Пра гераічнае мінулае

Пра гераічнае мінулае

І дзвесце гадоў таму плакалі маці, балюча шчымелі сэрцы пры страце дзяцей, заставаліся сіротамі дзеці, разбуралася і пусцела зямля.
Айчыннай вайне 1812 года было прысвечана чарговае пасяджэнне клуба “Суразмоўнік” пры Жабінкаўскай раённай бібліятэцы, якім кіруе Людміла Астроўская. На заняткі ў ім быў запрошаны дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Дзямідаў. Ён цікава расказаў пра вайну 1812 года, вызваленчай місіі Расіі ад арміі Напалеона. Падзеі яе вядомыя ўсім з гісторыі і літаратуры за сярэднюю школу. Цікава было ўзгадаць зноў пра Барадзінскую бітву, ваенны Савет у Філях, адступленне арміі Напалеона па старой смаленскай дарозе, разгортванне партызанскай вайны, бітве на рацэ Бярэзіне, імёны генералаў расійскай арміі Барклай-дэ-Толі, Баграціёна, Кутузава…
Наступны прыпынак удзельнікі пасяджэння зрабілі ў раённым музеі. Тут перад намі адкрыліся новыя старонкі з гісторыі нашай зямлі: інтэр’ер сялянскай хаты, “модныя фасоны” адзення для маладых і пажылых людзей, падзеі, звязаныя з імёнамі Тадэвуша Касцюшкі. Мы атрымалі ілюстраваныя буклеты “Шляхам Тадэвуша Касцюшкі”.
Затым наш шлях пралёг на ўсход у Пружанскі раён, дзе мы прадоўжылі знаёмства з наступствамі напалеонаўскай вайны. Пабывалі на тым месцы, дзе ў ліпені 1812 года была бітва. Тут пад вёскай Гарадзечна Напалеон страціў 5-6 тысяч салдат (паводле розных крыніцаў). Цяпер на гэтым месцы ўзвышаецца капліца “Доблесным продкам, што загінулі ў бітве пры Гарадзечне ў 1812 годзе.” На адной з мармуровых плітаў чытаю, як генерал ад кавалерыі граф Тармасаў дакладваў цару Аляксандру І аб паспяховым завяршэнні бітвы, аб гераізме салдат. Ля капліцы — вянкі, карзіны з кветкамі і словамі “Слаўным абаронцам Айчыны” ад прадстаўнікоў грамадскасці Брэста, Кобрына, Пружанаў, ваенных і абласнога казацтва. Пазначана, што “тут спачывае 1115 воінаў расійскай, аўстрыйскай і саксонскай армій”. Два стагоддзі аддзяляе нас ад тых падзей, але нашчадкі шануюць памяць загінулых.
Мы ля Свята-Пакроўскай царквы, якая была пабудавана ў 1825 годзе ў цэнтры Гарадзечна ў памяць пра абаронцаў Айчыны. Недалёка ад царквы расце старажытны дуб, які з’яўляецца жывым сведкам падзей сівой даўніны. Гэты дуб лічыцца ўнікальным помнікам гісторыі і прыроды гарадзечынскага краю. Паводле паданняў, пад гэтым дубам адпачываў ад ратных спраў Напалеон. Да незвычайнага “напалеонаўскага дуба” мясцовыя людзі адносяцца з павагай. Работнікі лясніцтва ўстанавілі вакол яго агароджу. І ён напамінак нашчадкам пра тое ліхалецце, якое прайшло і па беларускай зямлі.
Экскурсія і ў цэлым пасяджэнне клуба “Суразмоўнік” нам вельмі спадабаліся, з’явіліся новыя ўражанні, звесткі пра родны край і яго гераічнае мінулае пачатку ХІХ стагоддзя. Адкрытыя старонкі гісторыі Айчыннай вайны 1812 года ўражваюць, выклікаюць пачуццё гонару і задавальнення, “помнит вся Россия про день Бородина”.
Мы ўдзельнікі гэтага цікавага падарожжа выказваем удзячнасць начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Святлане Янусік за тое, што яна дапамагла нам з транспартам.
Раіса МАРГЕВІЧ, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top