Метадам “Сэндвіч”

Метадам “Сэндвіч”

Шмат праблем для жыхароў Арэпічаў, ды не толькі для іх, а і для іншых аўтамабілістаў дастаўляла так званая дарога мясцовага значэння да вёскі Сцяпанкі. Гравійка, працягласцю амаль 5 кіламетраў, а праедзеш — успомніш усіх і ўсё, грэйдар не надоўга яе выраўноўваў, дарога разбівалася і зноў пачыналася скаканне машын з ямкі ў ямку.
Пытанне аб асфальтаванні аўтадарогі на ўчастку ад Арэпічаў да Сцяпанак тутэйшыя жыхары ўзнімалі на розных узроўнях, звярталіся да мясцовай улады, да старшыні аблвыканкама К.А.Сумара ў час яго рабочай паездкі ў раён. Вядома, так проста і хутка рашыць яго было немагчыма, бо патрэбны немалыя фінансавыя ўкладанні. Тым не менш, згодна з рашэннем аблвыканкама, бягучы рамонт гравійнага пакрыцця на вышэйназваным участку быў унесены ў праграму развіцця сельскіх тэрыторый  на 2011-2015 г.г. і запланаваны на 2012 год.
— Падрыхтоўчыя работы мы пачалі 16 ліпеня, — расказаў начальнік Жабінкаўскага ДРБУ-103 А.М.Марчанка. — Дарога знаходзіцца на балансе нашай арганізацыі. Праектна-каштарысная дакументацыя на бягучы рамонт распрацавана УКП “Брэстдарпраект”. Спачатку ўладкуем участак у 0,937 км. На гэта выдзелена з абласнога бюджэту 950 млн. руб. Затым работы працягнуцца ў наступным годзе.
Алег Мікалаевіч паведаміў таксама, што жабінкаўскія дарожнікі будуць апрабоўваць тут новую тэхналогію. Сутнасць яе ў тым, што на праезджай частцы будзе ўкладвацца не асфальт, а гравій з бітумнай эмульсіяй, якія змешваюцца непасрэдна на дарозе. У выніку атрымліваецца чорна-шчэбеневае пакрыццё таўшчынёй 4-5 см. Яно ідэнтычнае асфальта-бетоннаму і добра зарэкамендавала сябе на дарогах з невялікай інтэнсіўнасцю руху. У параўнанні з гравійкай такія ўчасткі маюць больш высокія фізікамеханічныя, эксплуатацыйныя і экалагічныя паказчыкі. У сувязі з гэтым паляпшаюцца тэхнічныя характарыстыкі дарогі: яна не пыліць, не патрабуецца яе прафіліроўка, што зніжае выдаткі на ўтрыманне.
Гэты метад, які назвалі “Сэндвіч”, быў распрацаваны ў 2008 годзе ДП “БелдарНІІ”. Першымі ўзялі яго на ўзбраенне дарожнікі-суседзі з Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў. Немалаважна, што дадзеная тэхналогія ў параўнанні з уладкаваннем тонкіх слаёў асфальту зніжае кошт затрат да 50%.
— Але метад “Сэндвіч” складаны ва ўкараненні, — заўважае А.М.Марчанка. — Асаблівасці работы — выключэнне асфальтаўкладчыка. Патрабуемыя параметры дарогі залежаць ад прафесіяналізму машыніста аўтагрэйдара. На гэтым аб’екце заняты Віктар Андрасюк. У нашым ДРБУ-103 ён грэйдарыст вопытны, шмат гадоў у вытворчасці. Пасля яго ўкладваюць шчэбень з бітумнай эмульсіяй вадзіцелі аўтагудранатара Юрый Панасюк і аўтасамазвалаў Мікалай Залеўскі і Святаслаў Велясевіч, машыніст пагрузчыка Аляксандр Голях і дарожныя рабочыя. Бесперапынную работу тэхнікі забяспечвае лінейны механік Віктар Галавейка, а кіруе ўсім працэсам майстар Сяргей Кучко. З такімі спецыялістамі, як яны, не страшна за новую справу брацца.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top