Чатыры шчаслівыя перамены Ганны Шэйда

Чатыры шчаслівыя перамены Ганны Шэйда

Здаецца, простая ісціна: сёння веды ў цане. Паўсюль сустракаю ёй пацвярджэнне. Асабліва сярод моладзі, што жадае ўладкавацца ў жыцці. Ганна Шэйда далёка не першая, ад каго пачуў: “Мне падабаецца вучыцца”.
Калі пяць гадоў таму ў Ленінскай сярэдняй школе для яе і яшчэ 20 аднакласнікаў прагучаў апошні званок, Аня Кірылюк ужо ведала, што будзе паступаць на псіхолага-педагагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А.С.Пушкіна. Бацькі Аляксандр Іванавіч і Інна Вячаславаўна ўхвалілі яе жаданне, бо бачылі: уседлівай расце дачка. Бы да сонца, цягнецца да разумных кніг, задумлівая і старанная, зноў жа, з людзьмі ветлівая… Усё гэта патрэбна, каб выйшаў з дзяўчыны неблагі псіхолаг, чулы настаўнік.
— На першых курсах, калі выкладалася тэорыя, — прызнаецца Ганна Аляксандраўна, — хацелася больш практыкі. Хоць разумела, што без тэарэтычнай падрыхтоўкі нельга. Затое потым адукацыя захапіла па-сапраўднаму.
Пяць гадоў, насычаных вучобай, праляцелі імгненна.
2009-ы стаў годам значных перамен для маладой жанчыны.
Па-першае, атрымала дыплом аб заканчэнні ўніверсітэта…
— Удзячная сваім выкладчыкам, загадчыку кафедры псіхалогіі Генадзю Іванавічу Меляйчуку, Алене Іванаўне Мядзьведзкай, якія далі прыклад, так бы мовіць, “псіхалагічнага здароўя”. Глеб Уладзіміравіч Лагонда навучыў разумець сутнасць рэчаў навокал, а Святлана Леанідаўна Яшчук скіравала мой погляд унутр сябе. Я стала разумець, што псіхалагічная мяжа кожнага — гэта святое, і зараз для мяне перайсці яе без дазволу, быццам парушыць правы чалавека. Асабліва калі перад табою дзіця, якое выхоўваецца ў прытулку.
… А гэта ўжо, па-другое.
Бо ўладкавалася ў Жабінкаўскі сацыяльна-педагагічны цэнтр з дзіцячым сацыяльным прытулкам, дзе педагог-псіхолаг Г.А.Шэйда працуе толькі з 17 жніўня, але ўжо ўжылася ў калектыў, які ветліва прыняў маладога спецыяліста.
— Падабаецца сама атмасфера, калегі, дырэктар Ніна Канстанцінаўна Паўлючык. З іх боку адчуваю і дапамогу, і добразычлівасць, ёсць магчымасць параіцца па любых пытаннях. Мая запаветная мара — стаць прафесіяналам у сваёй справе. Разумею, з гадамі пашырацца веды, з практыкай прыйдзе вопыт. Пакуль толькі пачынаю, але вельмі хочацца ўжо зараз быць карысную. І навуку не кідаю…
Так-так, Ганна Аляксандраўна зноў студэнтка, цяпер ужо філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “эканаміст-менеджэр”. Гэта трэцяя перамена ў яе жыцці.
— Для сённяшняй працы, — гаворыць жанчына, — хачу набыць яшчэ й адукацыю дэфектолага. Адчуваю, што гэтага не хапае, бо шмат займаюся з дашкалятамі. І вось, што цікава: чым больш працую з дзецьмі, тым больш іх люблю. Усе дзеткі вельмі цікавыя, своеасобныя, сустракаюцца проста цудоўныя! Але ім, асабліва тым, хто ў прытулку, часам не стае разумення навакольнага свету, таму для іх патрэбны дарослы чалавек. Ім не хапае сям’і, найперш мамы — аб’екта замілавання і непарушнага аўтарытэту.
У асабістым жыцці Ганны ў 2009 годзе таксама надарыліся добрыя хвіліны. 1 жніўня ў Жабінкаўскім ЗАГСе пад гукі марша Мендэльсона нарадзілася маладая сям’я. З гэтага дня Ганна Аляксандраўна ў пары з Сяргеем Аляксандравічам Шэйдам ідзе па жыцці.
І гэта для яе чацвёртая шчаслівая перамена…
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: педагог-псіхолаг Г.А.Шэйда.
Фота І.Жук.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top