Яго прыпынак — дыстанцыя пуці

Яго прыпынак — дыстанцыя пуці

Грукат колаў, гудкі лакаматыва, жывапісныя пейзажы, якія імгненна змяняюцца за вокнамі цягніка… “Рамантыка”, — скажаце вы. Не толькі. Гэта яшчэ і адказная праца чыгуначнікаў. У той час, як пасажыры назіраюць за дрэвамі і аблокамі, што прабягаюць міма, транспартнікі і пуцевікі робяць усё магчымае, каб чыгунка працавала ў зладжаным рытме: не збіваўся графік руху цягнікоў, не было паломак транспартных сродкаў і пашкоджанняў пуцей, не дапускаліся розныя непрадбачлівыя сітуацыі. Сярод такіх працаўнікоў-чыгуначнікаў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Валерый Уладзіміравіч Карапацюк, працавітасць, уменне, набор інструментаў і пазітыўны настрой якога “адчулі” шматлікія чыгуначныя рэйкі. Яму, дарэчы, сёлета прысвоена званне “выдатнік беларускай чыгункі”.
Сямнаццаць гадоў мінула з таго часу, як Валерый Уладзіміравіч прыйшоў уладкоўвацца на чыгунку. За плячыма хлопца была вучоба ў школе, праца на торфабрыкетным заводзе, служба ў танкавых войсках у Полацку… Пасля арміі ажаніўся. Маладой сям’і трэба было думаць пра сваё жыллё. Уладкаваўся ў ПМК-19 таму, што меліяратары даволі хутка забяспечваліся ім. Так атрымалася і ў Валерыя Уладзіміравіча. У новай кватэры пачалі будаваць сваё ўтульнае сямейнае гняздзечка. Потым дзеткі нарадзіліся — Сяргей і Юрый. У малодшага, дарэчы, ужо двое дзяцей, яны вельмі любяць свайго дзядулю Валеру.
— Калі ў меліярацыйнай арганізацыі амаль не стала работы, пайшоў на камбікормавы завод. Але праца там неяк не склалася. Ад знаёмага даведаўся, што на чыгунцы патрэбны дужыя працаўнікі, якія не баяцца цяжкасцей. Так і апынуўся ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці ў якасці манцёра, — успамінае Валерый Уладзіміравіч. І заўважае: — Канечне, праца на чыгунцы — не для кожнага. Трэба і характар загартаваны мець, і рукі моцныя, да таго ж быць дысцыплінаваным і сумленным. Бо ад таго, наколькі якасна ты выканаеш сваю справу, залежыць бяспека руху цягнікоў.
Замяніць рэйкі — лёгка, прасвідраваць адтуліну — таксама не праблема для яго. Валерый Уладзіміравіч сваю работу ведае на ўсе сто. Таму, не шкадуючы, дзеліцца вопытам з маладымі пуцевікамі.
— Зараз у нас, можна сказаць, малады калектыў. Усе хлопцы працавітыя, старанныя, калі трэба — дапамогуць. Дык чаму ж ім не падказаць, як лепей зрабіць, — разважае мой суразмоўца. — Я і сам, калі ў нечым сумняваюся, не саромеюся спытаць лішні раз. На чыгунцы ж пастаянных ведаў не бывае. Сучаснае прагрэсіўнае “прыжываецца” хутка. Працуем з электроннай і гідраэлектроннай тэхнікай, а яна пастаянна аднаўляецца, заўсёды павінен быць гатовым да новай інфармацыі.
Лье дождж, ідзе снег, пячэ сонейка… А манцёры пуці не адрываюцца ад сваёй справы. Для іх не існуе дрэннага надвор’я. Між іншым, непаладкі на чыгунцы могуць узнікнуць і ўначы. Таму Валерый Уладзіміравіч заўсёды гатовы выйсці на ўчастак.
— Праца пуцевіка складаная, і не толькі ў вызначаныя гадзіны: бывае і без абеду працуем, і да самай ночы затрымліваемся на нейкіх участках. Аднак мне тут падабаецца. Можна сказаць, я знайшоў сябе. Вядома ж, без цяжкасцей нідзе не бывае, галоўнае каб здароўе дазваляла працаваць у такім рытме, — расказвае ён. — Біцэпсы і трыцэпсы тут натрэніраваць прасцей простага. Для гэтага дастаткова ўсяго дзень папрацаваць з 18-кілаграмовым рэйкарэзачным станком, з якім не толькі ўпраўляцца няпроста, але нават трымаць складана.
Валерый Карапацюк разам са сваімі асноўнымі абавязкамі манцёра пуці раз у квартал збірае пуцявыя шаблоны з ўсіх участкаў дыстанцыі. Гэта неабходна для таго, каб вызначыць правільнаць утрымання пуцей. І кожны год, пачынаючы з 1998-га, ён адпраўляецца ў Гомельскі дзяржаўны транспартны ўніверсітэт на курсы перападрыхтоўкі. Кажа, што яго ўжо там за “свайго” прымаюць. Аднак сапраўды “сваім” ён з’яўляецца для жабінкаўскай чыгункі, за якую хварэе ўсёй душой.
— Сёння цяжка параўноўваць нашу дыстанцыю пуці з той, якой яна была гадоў 15-20 назад. Раней і таварны цягнік не вельмі часта праходзіў тут. А зараз па хвілінах распісана нагрузка на кожны пуць. Хуткасны рух уводзіцца, згодна з навейшымі тэхналогіямі робіцца выпраўка, падбіўка і рыхтоўка чыгуначнага палатна, што дазваляе значна палегчыць працу, — разважае Валерый Уладзіміравіч. І ў задуменні дадае: — Цікава, як будзе выглядаць Жабінкаўская дыстанцыя пуці яшчэ праз 20 гадоў?..
І сапраўды вельмі цікава…
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымку: Валерый Карапацюк за справай.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top