Майстар справы будаўнічай

Майстар справы будаўнічай

Будаваць можна лёс, будучыню, шчасце… Аднак усё гэта так і застанецца толькі метафарай. А вось вынікі працы руплівых будаўнікоў — рэальныя, іх бачым амаль кожны дзень. Быццам грыбы, вырастаюць новыя дамы, у “прыгожае адзенне” пасля рэканструкцыі апранаюцца старыя будынкі, узводзяцца фермы, бальніцы, офісы, магазіны і іншыя аб’екты. Прыгажосць, камфорт і  ўтульнасць — усё гэта справа рук будаўнікоў, людзей, якія не шукаюць лёгкага хлеба.
Аляксандр Якімук у прамым сэнсе — будаўнічых спраў майстар. Хаця ў гэтай прафесіі ён усяго трэці год, ужо паспеў заслужыць давер і павагу ў сваіх калегаў. Аляксандр ніколі не марыў пра гэтую прафесію, можна сказаць, стаў будаўніком паводле выпадку. Але ж цяпер ніколькі не шкадуе, што калісьці пайшоў па будаўнічай сцежцы.
Нарадзіўся хлопец у Жабінцы, вучыўся у СШ №2 г.Жабінка. Наступнай адукацыйнай прыступкай стала будаўнічае вучылішча ў Кобрыне, пасля яго — каледж. Спадабалася хлопцу вучыцца, зразумеў ён, што здольны ўзяць новую вышыню, таму і паступіў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, дзе навучаўся на факультэце прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва.
Працаваць пасля размеркавання Аляксандр Якімук накіраваўся на сваю малую радзіму — у Жабінкаўскую ПМК-10.
— Памятаю, як разам з Яўгенам Макарэвічам прыйшоў на свой першы аб’ект: будавалі дваццаць другі жыллёвы кааператыў на 40 кватэр. Мы хутка асвоіліся, бо праца, нягледзячы на ўсе яе цяжкасці, падабалася. Мяне адразу прызначылі майстрам, а гэта значыць, што ўся адказнасць за будаўніча-мантажныя работы на аб’екце, размеркаванне матэрыялаў, занятасць працаўнікоў клаліся на мяне. Але гэта не палохала, — расказваў Аляксандр.
Каб стаць будаўніком, акрамя сілы ў руках (насуперак распаўсюджаным меркаванням) неабходна яшчэ мець схільнасць да прафесіі і жаданне працаваць. Калі спалучаюцца гэтыя складнікі, толькі тады можна разлічваць на поспех у будаўнічай справе. Пад пільным наглядам і непасрэдным кіраўніцтвам маладога майстра быў пабудаваны і ЖБСК-23. Як адзначае Аляксандр, скаргаў ад навасёлаў дома не чуў. Сёння малады спецыяліст працуе на двух новых аб’ектах — малочнатаварнай ферме на 600 галоў у Шпіталях і кароўніку ў Агародніках. Занятага яго цяжка адарваць ад спраў нават на паўгадзіны, бо праца чакаць не будзе. Яму трэба прадумаць ўсё да дробязяў, прасачыць, каб аб’ект будаваўся згодна з планам.
— Сёння ў нашай працы галоўнае — якасць, якая дасягаецца як з дапамогай новай тэхнікі, так і праз адказнасць людзей. Дапамагаюць у гэтым і новыя будаўнічыя матэрыялы, і гатовыя сумесі, і механізацыя асноўных працэсаў. Калектыў у нас добры, у асноўным малады. Усе ведаюць, што атрымаюць за свае намаганні нядрэнны заробак, таму і імкнуцца выконваць сваю працу эфектыўна і своечасова, — тлумачыў Аляксандр Якімук.
У рабоце з калектывам майстар аддае перавагу сяброўскаму вырашэнню вытворчых праблем, але ж, калі па-добраму не атрымліваецца, як адзначае ён, даводзіцца шукаць іншыя метады адносін, да прыкладу грашовы: як хто рабіў, так і зарабіў.
З ранку да вечара знаходзіцца на ўзводзімых аб’ектах Аляксандр. А пасля змены спяшаецца дамоў, дзе чакаюць прыемныя сямейныя клопаты. З сынам, якому ідзе пяты год, пагуляць трэба, жонцы дапамагчы. Не заўжды атрымліваецца правесці з сям’ёй выхадныя, бо амаль увесь час займае работа. Толькі зрэдку ўдаецца вырвацца яму на рыбалку, адпачыць у цішыні прыроды. “Гэта нервы добра супакойвае і сілы прыдае”, — з усмешкай заўважае мужчына. — Сілы Аляксандру вельмі спатрэбяцца, бо неўзабаве ён пачне ўзводзіць дом для сваёй сям’і. Напэўна гэтая будоўля стане для майстра самай прыемнай і адказнай.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top