Сегодня — День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности агропромышленного комплекса

Сегодня — День работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности агропромышленного комплекса

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК выпадае на канец восені, калі амаль усе палявыя работы завершаны і можна падвесці вынікі чарговага сельскагаспадарчага сезона. З якімі паказчыкамі сустракаюць сваё прафесійнае свята працаўнікі фермаў і палёў, чым можна ганарыцца, расказвае начальнік райсельгасхарчу Аляксандр Кучынскі.
— У цэлым сёлета раён спрацаваў нядрэнна — некаторыя паказчыкі вышэйшыя, чым летась, нягледзячы на тое, што надвор’е не заўжды радавала. Напрыклад, ураджайнасць зерневых і зернебабовых склала 42,3 цэнтнера з гектара, а гэта вышэй за сярэднеабласны паказчык на 2,8 ц/га. Змаглі павялічыць раённы каравай на пяць тысяч тон збожжа. Уборачная кампанія патрабавала значных фізічных і маральных высілкаў, аднак прайшла зладжана і без зрываў. Зменлівае надвор’е ў чарговы раз паказала, што не ўсё залежыць ад нашых намаганняў, аднак для атрымання добрага ўраджаю было зроблена ўсё магчымае. У гэтым вялікая заслуга рупліўцаў сельгасарганізацый раёна. На ўборцы сёлета працавалі 57 экіпажаў камбайнераў, уключаючы ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, з якіх 17 намалацілі тысячу і болей тон збожжа. Дарэчы, названае таварыства ўнесла значны ўклад на сёлетнім жніве. Так, на базе прадпрыемства праводзіўся рамонт зернеўборачных камбайнаў, была арганізавана бесперабойная пастаўка неабходных запчастак. Сельгастэхніка таксама дапамагала сваім транспартам дастаўляць збожжа на прыёмныя пункты і вывозіць салому з палёў. Раён выканаў дзяржзаказ па зерні пшаніцы, азімага жыта, ячменю, аўса, проса, піваваранаму ячменю.
Пераможцамі раённага спаборніц-тва на жніве сёлета сталі працоўныя калектывы ААТ “Хмелева”, “Вазня-сенскі” і “Арэпічы”. Цяпер актыўна рыхтуецца глеба пад сяўбу зерневых ураджаю 2021 года.
Завяршаецца ўборка кукурузы на зерне і цукровых буракоў, бульбу выкапалі ў верасні. Вырошчваннем “другога хлеба” ў раёне займаюцца дзве гаспадаркі — ААТ “Арэпічы” і “Хмелева”. Іх прадукцыю, дарэчы, жабінкаўцы маглі набыць на восеньскіх кірмашах, што ладзіліся ў Жабінцы.
Сёлета парадавала “каралева палёў” — кукуруза, пад якую было адведзена 6400 гектараў плошчаў. З яе змаглі залажыць больш за 170 тысяч тон сіласу на корм грамадскаму статку. Прынамсі, нарыхтавалі 30,78 цэнтнера кармавых адзінак на адну умоўную галаву — гэта +5,3 да папярэдняга года.
Выдатны ўраджай цукровых буракоў у ААТ “Вазнясенскі” і “Жабінкаўскі” — звыш 800 цэнтнераў з гектара, а ў цэлым па раёне гэты паказчык крыху болей за 500. Пад заслону адыходзячага сельскагаспадарчага года бацвінне “салодкай” культуры ўзялося ў рост пасля дажджоў і сонечнага вераснёўскага надвор’я, што негатыўна сказалася на ўтрыманні цукру ў караняплодах.
Выдатных паказчыкаў удалося дасягнуць сёлета ў жывёлагадоўлі. Так, за 10 месяцаў бягучага года валавая вытворчасць малака склала 60,4 тысячы тон, а гэта 107 % да ўзроўню мінулага года. Прадукцыйнасць кароў са студзеня па кастрычнік склала 6170 кілаграмаў (+378 кг да ўзроўню 2019-га). А ў ААТ “Рагазнянскі” і “Вазнясенскі” яна і таго большая — 8176 і 7461 кілаграм адпаведна. Па выніках года плануецца надаіць на фермах раёна 72 тысячы тон малака. Палепшылася яго якасць — на перапрацоўку адпраўляецца гатункам “экстра” і вышэйшым 99,5 % (+3,4 % да мінулагодняга ўзроўню). Вырашчана 6110 тон ялавічыны (159,7 % да 2019 года) і 2083 тоны свініны. У сярэднім цяляты на дарошчванні і адкорме папраўляюцца на 732 грамы (У ААТ “Вазнясенскі” і “Рагазнянскі” — 792 і 860 грамаў адпаведна).
Думаецца, па многіх паказчыках наш раён будзе ў ліку лідараў абласных спаборніцтваў. Мы і далей будзем шліфаваць тэхналагічня працэсы да ідэалу, прымяняць новыя методыкі і тэхналогіі.
Напярэдадні прафесійнага свята жадаю рупліўцам фермаў і палёў, а таксама перапрацоўчых прадпрыемстваў цярпення, настойлівасці, поспехаў у іх нялёгкай працы, каб у сям’і панавалі здароўе, згода і дабрабыт!
Святлана БЯЛЯК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro