. Хуткая змена танцаў, неапісальнай прыгажосці касцюмы не маглі не захапляць прысутных. Акрамя даўно знаёмых і любімых танцавальных кампазіцый: “Лявоніха”, “Украіна”, “Гапак”, “Самавар”, “Наш край”, “Фіглі-міглі”, парадавалі гледачоў самабытны “Бабулін куфэрак” ды ўкраінскі народны танец “Вяснянка”. Бурнымі апладысментамі яны сустрэлі харэаграфічныя замалёўкі “На пажары” і “Пеўнічак”. Запамінальна, ярка выступілі з сольнымі нумарамі Злата Лукашэвіч, Аляксандра Скарына і Ксенія Шырокава. У невялікіх перапынках спявалі дыпламанткі конкурсаў рознага ўзроўню Надзея Чэчалева, Вераніка Анташок і Кіра Рыкава.
Вёў канцэртную праграму харызматычны Барыс Мышкавец, які актыўна ўзаемадзейнічаў з залай. Ён расказаў, што ў дзень беларуска-ўкраінскай культуры ў Рэспубліцы Польшча, што ладзіўся ў Варшаве, менавіта ансамбль “Каруначкі” прадстаўляў культуру Беларусі і Украіны, што несумненна выклікае гонар і сведчыць пра яго статуснасць.
Выступленне ўзорнага калектыву народнага танца “Каруначкі” чарговы раз пацвердзіла, што нездарма жабінкаўскія танцоры з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі многіх міжнародных конкурсаў і фестываляў, пяці-кратнымі ўладальнікамі гран-пры міжнароднага фестывалю ў Польшчы!
Наталля ВАЛОШКА
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.