Гасцяваў паэт на семінары

Гасцяваў паэт на семінары

“Такой эмацыйнай вучобы, відаць, у вас яшчэ ніколі не было”, — заўважыў начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама А.А.Старыцкі, звяртаючыся да бібліятэкараў раёна, што 26 ліпеня сабраліся на чарговы семінар “На бібліятэчнай арбіце”. І не дзіва, бо ў гасцях у сяброў кнігі пабываў пісьменнік з Брэста, журналіст, член рэспубліканскай прапагандысцкай групы Уладзімір Мікалаевіч Сітуха.
— У вершах — маё жыццё, — разважаў паэт, — яны — маё ўспрыманне рэчаіснасці, водгук на змены ў краіне, свеце і ў самім сабе. Гэта сродак данесці думкі, адчуванні ёміста і выразна.
Пачынаў ён сваім магутным голасам, якім прывык звяртацца да вялікай аўдыторыі, вершам “Сустрэча з маці”, прысвечаным самаму роднаму чалавеку на зямлі, здольнаму нават здалёк адчуваць болі-беды сваіх, нават пасівелых дзяцей. Затым былі творы, прачытаныя на памяць, пра малую і вялікую радзіму; лірычныя вершы, што, бясспрэчна, кранулі жаночыя сэрцы; дасціпныя і вясёлыя (нярэдка, зноў жа, у вершаванай форме) адказы на шматлікія пытанні.
Слухачоў цікавіла, адкуль Сітухавы вытокі, калі прачнулася прага да паэзіі, хто на той дарозе дапамог, як вандраваў па свеце, ці спяваюцца ягоныя вершы?
Уладзімір Мікалаевіч адказваў, не рабіў таямніцы. У соты раз прызнаваўся ў любові да роднай вёскі Гутава Драгічынскага раёна і працавітых аднавяскоўцаў, якім прысвяціў шматлікія паэтычныя радкі і апошнюю па часе кнігу “Землякі”. Першы верш надрукаваў у шостым класе. Вучыўся ў БДУ на факультэце журналістыкі. У прафесіі і зараз, працуе ў абласной газеце “Народная трыбуна”. Паверыць у свае паэтычныя сілы Уладзіміру Мікалаевічу дапамог паэт-зямляк Мікола Федзюковіч, іншыя, з кім пашчасціла ў жыцці сустрэцца.
— Як быў малады, думаў: абы толькі бацькі адчапіліся са сваімі парадамі! А як сам пасталеў — да старых на злом галавы бягу, каб нарэшце розуму навучылі, — весела прызнаўся пісьменнік. — Калясіў нямала па свеце, калі вяртаюся, бы з выраю, дамоў, разумею сэнс песенных радкоў: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”.
Ягоныя вершы таксама натхняюць кампазітараў, і сам У.М.Сітуха любіць выконваць на гармоніку.
Знаёмствы з людзьмі і мясцінамі дазваляе пашыраць паэтычнае кола. Непаўторныя ўражанні ад паломніцтваў у Святыя землі: Віфліем, Валаам, Салаўкі.
— Храм кожны з нас узводзіць у душы, вытокі шчаслівага натхнення — адтуль, — перакананы ў біблейскай мудрасці Уладзімір Мікалаевіч. — Як інакш патлумачыць, што паэма “Аб веры, вернасці і вечнасці” нарадзілася ў адну ноч у вандроўцы па дзівосных Салавецкіх астравах?
Асобная тэма ў творчасці Уладзіміра Сітухі — прысвячэнні вядомым асобам. Верш-прысвячэнне старшыні аблвыканкама К.Сумару аўтар прачытаў з кнігі “Стваральнікі”, якую падараваў бібліятэкарам і чытачам Жабінкаўшчыны.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: намеснік дырэктара ЦБС Галіна Хандрыка прымае ў дар ад паэта Уладзіміра Сітухі кнігу “Стваральнікі”.
Здымак аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top