Наш боль, гісторыя і памяць

Наш боль, гісторыя і памяць

У панядзелак ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Жабінцы было шматлюдна. Тут сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, былыя воіны-інтэрнацыяналісты, школьнікі, каб аддаць даніну павагі тым, хто праявіў мужнасць і адвагу ў далёкім Афганістане. Вайна падзяліла жыцці тысяч салдат, афіцэраў і многіх савецкіх сем’яў на “да” і “пасля”. Не вярнуліся на родную Жабінкаўшчыну з “гарачых” кропак Афганістана і нашы землякі — яфрэйтар Валерый Мігель, старшы лейтэнант Васіль Дудар, прапаршчыкі Мікалай Мароз і Сяргей Грудніцкі. Гэтыя маладыя воіны, якія заўчасна пайшлі з жыцця, сталі нашым болем, гісторыяй, памяццю…
— У гэты дзень уся Беларусь смуткуе і падзяляе боль з тымі, хто страціў на Афганскай вайне сваіх родных, — адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. — Больш за дзевяць гадоў з гонарам выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане простыя савецкія юнакі. Сёння, у гэты памятны дзень, хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна: давайце цаніць мірнае неба над нашай Радзімай і рабіць усё для таго, каб больш надзейным, упэўненым і моцным станавілася наша жыццё. Мы павінны памятаць пра загінулых і не забываць, што побач з намі жывуць сапраўдныя героі — сціплыя, моцныя, шчырыя людзі — воіны-інтэрнацыяналісты.
Затым да мікрафона падышоў старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандр Яўстратаў. Яго голас расчулена дрыжаў — было балюча ўзгадваць тыя падзеі:
— Акурат у 12 гадзін у гэтую ж дату 32 гады таму апошні савецкі баец перайшоў мост. Больш нашым хлопцам не даводзілася ўдзельнічаць у ваенных канфліктах. На жаль, з кожным годам мы губляем сваіх байцоў — ужо 18 пакінулі гэты свет… Я хачу пажадаць усім нам здароўя, каб маглі радавацца поспехам дзяцей і ўнукаў.
Выступалі на ўрачыстасці і прадстаўнікі маладога пакалення. Хлапчукі чыталі ўрыўкі з лістоў Васіля Дудара, Сяргея Грудніцкага, Валерыя Мігеля. Колькі ў тых радках пяшчоты, клопату пра блізкіх людзей! На жаль, гэта былі іх апошнія лісты — родныя так і не дачакаліся сваіх сыноў, мужоў і татаў жывымі…
…Гулка адбівае секунды метраном. Пройдуць яшчэ гады, загояцца раны, толькі подзвіг герояў застанецца на вякі ў сэрцах нашчадкаў!
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top