Вуліца Каштанавая, 10

Вуліца Каштанавая, 10

Гэта адрас комплекснага прыёмнага пункта Жабінкаўскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання, які працуе ў райцэнтры вось ужо чацвёрты год. Пра ягоных работнікаў — прыёмшчыцу Таццяну Шчыціліну і цырульніка Інэсу Макарэвіч водгукі ад кліентаў толькі станоўчыя, знаёмства з імі — прыемнае.
— Добразычлівыя, працавітыя, уважлівыя да людзей, а гэта надзвычай важна, калі працуеш у сферы абслугоўвання, — гэтак ахарактарызавала сваіх падначаленых дырэктар Жабінкаўскага РКБА Валянціна Анатольеўна Юхімук.
Т.І.Шчыціліна сустрэла журналістаў разгублена, але пагадзілася расказаць пра сябе і свае справы. Сёлета — роўна трыццаць гадоў з таго летняга дня, калі пасля заканчэння Брэсцкага вучылішча №26 імя Д.Карбышава жанчына ўладкавалася на працу ў Жабінцы. Працавала закройшчыцай атэлье, што ў цэнтры нашага горада, і ў мікрараёне цукровага завода, а як адчыніў дзверы сённяшні комплексны прыёмны пункт у мікрараёне ля райбальніцы, прыйшла сюды ў якасці прыёмшчыцы заказаў.
— Добра памятаю той святочны сакавіцкі дзень 2009 года, — згадвае Таццяна Ільінічна. — Было гэта напярэдадні жаночага свята. Адчувала вялікую радасць у душы. І не толькі ад таго, што займела пасля належнага рамонту цудоўнае месца працы, але й ад таго, што некалькі тысяч жыхароў мікрараёна атрымалі ад уладаў чаканы падарунак. Нам заставалася толькі сваёй працай пераконваць людзей, што не памыліліся, калі прыйшлі да нас.
Так, у работнікаў комплекснага прыёмнага пункта нямала спраў-абавязкаў. Гэта рамонт і пашыў адзення, хімчыстка і мыццё бялізны. А яшчэ — прыём заказаў на рамонт мэблі, выраб карункавых платоў, калодзежных кольцаў і дэкаратыўных аздабленняў для прысядзібных участкаў. Калі неабходна, ажыццяўляецца і пракат дзіцячых машынак. Часам даводзіцца аказваць і рытуальныя паслугі. Яшчэ пакупнікі могуць набыць прадукцыю, вырабленую як жабінкаўскімі бытавікамі, так і айчыннай фірмай “Світанак”, хімкамбінатамі Брэста і Баранавічаў.
Сёлета за паўгоддзе патрэбна было аказаць паслуг на мільёны рублёў, а зарабілі на шэсць мільёнаў больш, чым планавалася.
Значны ўклад у гэтым цырульніка Інэсы Аляксандраўны Макарэвіч. Дваццаць гадоў таму яна паспяхова закончыла Брэсцкі вучэбна-курсавы камбінат аблбыткіравання, гадамі адточвала, шліфавала сваё ўмельства ў салоне “Стыль” дый іншых цырульнях горада над Бугам, пакуль добрая слава пра надзвычай кваліфікаванага спецыяліста не даляцела да Жабінкі. Тры месяцы таму Інэсу Аляксандраўну запрасілі на працу ў Жабінкаўскі РКБА.
Выдатная майстрыха, ветлівая з кліентамі, навацыйная ў прафесіі, ведае цану сабе, калі гаворыць з гонарам:
— Умею — усё! Стрыжкі, афарброўкі, завіўкі, розныя мадэльныя прычоскі… Людзі звяртаюцца, каб змяніць да лепшага будзённыя дні і быць чароўнымі ў святы.
Цэлыя чэргі выстройваюцца да майстрыхі перад выпускнымі вечарынамі, калі клапацяцца пра свой знешні выгляд не толькі дзяўчаты, але й юнакі. З ахвотай давяраюць і маладыя, і старыя свой знешні выгляд умелым рукам цырульніка. За гэта не забываюць сказаць добрыя ўдзячныя словы, аб чым сведчыць кніга водгукаў і прапаноў, дзе скаргаў — няводнай, затое падзяк, кшталту: “Хачу падзякаваць калектыву КПП на вул.Каштанавая, 10 за чулыя адносіны і якасць аказаных паслуг” — шмат.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: прыёмшчыца Т.І.Шчыціліна і цырульніца І.А.Макарэвіч комплексна-прыёмнага пункта абслугоўвае кліента.
Фота Ірыны Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top