Работнікі сацыяльнай абароны адзначылі сваё прафесійнае свята

Работнікі сацыяльнай абароны адзначылі сваё прафесійнае свята

Пятага студзеня сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі сацыяльнай абароны. Іх асноўная дзейнасць — клопат аб тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Галоўныя задачы — дапамагаць і абараняць. Абавязковыя якасці — спагада, цярпенне, разуменне. Аснова асноў — не быць раўнадушным да бліжняга: чуць, адчуваць, бачыць, спачуваць.
З кожным годам усё больш пажылых людзей выказваюць пажаданне, каб пра іх сталасць за памяркоўную плату клапаціліся супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома. У Жабінкаўскім ТЦСАН гэтую патрэбную і неабходную службу ўзначальвае загадчык Наталля Адзінец.
— Галоўная мэта нашай дзейнасці, — кажа Наталля Уладзіміраўна, — стварыць для сваіх падапечных усе належныя ўмовы, каб яны маглі як мага даўжэй заставацца ва ўласнай хаце, бо гэта спрыяльна ўздзейнічае на іх здароўе і душэўны стан.
У кастрычніку 2020-га споўнілася роўна 15 гадоў, як жанчына працуе ў тэрытарыяльным цэнтры. Справу сваю Наталля Адзінец любіць і душой перажывае за яе вынік.
Па адукацыі Наталля Уладзіміраўна — настаўнік беларускай мовы і літаратуры, рупілася ў свой час і педагогам-арганізатарам у трэцяй гарадской школе, якую й заканчвала. Сцвярджае, што ёсць пэўнае падабенства ў працы з дзецьмі і з пажылымі людзьмі, многія з якіх бездапаможныя, як дзеці.
— Ніколі не забуду, як першы раз выехала на раён да нашых “падшэфных”, — кажа мая суразмоўніца. — Чамусьці ў маладосці мы думаем, што будзем заўсёды здаровымі, энергічнымі, поўнымі сіл і энтузіязму. А тады я ўбачыла, у якіх умовах жывуць адзінокія бабулі і дзядулі. Гады не шкадуюць нікога, незалежна ад сацыяльнага статусу і матэрыяльнага дастатку. Пакуль ты малады, то не задумваешся пра старасць. А яна ўсё роўна прыйдзе. Вось тады, у час той першай паездкі па раёне, я пачала гэта разумець.
Сёння Наталля Уладзіміраўна разам
са сваім вялікім калектывам гатова хутка і якасна арганізаваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Зараз пад яе кіраўніцтвам працуе больш за паўсотні сацыяльных работнікаў, 30 сядзелак, якія абслугоўваюць 278 пажылых лю-
дзей і інвалідаў, а таксама тры няні, што дапамагаюць у доглядзе за двайнятамі і блізнятамі. Аказвае аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома і аднаразовыя паслугі: жадаючыя тэлефануюць, замаўляюць сацработнікаў, каб тыя памылі вокны ці схадзілі ў магазін, у аптэку. Асабліва запатрабаваны былі такія просьбы падчас першай хвалі каранавіруса.
Дзейнасць сацыяльнай службы патрабуе ад яе супрацоўнікаў шмат такту, цярпення і міласэрнасці. Камунікабельная, добразычлівая Наталля Адзінец заўсёды ўважліва выслухае кожнага, знойдзе для яго патрэбныя словы суцяшэння, патлумачыць незразумелае.
Значную работу загадчык аддзялення праводзіць і з сацработнікамі. Для іх пастаянна ладзяцца лекцыі, семінары, навучальныя заняткі, арганізуюцца сустрэчы са спецыялістамі і супрацоўнікамі розных службаў раёна.
— Справа ў тым, што наша праца вельмі складаная, гэта работа з людзьмі — пажылымі і неабароненымі, — дзеліцца Наталля Уладзіміраўна. — З кожным трэба пазнаёміцца, пагаварыць, даведацца, пра што душа баліць, у чым чалавек мае патрэбу. Да кожнага патрэбен індывідуальны падыход. Канешне, бывае складана, але ў асноўным цікава і прыемна, асабліва калі адчуваеш аддачу.
Сацыяльны работнік, адзначае сураз-моўніца, як член сям’і для адзінокіх людзей. Гэта сябар, дарадчык, памочнік, псіхолаг, медык, другая рука… Сацыяльны работнік для іх — гэта ўсё!
Шмат добрых слоў адрасавала загадчык аддзялення сваім падначаленым. З гонарам расказала, што яны займаюць актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю. Больш за дзесяць гадоў сумленна і адказна працуюць сацыяльныя работнікі Галіна Ундзярук, Алена Макасюк, Таццяна Старыкевіч, Галіна Бенедысюк, Алена Яльчык і Галіна Мікуц.
Словы падзякі прагучалі з вуснаў Наталлі Адзінец і ў адрас яе вернай памочніцы — інспектара Алены Бойка, удваіх з якой спраўляюцца з велізарным аб’ёмам работы.
— Алена Міхайлаўна — вельмі добры і чулы чалавек. Нам камфортна працаваць разам, дапамагаем адна адной. У нас у аддзяленні сапраўдная каманда аднадумцаў. Алена Бойка штомесяц прымае справаздачы ў сацыяльных работнікаў, сядзелак і нянечак. У працэсе работы кожнага трэба выслухаць, даць параду, падзяліццца вопытам. Сацыяльныя работнікі нярэдка звяртаюцца да нас па дапамогу, і мы стараемся знайсці выйсце з любой складанай сітуацыі. Вельмі прыемна, што нашы “дзяўчаткі” са сваімі бедамі і радасцямі ідуць менавіта да нас.
Дзейная і энергічная Наталля Адзінец яшчэ выконвае абавязкі дырэктара ТЦСАН, замяняючы Міхаіла Савянкова на час яго адпачынку. Яна — чалавек з анёльскай душой і вялікім добрым сэрцам, якога хапае не толькі на родных, але й на чужых людзей. Наталля Уладзіміраўна — любячая і клапатлівая жонка і маці дзвюх дачушак-шчабятушак, чалавек, які міжволі прымушае цябе задумацца: а што добрага ты зрабіў на гэтай зямлі?
Наталля ВАЛОШКА
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top