Ніна КАЛЫБСКАЯ: “Выслухоўвайце людзей, даносьце нашу пазіцыю”

Ніна КАЛЫБСКАЯ: “Выслухоўвайце людзей, даносьце нашу пазіцыю”

У чацвер, 22 кастрычніка, у памяшканні кінатэатра “Юбілейны” сабраліся больш за шэсць дзясяткаў сяброў Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, каб абмеркаваць сітуацыю ў раёне і краіне, агучыць задачы, якія патрэбна вырашаць у блізкай перспектыве.

Разам — супраць пандэміі

З дакладам выступіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская. Найперш Ніна Уладзіміраўна спынілася на няпростай эпідэмічнай сітуацыі, якая абвострылася з надыходам восені.
Дзейсную дапамогу ў барацьбе з кавідам аказваюць касы ўзаемадапамогі, арганізаваныя прафсаюзамі ў кожным горадзе і раёне. На сённяшні дзень па краіне з іх выдаткавана для набыцця сродкаў дэзынфекцыі, непасрэднай дапамогі людзям больш за 14 мільёнаў. Не стаяць, вядома, убаку і жабінкаўцы. Тыя 1600 рублёў, што ёсць цяпер у касе ўзаемадапамогі нашага раёна, прафсаюзны лідар прапануе перадаць цэнтру гігіены і эпідэміялогіі на пакупку генератара халоднага туману.
Не менш важнае пытанне — дзейнасць Фонду дапамогі медыкам, створанага з ініцыятывы ФПБ для падтрымкі тых, хто літаральна апынуўся на перадавой барацьбы з каранавірусам. Ніна Уладзіміраўна шчыра па-дзякавала ўсім, хто пасадзейнічаў сваімі сродкамі ў гэтай высакароднай справе, паколькі ў фарміраванні Фонду ўдзельнічалі не толькі галіновыя прафсаюзныя арганізацыі, але і радавыя сябры. Ніна Калыбская агучыла некалькі яскравых лічбаў, якія сведчаць пра ўзровень фінансавай дапамогі. Так, у красавіку-верасні ФПБ накіравала ў Фонд каля 450 тысяч рублёў, галіновы прафсаюз аховы здароўя — больш за 700 тысяч. Яшчэ 120 тысяч рублёў запланавана выдаткаваць у гэтым месяцы.
Пандэмія па-ранейшаму ўплывае на эканоміку. Таму ў пачатку верасня Федэрацыя прафсаюзаў накіравала ўраду прапановы, каб падтрымаць асобныя галіны і непасрэдна лю-дзей у гэтых няпростых умовах. Ініцыятыва знайшла разуменне па шэрагу пазіцый. Прынамсі, пра выдаткаванне дадатковых сродкаў транспарту агульнага карыстання, дазвол будаўнікам карыстацца зарэзерваванымі сродкамі. Цяпер наймальнік мае магчымасць аплачваць водпуск работнікам, якія з’яўляюцца кантактамі другога ўзроўню, і ствараць на прадпрыемствах “залатую змену” для забеспячэння бесперабойнай працы. Акрамя таго, падтрымана прафсаюзная прапанова аб прадастаўленні работнікам за кошт наймальніка выхадных да пяці дзён за год з прычыны дрэннага адчування без афармлення бальнічнага.

Люстэрка адносінаў паміж работнікам і наймальнікам

Такім люстэркам вобразна можна лічыць калектыўны дагавор, які нярэдка з’яўляецца для людзей галоўнай матывацыяй, каб заставацца ў прафсаюзнай арганізацыі. Бо кожны, уступаючы ў прафаб’яднанне, воляй-няволяй задаецца пытаннем: “Што я буду мець у практычным плане?” Дакладчык заўважыла, што менавіта калектыўны дагавор, дадатковыя гарантыі, прапісаныя ў ім, адстойвае перад наймальнікам прафсаюз, а таму і распаўсюджваецца ён на сябраў арганізацыі. Пагэтаму вельмі ўзважана патрэбна падумаць, ці варта спыняць членства ў прафесійным саюзе.
Ніна Уладзіміраўна заклікала калег аператыўна даводзіць пазіцыю ФПБ да кожнага працаўніка, “размаўляць з імі, разумеючы, што яны не чужыя”, пераконваць, каб яны заставаліся ў прафсаюзах, здольных аказваць кожнаму чалавеку дапамогу.
— Сустракайцеся з працоўнымі калектывамі, — даводзіла Ніна Калыбская, — выслухоўвайце людзей, даносьце нашу агульную пазіцыю. А яна абсалютна прагматычная і прыземленая: прафсаюзы выступалі і зараз выступаюць за тое, каб захаваць рабочыя месцы і развіваць вытворчасці. Прафесійныя саюзы гавораць пра тое, што краіна павінна зберагаць усе тыя сацыяльныя гарантыі, якія ёсць сёння.
Дакладчыка падтрымала намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына, якая прысутнічала на сходзе ў якасці запрошанай.
На нарадзе таксама бралі слова старшыня прафкама раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Іна Байцун і старшыня прафкама ААТ «Рагазнянскі», грамадскі інспектар па ахове працы раённага аб’яднання прафсаюзаў Жанн Трафімук.

На асноўных напрамках дзейнасці

Прафсаюзы заключылі пагадненні з шэрагам дзяржаўных органаў па асноўных напрамках працы. У іх ліку — занятасць, заробак, цэны, ахова працы. Заўважым, што сярэднямесячная зарплата ў раёне за студзень-жнівень склала 953 рублі (тэмп росту да аналагічнага мінулагодняга перыяду — 112,6 працэнта). Што тычыцца арганізацыі дзейнасці па ахове працы, то на Жабінкаўшчыне штогод працуе рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі ФПБ. Сёлета яна наведала 17 прадпрыемстваў, усе выяўленыя пры гэтым парушэнні заканадаўства былі абагульнены і накіраваны для аналізу ды ўстранення.
Што надзвычай непакоіць (дарэчы, пра тое ж гаварыла на прафсаюзным сходзе і намеснік пракурора раёна Алена Сідарук) — гэта павелічэнне траўматызму: год яшчэ не завяршыўся, але прынёс ужо сумны антырэкорд — пяць цяжкіх няшчасных выпадкаў на вытворчасці.
Асобна дакладчык спынілася на маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары, які вось ужо тры гады ладзяць прафсаюзы. Апошнім часам тэма актыўна абмяркоўваецца і сярод простых людзей, і ў высокіх кабінетах. Аналіз за гэты месяц засведчыў: цэны ў параўнанні з вераснем 2019 года павялічыліся на муку, макароны, бабовыя, рыс, грэчку, аўсяныя крупы, алеі, не падаражалі агародніна і цукар.
Акрамя таго, як нагадала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, у ФПБ 110 аб’ектаў уласнасці: гасцініцы, санаторыі (у тым ліку наш “Буг”), базы адпачынку ды іншае. Нават у лепшыя гады асенне-зімні перыяд — дастаткова складаны для іх час. А сёлета ў сувязі з пандэміяй стала яшчэ цяжэй: санаторыі губляюць прыкладна палову сваіх кліентаў. Таму Ніна Уладзіміраўна заклікала прысутных арганізаваць работу па санаторным аздараўленні, правядзенні экскурсій праз “Брэсттурыст” для сяброў сваіх прафсаюзаў.

Аб зменах у Канстытуцыю

Яшчэ адно актуальнае пытанне ўзнімалася на нарадзе. Гаворку аб прапановах, якія можна ўносіць для зменаў Асноўнага закона краіны, вяла не толькі дакладчык, але й старшыня райсавета, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Шалтанюк.
На сённяшні дзень створаны розныя дыялогавыя пляцоўкі, дзе абмяркоўваюцца пытанні па асобных блоках і накірунках. У Федэрацыі прафсаюзаў маецца свая падобная, на якой таксама ідзе актыўнае абмеркаванне. У раённае аб’яднанне прафсаюзаў паступілі дзве прапановы для ўнясення ў Канстытуцыю: абавязковае прадастаўленне ўсім маладым работнікам першага працоўнага месца; замацаванне на ўзроўні Асноўнага закона агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы БЯЛЯК

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top