Ці ўмеем адпачываць на прыродзе?

Ці ўмеем адпачываць на прыродзе?

Ужо гады два, як урочышча Непакойчыцы стала зручным кутком адпачынку: сабраны і вывезены кучы ламачча і смецця, падсыпана дарога, адносны парадак наведзены на старажытных могілках, і там і сям пастаўлены столікі і лаўкі, абазначаны месцы для распальвання турысцкіх ды рыбацкіх вогнішчаў. Шмат хто прыняў удзел у добраўпарадкаванні, адгукнуўся на ініцыятыву раённай прыродаахоўнай інспекцыі: працоўныя калектывы, у асноўным будаўнічыя, школы, аматары прыроды і гісторыі… Той акурат, хто прыклаў добрыя рукі, ідзе і едзе сюды не толькі з поўным правам, але і адказнасцю: ён не стане смяціць, наадварот, падтрымае парадак. Пераконваешся ў гэтым зноў і зноў.
А як тут паводзяць сябе астатнія? Далёка не ўсе цэняць працу энтузіястаў, шануюць прыроду і гістарычную памяць. Нягледзячы на аншлагі-напамінкі, расстаўленыя скрозь, многія і рыбакі, і турысты, і аматары “вясёлага” адпачынку (гэтыя, бадай, у першую чаргу) пакідаюць пасля сябе бутэлькі, пластыкавыя пакеты ды іншы хлам (гл. здымак). Добра, калі яшчэ скінуць у адну кучку, нярэдка ж проста параскідваюць вакол сябе. Патрэбнасць у кантэйнерах, пра якія павінен паклапаціцца райжылкамунгас, відавочная, але ці толькі імі вырашыцца праблема культуры паводзін людзей?
Кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў ёсць, напрыклад, на пляжах каля возера Візжар і ракі Мухавец. Аднак і па-за імі смецця хапае, асабліва крыху далей ад іх, пад дрэвамі і кустамі. Цяжка, бачыце, два-тры дзясяткі крокаў ступіць! А хіба складана тым, хто прыязджае адпачываць на машынах, сабраць рэшткі ўзятага з сабою ў мяшок і адвезці на кантэйнерную пляцоўку дзе-небудзь па дарозе? Пытанне, як кажуць, рытарычнае.
У фотакамеры Сяргея Штыка нямала іншых здымкаў з мясцін адпачынку, у тым ліку абсталяваных. Галоўны дзяржаўны інспектар аховы навакольнага асяроддзя раёна рабіў іх каля сутоку рэк Мухавец і Жабінка, у здзітаўскім лесе, ва ўрочышчы Мыто і інш. Яны амаль аднатыпныя, аднаго і таго ж “пейзажу”: смецце, смецце, смецце… “Перабольшвае, утрыруе!” — скажа нехта. Не сакрэт, цягам апошніх гадоў значна чысцей і ўтульней стала і там, дзе жывем, і там, дзе адпачываем. Гэта азначае, што адносіны людзей мяняюцца. Скажам, у час апошняй паездкі з інспектарам мы спыніліся каля кутка адпачынку паблізу Здзітава. Там сядзела купка мужчын, ажыўлена размаўляла, потым спакойна сустрэла “праверку”. Да іх не было ніякіх прэтэнзій: яны і аўтамашыну паставілі ў належнай адлегласці ад ракі, і вакол застолля навялі парадак.
Але каб жа заўсёды было так! Таму і завастраю пытанне: а колькі яшчэ нам трэба часу (гадоў, стагоддзяў?), каб прывучыць сябе па-сапраўднаму — па-культурнаму — сужывацца з прыродай-матухнай, выпрацаваць павагу і самапавагу?..
Алесь КАСКО.
Фота Сяргея Штыка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top