Таццяна Арабейка: “Мне прыемна насіць сваё імя”

Таццяна Арабейка: “Мне прыемна насіць сваё імя”

25 студзеня — гэта свята для студэнтаў і асаблівы дзень для жанчын, якія маюць прыгожае імя Таццяна. Калі чую яго, заўсёды прыгадваецца маленькая Танечка з верша Агніі Барто або вытанчаная пушкінская Таццяна. Носьбіткі гэтага імя — асобы моцныя, мэтанакіраваныя, энергічныя, з цвёрдым характарам. Таццяны часта становяцца нядрэннымі кіраўнікамі. Адна з іх — загадчык ясляў-сада № 3 Жабінкі Таццяна Арабейка.

Завітаўшы ў трэці гарадскі садзік, знаходзім Таццяну Леанідаўну ў музычнай зале, дзе заняткі з дзеткамі з групы “Матрошка” праводзіць музычны кіраўнік установы Таццяна Куніцкая. Супадзенне? Наўрад ці. Справа ў тым, што жанчыны з гэтым мілагучным іменем акружаюць гераіню нашай нататкі… ад нараджэння. Менавіта ў гонар акушэркі Таццяны, што прыняла ў красавіку 1972 года на рукі маленькую, матуля і назвала дачушку Танюшкай.
Падрастаючы, дзяўчынка марыла стаць настаўніцай пачатковых класаў. Спісвала матэматычнымі прыкладамі і “сачыненнямі” бакавіны шафы, правярала свае сшыткі і ставіла сабе адзнакі.
Аднак у Баранавічах, адкуль родам Таццяна Леанідаўна, у педагагічным вучылішчы на той час, як яна скончыла дзесяцігодку, пачатковага факультэта не было, толькі дашкольны. А ехаць далёка ад родных не хацелася. Такім чынам дзяўчына пратаптала сабе прафесійную сцяжыну да дзіцячых дашкольных устаноў, у якіх давялося потым працаваць, і да выхаванцаў нашмат меншых за тых, з якімі марыла дзяліцца азамі навук.
У 19-гадовым узросце Таццяна паводле размеркавання прыехала ў Жабінкаўскі раён у дзіцячы сад у Падлессі, змяніўшы гарадскі лад жыцця на вясковы. Спакваля прывыкла, тым больш што і садзік быў новы, з басейнам, і калектыў выдатны, і дзеткі простыя ды шчырыя.
Вялікі ўплыў на маладога выхавальніка аказала спецыяліст па дашкольнай адукацыі Таццяна Паўлаўна Буракова. Яна заўважыла неардынарную натуру спецыяліста-пачаткоўца, яркія творчыя здольнасці, уменне працаваць не толькі з малымі, але і з дарослымі, знаходзіць да кожнага індывідуальны падыход. З яе падказкі і па яе рэкамендацыі Таццяну Арабейка назначылі дырэктарам Падлескай пачатковай школы-сада.
— Так у 25 гадоў я стала кіраўніком установы, з якой ужо на той час зраднілася, — кажа Таццяна Леанідаўна. — Неспадзявана аказалася, што ў мяне атрымліваецца “дырыжыраваць аркестрам”, бо не была лідарам па жыцці і ніколі не марыла пра начальніцкае крэсла.
К таму часу Таццяна выйшла замуж за хмелеўскага хлопца, у сям’і нарадзіліся дзве дачушкі з каралеўскімі імёнамі Ганна і Вікторыя. Муж Віталь Дзмітрыевіч рупіўся настаўнікам фізічнай культуры ў Хмелеўскай школе, разумеў педагагічную працу і ўсё, што з ёй звязана, таму заўжды падтрымліваў жонку і дапамагаў.

У 2009-м сям’я Арабейкаў пераехала ў Федзькавічы, і Таццяне Леанідаўне давялося шукаць іншае месца працы. Пашчасціла ўладкавацца ў жабінкаўскі трэці яслі-сад, дзе загадчыкам на той час была Таццяна Пятроўна Мельнічук. У якасным цесным тандэме і працавалі дзве “ўладкавальніцы” да выхаду старэйшай на заслужаны адпачынак. І зноў воляй лёсу малодшая Таццяна ўзначаліла калектыў дашкольнай установы, толькі ўжо гарадской, якая лічыцца адной з лепшых у райцэнтры і дзе найбольш дзіцячых груп.
— Уявіце сабе, у нас рупіцца ажно 56 чалавек, з кожным трэба спрацавацца, знайсці ключык да сэрца, — дзеліцца Таццяна Арабейка. — Аднак усе як адзін яны спецыялісты, прафесіяналы, якія цяпло сваёй душы аддаюць дзецям. На нас ляжыць велізарная адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей, за іх выхаванне. Мы закладваем падмурак у развіццё будучых урачоў, педагогаў, айцішнікаў, спартсменаў, гадуем дастойную змену! Шкада, што Танюшак у групах зараз няма. Была адна дзяўчынка з такім іменем, але ўжо выпусцілася. Зараз папулярныя Арыны, Іларыі, Дар’і, Ксеніі, а такое цудоўнае — Таццяна — забываецца. Мне, напрыклад, прыемна насіць сваё імя.
— Нашы Таццяна Леанідаўна Арабейка і Таццяна Іванаўна Куніцкая, — далучаецца да размовы намеснік загадчыка ясляў-сада Вольга Лакіза, — годныя носьбіткі гэтага імя: патрабавальныя, справядлівыя, прывабныя, стваральніцы камфорту і ўтульнасці ў калектыве, “заснавальніцы” цікавых мерапрыемстваў для маленькіх выхаванцаў. Яны — цудоўны прыклад для нашага маладога выхавальніка Таццяны Трацько, якая працуе з дзеткамі ў групе “Матрошка”, любіць маленькіх, і тыя адказваюць ёй узаемнасцю.
Напрыканцы нашай размовы Таццяна Леанідаўна павіншавала ўсіх сваіх цёзак з надыходзячымі імянінамі, а таксама выказала падзяку ветэранам працы іх установы ды асобна былому намесніку начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Кацярыне Мікалаеўне Сіда, якая давала ў свой час мудрыя парады і дзялілася вопытам.

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК

На здымку: загадчык ясляў-сада № 3 Жабінкі Таццяна Арабейка, выхавальнік Таццяна Трацько і музычны кіраўнік Таццяна Куніцкая на занятках з выхаванцамі групы “Матрошка”.

P.S. Для фатаграфавання мы папрасілі работнікаў ясляў-сада №3 зняць ахоўныя маскі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top