Родная зямля кліча ў розным узросце

Родная зямля кліча ў розным узросце

Сумна цяпер Зоі Іванаўне Шчаноўскай з вёскі Вежкі, дзе яна пражыла больш за паўстагоддзе. Суседскія сядзібы без гаспадароў, няма з кім перакінуцца словам. Дый ва ўласным доме яна адна: муж яе — яе Сцяпан Сяргеевіч памёр восем гадоў назад, сыноў лёс раскінуў далёка па свеце. Праўда, яны не забываюць пра матулю, часценька наведваюцца ў “бацькоўскае гняздо”. Тады для жанчыны самае вялікае свята.
Аб тым, што Зоя Іванаўна адзначыла ўжо свой васьмідзесяцігадовы юбілей, гавораць толькі маршчынкі на яе твары, бо ў душы і сэрцам жанчына адчувае сябе не больш як на пяцьдзесят. Не скардзіцца на жыццё, хоць перажыла шмат цяжкасцяў. Найперш — гэта ваенны час, калі 10-гадовай дзяўчынкай яна хавалася ад выбухаў. Страшна было тады, але ж больш жудаснымі, як адзначае жанчына, для яе з’яўляюцца ўспаміны, з якімі адзін на адзін яны застаецца кожны дзень.
— Нарадзілася я ў вёсцы Вялікія Якаўчыцы. Сям’ю нашу не назавеш вялікай. Акрамя мяне была яшчэ малодшая  сястра. Маці працавала ў калгасе з ранку да позняга вечара, таму хатнія справы і догляд за сястрой клаліся на мяне, — пачала расказ аб сваім жыцці Зоя Іванаўна Шчаноўская.
Дзяўчына скончыла чатыры класы вясковай школы, дзве зімы хадзіла ў вячэрнюю. Раней, як гаворыць Зоя Іванаўна, адукацыя не мела такой каштоўнасці, як зараз. Галоўнае, каб у цябе былі рукі, якімі ты будзеш апрацоўваць зямлю. Тады сярпом жалі маладыя дзяўчаты жыта, ды спявалі пра ўраджай. Сярод іх была і Зоя Іванаўна. Яна разумела, толькі руплівай працай можна зарабіць на кусок хлеба для сваёй сям’і.
— У 52-ім амаль уся моладзь нашай вёскі паехала працаваць у Валагодскую вобласць на заробкі. Там мы збіралі ў лесе сучкі, палілі сухое галлё. Снег быў нам да поясу, — дзялілася ўспамінамі жанчына. — Мароз пад мінус 42 градусы. Канечне, было холадна, бо і адзення цёплага не мелі. Выдалі нам валёнкі, і тыя на некалькі памераў меншыя, чым патрэбна. Бывала, замярзалі так, што ног не адчувалі. Але ж усё перажылі.
Праз паўгода Зоя Іванаўна вярнулася з Волагды на радзіму. Трэба было шукаць работу, таму і накіравалася ў Жабінку. Спачатку працавала на будаўніцтве гарадской лазні, потым уладкавалася ў рамонтную майстэрню на чыгунку. Праз год яе перакінулі працаваць на пераезд.
У 23 гады Зоя Іванаўна сустрэла сваё сапраўднае каханне, імя якому — Сцяпан. Пажаніліся. Праз год нарадзіўся першы сын Віктар. З дзіцем сядзець доўга не давялося. Праз месяц пасля родаў вярнулася на працу. Выхаванне ўнука ўзяла на сябе мама Зоі Іванаўны. Праз некаторы час сям’ю Шчаноўскіх чакала новая радасць — на свет з’явіўся яшчэ адзін сынок, якога назвалі Іванам.
— Цяпер яны ўжо самі маюць дзяцей і нават унукаў. У мяне тры ўнучкі і два праўнукі. Шкада толькі, што жывуць мае родныя далёка, я імі ганаруся, ваенныя яны ў мяне. Старэйшы сын жыве ў Маскве, малодшы працуе на авіяцыйна-рамонтным заводзе ў Баранавічах. Раней мы з мужам ездзілі да іх — пагасціць, а зараз сілы ўжо не тыя. У Маскве была не раз, упершыню ў далёкай маладосці, а апошні раз на самалёце лятала да сына ў 2006-м. Памятаю, як вушы заклала, а так не вельмі страшна было. Тады ў расійскай сталіцы пражыла 3 месяцы. Сын нават прасіў застацца там жыць. Але ж мяне на радзімую зямлю цягне, у хату, дзе перажыла самыя шчаслівыя моманты, да дрэў, якія садзілі некалі разам з мужам…
У працоўнай біяграфіі Зоі Іванаўны ёсць такі штрых: больш за 13 гадоў шчыравала ля калгасных цялятак. Жылі проста, аднак шчасліва, таму што былі дужыя і здаровыя, з мужам дзялілі разам радасці і нягоды.
А зараз для Зоі Іванаўны надышоў час збіраць ураджай. На невялічкім агародзе яна вырасціла ўсё, што спатрэбіцца ў гаспадарцы: бульбу і цыбулю, агуркі і моркву. У прыбраным двары гуляюць куры, а ў палісадніку зацвітаюць кветкі. Усё жыццё жанчына самааддана працавала, вось і ў восемдзесят гадоў не атрымліваецца ў яе сядзець склаўшы рукі.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Зоя Іванаўна Шчаноўская.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top