Першакласнік перад школьным званком

Першакласнік перад школьным званком

Набліжаецца той час, калі ваша дзіця будзе насіць ганаровае званне — першакласнік. І ў сувязі з гэтым у бацькоў узнікаюць хваляванні і перажыванні: дзе і як падрыхтаваць яго да школы, у 6 ці 7 гадоў адправіць у першы клас і г.д. Універсальнага адказу на гэтае пытанне няма — кожнае дзіця індывідуальнае. Некаторыя ўжо ў шэсць гадоў поўнасцю гатовыя да школы, а з іншымі і ў сямігадовым узросце ўзнікае многа клопатаў. Але адно можна сказаць дакладна — рыхтаваць дзяцей да школы трэба абавязкова, таму што гэта выдатная падмога ў першым класе, у навучанні, значна аблягчае перыяд адаптацыі.
Хатнія заняткі з малым вельмі карысныя і неабходныя будучаму першакласніку. Яны станоўча ўздзейнічаюць на яго развіццё. Але такія заняткі не павінны быць прымусовымі, у першую чаргу імі малое трэба зацікавіць і выбраць для іх найбольш спрыяльны момант. Нельга адрываць дзіця ад гульняў і садзіць за стол, рашэнне займацца павінна прымаць яно самое.
Бацькам трэба ведаць, што ў 5-6 гадоў дзеці няўседлівыя і не могуць працяглы час выконваць адно і тое ж заданне. Заняткі не павінны працягвацца больш 15 хвілін. Вельмі важная змена дзейнасці. Напрыклад, спачатку вы на працягу 10-15 хвілін выконваеце лагічныя практыкаванні, пасля перапынку можна заняцца маляваннем, пагуляць у рухомыя гульні, затым паляпіць з пластыліну забаўныя фігуркі. Бацькі павінны ведаць, што асноўным відам дзейнасці дашкольнікаў з’яўляецца гульня. Усе заданні павінны прапаноўвацца малому ў гульнёвай форме, а хатнія не ператварацца ў навучальны працэс, не абавязкова адводзіць для іх канкрэтны час. Развіваць сваё малое можна пастаянна. Напрыклад, калі вы гуляеце ў двары, звярніце ўвагу на надвор’е, пагаварыце аб пары года, заўважце, што выпаў першы снег ці ў дрэў пачалі ападаць лісточкі. На прагулцы можна палічыць колькасць лавак у двары, пад’ездаў у доме, птушак на дрэве і г.д. На адпачынку ў лесе пазнаёмце дзіця з назвамі дрэў, кветак, птушак. Старайцеся, каб яно звяртала ўвагу на тое, што адбываецца вакол яго. Пэўную дапамогу бацькам могуць аказаць розныя развіццёвыя гульні, але пры гэтым вельмі важна, каб яны адпавядалі ўзросту малога.
Не пажадана дашкольніку набываць энцыклапедыі, хутчэй за ўсё яны яго не зацікавяць ці інтарэс да іх прападзе вельмі хутка. А вось калі вашы сын ці дачка паглядзелі мультфільм, папрасіце расказаць яго змест. Гэта стане добрай трэніроўкай мовы. Пры гэтым задавайце пытанні, каб малое бачыла, што і для вас гэта сапраўды цікава. Звяртайце ўвагу на тое, ці правільна дзіця пры расказванні вымаўляе словы і гукі, калі ёсць памылкі, то далікатна гаварыце пра іх яму і выпраўляйце. Развучыце з дзіцем скорагаворкі, вершыкі, прымаўкі і прыказкі.
Каб ваша дзіця з радасцю пайшло ў першы клас, каб яго вучоба была паспяховай, прыслухайцеся да наступных рэкамендацый: не будзьце вельмі патрабавальныя; дзіця мае права на памылку, памыляцца ўласціва людзям, у тым ліку і дарослым; нагрузка не павінна быць празмернай; калі ў малога ёсць праблемы, то не бойцеся звяртацца па дапамогу да спецыялістаў: лагапеда, псіхолага і г.д.; прачынацца і класціся спаць малое павінна ў адзін і той жа час; калі заданне недавыканана, але дзіця стамілася, дайце яму некалькі хвілін на адпачынак, а затым вярніцеся да яго выканання. Паступова прывучайце, каб яно на працягу 15-20 хвілін займалася адной і той жа справай; калі адмаўляецца выконваць заданне, то паспрабуйце зацікавіць, але ні ў якім разе не пужайце, што пазбавіце яго саладосцяў ці не пусціце гуляць, г.д.; расказвайце, як вы вучыліся ў школе, як пайшлі ў першы клас, разам праглядайце школьныя фотаздымкі; звярніце ўвагу ці ведае і выкарыстоўвае ваша дзіця “чароўныя” словы: добры дзень, да пабачэння, прабачце, калі ласка, дзякуй… Калі не, то магчыма і ў вашым лексіконе гэтых слоў няма.
З таго часу, калі дзіця ўпершыню пераступіць парог школы, пачынаецца новы этап у яго жыцці. Пастарайцеся, каб ён пачаўся з радасцю, каб так працягвалася ўвесь час яго навучання ў школе. Станьце дзіцяці сябрам, дарадцам, мудрым настаўнікам, і тады ваш першакласнік у будучым стане чалавекам, якім вы будзеце ганарыцца.
Вольга КАСКО, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top