Марыў стаць лётчыкам, а згадзіўся на зямлі

Традыцыйная “планёрка” спецыялістаў у кабінеце дырэктара ААТ “Жабінкаўскі” ў панядзелак пачалася незвычайна — з цёплых віншаванняў з вуснаў Міхаіла Вячоркі і яго намеснікаў, а таксама ўручэння каштоўнага падарунка — тэлевізара — начальніку аддзялення ААТ “Жабінкаўскі” Міхаілу Чабоцьку, якому споўнілася 70 гадоў. Ён вось ужо паўстагоддзя (!) вырошчвае хлеб, забяспечвае кармамі грамадскае пагалоўе.
— Міхаіл Станіслававіч — гэта сапраўдны скарб гаспадаркі, — кажа пра юбіляра Міхаіл Вячорка. — Добрасумленны, выканаўчы, добразычлівы, працалюбівы работнік. Вельмі здорава, што ён дагэтуль у страі сярод моладзі, з радасцю дзеліцца з намі ведамі і вопытам. Відаць, свежае паветра і водар узаранай глебы надаюць яму сіл. Нам, маладым работнікам, ён выкладае сваю “навуку” любові да справы, якой займаешся. Рупліўцу не сядзіцца ў хаце — цэлымі днямі ў полі, з думкамі пра ўраджай. Бадай, толькі ўзімку мае кароткі “перакур”. Мы разлічваем на дапамогу Міхаіла Станіслававіча яшчэ на многія гады!
Расчулены юбіляр усхвалявана прыціскае да грудзей чырвоныя ружы. На маршчыністым твары — няпрошаная слязінка, якую Міхаіл Станіслававіч стараецца непрыкметна змахнуць натруджанай далонню:
— Дарагія мае калегі! Дзякуй вам за цёплыя словы і падарунак. Ці мог я калісьці падумаць, што свой юбілей я буду сустракаць на працы сярод верных таварышаў і сяброў, якія за столькі гадоў даўно сталі мне бліжэй за родных людзей?! Ды, відаць, маю нейкую спагаду ад лёсу, што дараваў мне магчымасць не “закісаць” на пенсіі, а назіраць, як мяняюцца сенажаці і пашы ў розныя поры года, як каласіцца рунь, як сыплецца збожжа ў засекі і як водарна пахне хлеб з новай мукі, толькі што вынуты з печы… Я за свае 50 гадоў працы ў сельскай гаспадарцы ніколі не пашкадаваў, што выбраў прафесію агранома. Здаецца, лірыкі тут мала: вясной сеем, летам нарыхтоўваем кармы, восенню збіраем ураджай, зімою адпачываем. Аднак, гэта і ёсць жыццё. Не паверыце: марыў стаць лётчыкам, а згадзіўся на зямлі… Час мяняе многае: тэхніку, падыходы да вырошчвання і апрацоўкі раслін… Нязменнай застаецца прафесія хлебароба — самая неўміручая і патрэбная на зямлі.
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.